Сыну даверанай асобы Ціханоўскай пагражае 3 гады зняволення
Дзмітрый Канеўскі ў судзе. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ

У Гомельскім абласным судзе 15 чэрвеня адбыліся спрэчкі ў крымінальнай справе Дзмітрыя Канеўскага, абвінавачанага ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варажнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці – паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу.

У снежні мінулага года 26-гадовы гамяльчук змясціў допіс у мясцовым тэлеграм-чаце, у якім зняважліва выказаўся на адрас сілавікоў і заклікаў «забіваць супрацоўнікаў АМАП і іх сем’і».

Дзяржабвінаваўца з пракуратуры Віталь Асадчы падчас судовых спрэчак прапанаваў пакараць Канеўскага трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
З такой пазіцыяй катэгарычна не пагадзілася адвакатка Канеўскага Алена Грыбок. Яна звярнула ўвагу суда на пабуджальныя матывы змешчанага Дзмітрыем допісу.

Дзмітрый даведаўся, што яго сябра з Ліды, з якім ён служыў у войску, забіў АМАП. Хлопец патэлефанаваў знаёмай – тая таксама чула пра трагедыю (насамрэч сябар быў жывы). Да таго ж маці Дзмітрыя Таццяна Канеўская, давераная асоба Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах, на той час ужо чатыры месяцы знаходзілася ў СІЗА як падазраваная ў арганізацыі масавых беспарадкаў і захопу ў Гомелі адміністрацыйных будынкаў (у мае асуджана на 6 гадоў зняволення). Будучы нападпітку, Дзмітрый і напісаў каментар: «Гарыце ў пекле…» – і ўсё ў такім жа духу.

«Ён не збіраўся помсціць, не збіраўся нікому прычыняць шкоду. Ён пісаў, бо быў у вялікай ступені эмацыйнага ўзрушэння… Бо яны «забралі маю маці, а цяпер забілі сябра». Дзмітрый абсалютна паверыў у тую інфармацыю, якую яму паведамілі – што сябра забілі. Каб ён не давяраў гэтай інфармацыі, то ён бы нічога не пісаў. Гэта быў эмацыйны парыў і набор агульных словаў, нягледзячы на наяўнасць заключэння экспертаў, што яго каментар прызнаны экстрэмісцкім», – зазначыла Грыбок.

Адвакатка пераканана, што ў дзеяннях яе падабароннага няма складу злачынства. Прынамсі, следства не высвятляла субʼектыўны бок інкрымінаванага злачынства, задаволіўшыся тым, што ў допісе прысутнічаюць яго прыкметы, агавораныя ў ч.1, арт.130 Крымінальнага кодэкса.

Не пагадзілася Грыбок і з прапанаваным дзяржабвінаваўцам відам пакарання, найбольш суворым у тым шэрагу, які ўтрымлівае інкрымінаваны Канеўскаму вышэйзгаданы артыкул. Тым больш, што Дзмітрый не адмаўляў і не хаваў свайго аўтарства допісу ў тэлеграм-чаце. Адзінае, з чым ён не пагаджаўся, дык гэта з мэтанакіраваным намерам на распальванне сацыяльнай ці любой іншай варожасці.

На судзе прысутнічалі бацька і два браты Дзмітрыя. У прыватнасці, Аляксей Канеўскі лічыць, што мера пакарання, якую прапанаваў прадстаўнік пракуратуры, наўрад ці адлюстроўвае яго асабісты пункт гледжання як юрыста.

«Ён гаварыў і вачэй не падымаў. Ніякую варажнечу брат не збіраўся распальваць. Гэта глупства», – сказаў журналісту «Народнай Волі» Аляксей.

Праз два дні Дзмітрый Канеўскі выступіць у судзе з апошнім словам, пасля чаго суддзя Раман Царук, які разглядае крымінальную справу, агучыць свой вырак.

На здымку: Дзмітрый Канеўскі ў судзе. Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: