Ігар Барысаў і Нікаля дэ Буян дэ Лакост

3 чэрвеня 2021 года Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Буян дэ Лакост сустрэўся са старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігарам Барысавым.

«Сустрэча была прысвечана палітычным і сацыяльным пытанням, у прыватнасці дзейнасці партыі ў кантэксце поствыбарнага крызісу», – распавялі ў французскай амбасадзе.

«Народная Воля» пацікавілася закуліснымі падрабязнасцямі размовы.

– Для мяне гэта было знаёмства з Надзвычайным і Паўнамоцнам Амбасадарам Францыі, – распавёў «Народнай Волі» Ігар Барысаў. – Сустрэча атрымалася даволі цёплай і цікавай. Мы размаўлялі і на французскай, і на беларускай мовах. Праўда, французскую я амаль забыў, а вось французскі амбасадар паставіў сабе на мэту канчаткова вывучыць беларускую на працягу бліжэйшага паўгода. І ён, між іншым, вельмі добра практыкуецца! Таму я сябе адчуваў вельмі ўтульна – размаўляў на беларускай мове, і Нікаля дэ Лакост цалкам мяне разумеў і падтрымліваў размову: адказваў мне на беларускай мове з элементамі рускай. А яшчэ, дарэчы, пасол Францыі ведае польскую мову, бо доўгі час жыў і вучыўся ў Польшчы.

Мы размаўлялі пра бягучую сітуацыю ў Беларусі, дзяліліся ўражаннямі, шукалі магчымыя шляхі выхаду, меркавалі, якія сцэнарыі могуць быць верагоднымі ў бліжэйшы час.

Нікаля дэ Буян дэ Лакост – вельмі абазнаны чалавек, ён доўгі час працаваў у Расіі, разумее сутнасць рускага менталітэту, выдатна ведае польскія настроі, бо застаў часы змен і трыумфу «Салідарнасці». Яму ёсць з чым параўнаць і супаставіць беларускую сітуацыю.

На мой погляд, ён даволі дакладна адчувае тое, што адбываецца цяпер ў Беларусі. Французскі дыпламат разумее, што вельмі многія сёння выступаюць супраць дзеючай улады, але разам з тым не ясна, за што канкрэтна гэтыя людзі выступаюць. Пакуль адказу на гэтае пытанне няма. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года некаторыя палітычныя арганізацыі засталіся крыху ўбаку ад усіх працэсаў, праймерыз не атрымаўся… А можа, яно і добра, што з’явіліся новыя лідары і асобы, на якіх адгукнуўся народ. Тым не менш сёння трэба ўсім ведаць, што прапануецца грамадству. І калі мяняць лад жыцця краіны, то ўсе мусяць разумець, якія рэформы плануецца праводзіць, ад чаго трэба пазбаўляцца, а што захаваць. Бо ў любым выпадку будуць незадаволеныя. Пра гэтыя рэчы мы таксама размаўлялі.

На жаль, новы французскі амбасадар не здолеў адчуць ту атмасферу, якая панавала на працягу першых трох месяцаў пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, бо ён прыехаў пазней.

Наша сустрэча прайшла за кубкам добрай кавы, размова была каля паўтары гадзіны. Выйшаў я задаволены – у спадара Нікаля дэ Лакоста добрае пачуццё гумару і крытычнае стаўленне да інфармацыі, якую ён атрымлівае з розных крыніц. Ён супастаўляе інфармацыю, аналізуе і задае вельмі вострыя пытанні, каб адначасова і прамацаць суразмоўцу, і паспрабаваць знайсці адказы, бо сёння на шмат якія пытанні ніхто не можа адказаць, мы можам толькі разважаць і будаваць версіі. Але размова была вельмі цікавая!

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»