Мікалай Статкевіч. Фота: АР

Нагадаем, што Мікалая Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года, калі ён ехаў на пікет Сяргея Ціханоўскага. Пазней яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч.2 арт.293 КК).

4 мая стала вядома, што справу Статкевіча і шэрагу іншых палітвязняў будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Сярод абвінавачаных – Сяргей Ціханоўскі, блогеры Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч, а таксама Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў.

На днях з’явілася інфармацыя, што палітвязняў як быццам збіраюцца судзіць у закрытым рэжыме нават не ў судзе, а ў гомельскім СІЗА. Ці магчыма такое?

«Я ведаю, што такую інфармацыю нехта запусціў у інтэрнэце, але гэта ўсяго толькі чуткі і не больш за тое, – распавяла «Народнай Волі» Марына АДАМОВІЧ, жонка Мікалая Статкевіча. – Ніякай афіцыйнай інфармацыі ні пра дату пачатку працэсу, ні пра яго фармат няма.

Тым не менш паведамленне пра тое, што суд пройдзе ў СІЗА, многія СМІ падхапілі і распаўсюдзілі. Я нават не выключаю, што гэта быў адмысловы інфармацыйны «зліў» з таго боку, каб праверыць рэакцыю грамадства.

Але, мяркую, суд і на самай справе зробяць закрытым, як гэта было ў выпадку з Паўлам Севярынцам».

КАМЕНТАРЫЙ ЮРЫСТА

– Прэцэдэнты, калі людзей судзілі ў следчым ізалятары, ужо былі, – кажа праваабаронца Валянцін СТЭФАНОВІЧ. – Напрыклад, у такім фармаце праходзіў працэс над фігурантамі «банды Марозава», і тады гэта абгрунтоўвалася мерамі бяспекі. Было шмат падсудных, і ў выніку два чалавекі былі асуджаны да смяротнага пакарання.

Але мне абсалютна незразумела, чым будуць кіравацца, калі фігурантаў «справы Ціханоўскага» таксама вырашаць судзіць у СІЗА ў закрытым рэжыме. І навошта наогул рабіць працэс закрытым, нават калі абвінавачаных будуць дастаўляць у суд? Ніякага абгрунтавання такіх дзеянняў я не бачу. Мерамі бяспекі гэта не назавеш. У матэрыялах справы ёсць сведчанні, якія складаюць дзяржаўную тайну? Мяркую, што няма.

Таму, калі суд пройдзе ў СІЗА і будзе закрыты, то праваабаронцы расцэняць гэта як парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва. Гэта парушае працэсуальныя правы падсудных.

Не выключаю, што закрытасць працэсаў – гэта элементарнае жаданне схаваць рэальнасць абвінавачанняў і іх бязглуздасць.

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»