Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

У судзе над Бабарыкам рыхтуюцца да спрэчак.

У судзе па справе «Белгазпрамбанка», адзін з фігурантаў якой – палітвязень Віктар Бабарыка, абвешчаны перапынак да 21 чэрвеня.

Сёння скончылася судовае следства, на падрыхтоўку да спрэчак суд даў больш за тыдзень. Чакаецца, што з апошнім словам у судзе выступіць Віктар Бабарыка. У спрэчках сваю пазіцыю прадставіць абарона.

– Гэтае абвінавачанне, якое зачытвалі шмат дзён, мы яго перакладзём на чалавечую мову і простымі словамі растлумачым, пра што яно і чаму яно не мае падстаў пад сабой, – сказаў «Народнай Волі» адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі. – Працэсуальна гэта першая, адзіная і самая грунтоўная магчымасць для таго, каб гэта зрабіць.

Калі не будзе штучных перашкод, то абаронцы плануюць падчас перапынку сустрэцца з Віктарам Бабарыкам у СІЗА КДБ, «хоць гэта было і застаецца вельмі складаным».

– У СІЗА КДБ фактычна за адзін працоўны дзень могуць трапіць да сваіх падабаронных 4–5 адвакатаў. І гэта пры ўмове, што кожны будзе размаўляць не больш за 1,5–2 гадзіны. Як правіла, гэтага часу недастаткова, каб выпрацаваць сумесную пазіцыю. Падчас следства гэта патрабавала вялікіх намаганняў, – кажа адвакат.

Абароне не дазволілі рабіць копіі матэрыялаў справы, якая мае 122 тамы, а дазволілі толькі рабіць выпіскі.

– Нягледзячы на гэта, для абгрунтавання пазіцыі ў нас ужо абсалютна дастаткова інфармацыі. Проста дачакайцеся 21 чэрвеня.

Не задаволены шэраг хадайніцтваў абароны Бабарыкі

Суд адмовіўся задаволіць шэраг хадайніцтваў абароны, у тым ліку – пра змену меры стрымання на хатні арышт, пра адмену арышту маёмасці Віктара Бабарыкі, пра выклік у суд у якасці сведак двух грамадзян Латвіі.

– Канечне, мы не можам пагадзіцца з тым, што хадайніцтвы не задаволены. Былі падставы для таго, каб змяніць меру стрымання і адмяніць арышт на маёмасць, – кажа адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Змяніць меру стрымання абарона прасіла суд ужо трэці раз. Раней пракуратура пярэчыла: маўляў, не прыйшоў час разглядаць гэтае пытанне, бо даследаваны не ўсе доказы.

– То цяпер усе доказы даследаваны, якія яны хацелі і маглі прапанаваць суду. Але суд сказаў, што ў хадайніцтве адмоўлена, а прычыну не назваў. Калі мы абгрунтавалі пытанне, то нам павінны былі абгрунтаваць і адмову. Але гэтага не адбылося, – кажа Дзмітрый Лаеўскі.

Адвакат таксама трэці раз заявіў хадайніцтва, каб у судзе дапыталі ў якасці сведак грамадзян Латвіі Аляксандра Растоўса і Аляксея Сцяпанаўса, якія згадваюцца ў абвінавачанні як кіраўнікі нібыта падкантрольных Бабарыку замежных кампаній. Падчас судовага следства гэтых сведак не дапыталі. Суд сёння зноў адхіліў хадайніцтва абароны.

– Даволі вялікі аб’ём абвінавачання завязаны на гэтых грамадзянах Латвіі. А рэальна ніхто не спрабаваў іх выклікаць ні падчас следства, ні падчас суда, ні следчыя, ні пракуратура, ні суд, – сказаў адвакат.

Выклікаць сведак можна наўпрост паводле міжнароднай дамовы.

Што яшчэ прадставіла абарона?

Суд задаволіў хадайніцтва абароны і далучыў да матэрыялаў справы дакументы, што тычацца латвійскай кампаніі, якая нібыта, з гледзішча абвінавачання, з’яўляецца кампаніяй Віктара Бабарыкі. Гэтыя матэрыялы якраз зняпраўджваюць такую аргументацыю абвінавачання.

– Там канкрэтна бачна, што латвійская кампанія мела заснавальнікам амерыканскую кампанію. І інфармацыі пра сувязь гэтай амерыканскай кампаніі ні з Віктарам Бабарыкам, ні з кімсьці іншым ніколі ў працэсе не гучала, – кажа Дзмітрый Лаеўскі. – Гэтыя дакументы, якія мы далучылі, не маюць аналагаў.

Паводле слоў Дзмітрыя Лаеўскага, абарона здабыла дакументы ў арыгінале са штампамі і подпісамі службовых асоб Латвіі.

– Мы аддаём іх суду, а пракурор кажа: а можа, вы гэтыя дакументы на вуліцы знайшлі. А пры гэтым бок абвінавачання спасылаецца на нейкія дакументы ў матэрыялах справы, на якіх няма ніводнага подпісу, ніводнай пячаткі. Гэта адзін прыклад таго, што адбываецца нешта па-за межамі разумення звычайнага, здаровага чалавека. Для Бабарыкі як высокаадукаванага і высокакультурнага чалавека гэта дзіка і дзіўна. Але ў яго яшчэ ёсць пачуццё гумару, і яно ратуе.

У чым абвінавачваюць Бабарыку?

17 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна Вярхоўны суд пачаў разгляд крымінальнай справы «Белгазпрамбанка», адзін з фігурантаў якой – палітвязень, былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка.

Экс-банкіру інкрымінуюць атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, арганізаванай групай, а таксама «адмыванне» даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры (ч.3 арт.430 і ч.2 арт.235 КК).

Абвінавачанымі па справе таксама праходзяць шэсць топ-менеджараў «Белгазпрамбанка» і кіраўнік ТАА «Актыўлізінг».

Усе абвінавачаныя, акрамя Бабарыкі, прызналі віну ў поўным абʼёме.

Справу «Белгазпрамбанка» пачалі 11 чэрвеня 2020 года, калі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК правялі ператрус у офісе банка і затрымалі некалькі яго работнікаў.

18 чэрвеня, амаль за два месяцы да выбараў, Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам арыштавалі, калі Бабарыка вёз у ЦВК подпісы за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

21 студзеня Генпракуратура Беларусі перадала справу супраць Бабарыкі ў Вярхоўны суд краіны. Разгляд справы ў Вярхоўным судзе азначае, што абскардзіць прысуд Віктар Бабарыка не зможа.

Адразу пасля затрымання Віктара Бабарыкі праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Экс-банкір лічыць свой пераслед палітычна матываваным.

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»