«Народная Воля» пацікавілася, якія шанцы ў грамадзянскай ініцыятывы па адмене закона «Аб масавых мерапрыемствах».

Нагадаем: ініцыятыва, у якую ўваходзяць звычайныя грамадзяне Беларусі, прапануе цалкам адмяніць закон «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за яго парушэнне, бо «цяпер людзі абмежаваны ў праве
мець свае думкі, перакананні і свабодна іх выказваць».

Рэалізацыя праекта прадугледжвае некалькі крокаў. Першы – фарміраванне ініцыятыўнай групы, якая будзе збіраць подпісы. Далей – падача дакументаў у Цэнтрвыбаркам для атрымання афіцыйнага статусу. Пасля гэтага – збор 50 тысяч подпісаў, падача законапраекта ў парламент і праца з дэпутатамі па прыняцці закона.

– На гэты момант мы знаходзімся на пачатку шляху, – тлумачыць «Народнай Волі» сябра ініцыятыўнай групы Вольга БЕЛЯЎЦОВА. – Склад ініцыятыўнай групы сфарміраваны, але ўзніклі пытанні па ўзгадненні ўстаноўчага сходу. Мне падаецца, што гэта будзе вырашана.

Закон «Аб масавых мерапрыемствах», як нам падаецца, груба парушае права на свабоду меркаванняў і перакананняў, і мы бачым, што сёння ў краіне творыцца. Цяпер выхад на вуліцу пагражае не толькі адміністрацыйнай адказнасцю, але затым можа быць і крымінальная. І пра гэта патрэбна не толькі заяўляць, а крычаць на ўвесь голас!

– Вы верыце ў нейкі рэальны вынік?

– Натуральна, я не асабліва веру ў тое, што той склад парламента, які сёння ёсць, пачуе нас і адразу адменіць закон «Аб масавых мерапрыемствах». Але, калі нам дазволяць правесці сход і падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам, то нейкі працэс ужо будзе адбывацца.

Пасля збору подпісаў маем права падаць законапраект у парламент, і прадстаўнікі ініцыятывы могуць атрымаць трыбуну ў парламенце.

Магчыма, мяне назавуць вялікім аптымістам, але думаю, што нават такое магчыма. Мой асабісты досвед гаворыць: нярэдка тое, што падаецца немагчымым на старце, аказваецца рэальнасцю ў выніку. Ніхто ж дакладна не ведае, як будуць разгортвацца падзеі праз паўгода ці праз год. Таму тое, што забаронена сёння, заўтра могуць адмяніць. У гэтым накірунку і трэба нешта рабіць, пад ляжачы камень вада не цячэ.

– Колькі кандыдатаў пагадзіліся збіраць подпісы?

– На сённяшні дзень у спісе каля 250 чалавек. Паводле заканадаўства, павінна быць як мінімум 100 чалавек, таму ў нас – з запасам.

Як ужо казала, зараз для нас галоўнае пытанне – араганізаваць устаноўчы сход згодна з заканадаўствам.

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: