Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

34-гадовая мінчанка здала кватэру памочніцы пракурора аднаго са сталічных раёнаў, а потым запатрабавала пакінуць жытло. Пракуратура ўзбудзіла супраць гаспадыні крымінальную справу, бо яна «жадала парушыць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянкі выключна ў сувязі з яе пасадай». Жанчына можа быць пакарана пазбаўленнем волі на два гады.

Перш чым пакласці думкі на паперу,
Я агаворку гэткую зраблю:
Калі ты маеш дом або кватэру,
Дык можаш звацца кумам каралю!
Загадваць не дазволена нікому,
Як скарыстоўваць можаш ты жытло:
Захочаш – жаніхоў вадзі дадому
(Абы суседзям кепска не было,
Таму табе шумець патрэбна ў меру,
Каб скардзіцца суседзі не пайшлі);
Захочаш – у арэнду здай кватэру,
Каб мець зусім не лішнія рублі;
Захочаш – дык скасуй дамову потым,
Як арандатар твой не па нутру, –
Няхай начуе, так сказаць, пад плотам
Або к другому йдзе гаспадару.
Прынамсі, гэтак думалі мы ўчора.
А сёння ўжо расклад зусім другі.
Памочніца самога пракурора
Уласнікам «уставіла мазгі».
У горадзе памочніца здымала
Кватэру – дазваляў яе бюджэт.
Плаціла гаспадыні (і нямала),
І ўсё было, здавалася, як след.
Ды раптам не паладзілі жанчыны.
Адна з іх паказала на парог:
– Сыходзь з маёй кватэры!
А прычыны
Нам потым пракурор агучыць змог:
Маўляў, службістка
Выступала ярка,
Калі ў судах судзілі бунтароў,
А гаспадыня (бо сама бунтарка)
Рашыла сапсаваць, як кажуць, кроў –

Жытла яе пазбавіла за гэта.
Памочніцы парушаны правы!
«Хадзіцьме пад артыкулам» кабета,
Хоць быў дасюль артыкул «нежывы».
Вядома, гаспадыня цяпне гора –
Яе «гуманны суд» сагне ў дугу.
Памочніцу ж, самога пракурора
Я зразумець, па праўдзе, не магу.
Кватэр цяпер здаецца да халеры,
Удостатку свабоднага жытла.
Ці ж маладзіца іншае кватэры
Знайсці без шуму-гаму не магла?
Магла. Але, як кажуць, стала ў позу:
Ды я, маўляў, амаль што пракурор,
Мяне ўспрымаць патрэбна як пагрозу –
Такі ў грамадстве зараз каленкор;
І ты пасмела выкінуць з кватэры
Мяне, як бульбы прэлае мяшок, –
Нахабна паказала мне на дзверы?
Ды я цябе сатру на парашок!
Кашмарны сон пабачыш ты наяве,
Калі цябе раструшчу, як арэх!
Памочніца, вядома, неўзабаве
Падтрымку атрымала ад калег.
Яны ўзбудзілі справу…
***
Мне цікава:
Калі Феміда ў нас для ўсіх адна,
Дык ці была б узбуджаная справа,
Каб працавала швачкаю яна?

А курыць можна…

– Ты, хлопчык, вельмі некультурны:
Акурак кінуў міма урны,
І ён прахожым вочы коле.
Чаму вас вучаць толькі ў школе?

Пра сон

Пачуў я ад жанчыны маладой:
– Заўжды любіла спаць на жываце:
Ніхто не парушае твой спакой,
І бюст высокі грудзі не гняце.
Цяжарнай стала – спала на баку.
Так правяла я ночку не адну.
Нарэшце нарадзіла я дачку.

Цяпер, бадай, і стоячы засну…

На дыеце

Не спалася ноччу ад нейкай нуды,
Мой розум вярэдзіла думак лавіна.
Пайшоў я на кухню, каб выпіць вады,
А там на дыеце сядзіць «палавіна»…

Паспела расказаць

Мужчына робіць спробу памірыцца,
Аднак яму пярэчыць маладзіца:
– Я не магу, бо ўсім, хто навакол,
Паспела расказаць, што ты – казёл…

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»