Гучыць пропаведзь з асуджэннем гвалту. Жнівень 2020 года.
Гучыць пропаведзь з асуджэннем гвалту. Жнівень 2020 года.

Навіна пра адстаўку архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія выклікала розгалас і ў царкоўным асяродку, і ў свецкіх СМІ. Упершыню ў гісторыі Праваслаўнай царквы ў Беларусі звальненне архірэя выклікала столькі пытанняў. І хоць у рашэнні Сінода РПЦ запісана «па стане здароўя», усе ведаюць, што сапраўдная прычына – пропаведзі архіепіскапа з асуджэннем гвалту і рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў. Хто стаяў за рашэннем маскоўскіх сінадалаў і які знак яно нясе БПЦ? З просьбай патлумачыць сітуацыю мы звярнуліся да гісторыка Анатоля СІДАРЭВІЧА.

Куды рухаецца Праваслаўная царква Беларусі?
Архіепіскап Арцемій

– Спадар Анатоль, 8 чэрвеня за адстаўку Арцемія прагаласаваў мінскі Сінод, а ўжо назаўтра гэта рашэнне было зацверджана маскоўскім Сінодам пад кіраўніцтвам патрыярха Кірыла. Што можа азначаць такая паспешлівасць?

– Думаю, ніякай паспешлівасці тут няма. Хутка (можна сказаць – маланкава) летась з мінскай кафедры аж на Кубань перавялі экзарха Паўла, а «справа» архіепіскапа Арцемія доўжылася без малога 10 месяцаў. Калі ўладыка публічна выступіў супраць гвалту над людзьмі? У жніўні мінулага года. Калі прынята рашэнне? У чэрвені сёлета. Так што думалі доўга.

– Выведзены за штат за свае грамадскія погляды святар Аляксандр Шрамко ў леташнім інтэрв’ю «Народнай Волі» гаварыў, што звальненне епіскапа – вельмі складаная царкоўная працэдура. Як аказалася – даволі простая…

– Сапраўды, пазбавіць епархіяльнага архірэя пасады вельмі цяжка. Звычайна яго пераводзяць на іншую кафедру. Калі епіскапу спаўняецца 75 гадоў, ён піша прашэнне аб «почислении на покой», але гэта не азначае, што яго аўтаматычна адпраўляюць у адстаўку. Нярэдка маскоўскі Сінод просіць уладыку працягваць служэнне. Прашэнне аб адстаўцы падаецца і тады, калі епіскап не можа выконваць свае абавязкі з прычыны хваробы. Каб звольніць епіскапа імгненна, нават не рашэннем Сінода, а патрыяршым указам, патрэбна, каб ён здзейсніў нейкі крымінальны ці амаральны ўчынак, пра які стала вядома шырокай грамадскасці. Нават калі епіскап пачынае прапаведаваць ерась ці выступаць супраць царкоўных канонаў, яго перш ушчуваюць, спрабуюць паставіць на «шлях ісціны». Уладыку Арцемію да 75-годдзя яшчэ далекавата, ерасі ён не прапаведаваў, супраць царкоўных парадкаў не выступаў, са здароўем у яго вострых праблем няма. Яго выступленне супраць гвалту над мірнымі пратэстоўцамі цалкам адпавядала хрысціянскім каштоўнасцям. Яно магло не задаволіць толькі тых, хто не баіцца праліць людскую кроў, хто з’яўляецца прыхільнікам сілавога вырашэння грамадскіх і палітычных праблем.

Куды рухаецца Праваслаўная царква Беларусі?
Уладыка асвячае бібліятэку імя Л.Геніюш пры Каложскай царкве

– Дык вы мяркуеце, што ініцыятарам звальнення Арцемія выступіла свецкая ўлада?

– Думаю, што Царкве было прад’яўлена патрабаванне пазбавіць архіепіскапа Арцемія пасады без пераводу на іншую (скажам, у Расіі) кафедру. Можна меркаваць, што патрыярх Кірыл, чыім вучнем быў уладыка Арцемій, цягам дзевяці месяцаў не даваў згоду на пазбаўленне яго кафедры. Пэўна, гродзенскага архірэя схілялі да «пакаяння» за прамоўленае ў жніўні 2020 года або ўгаворвалі напісаць прашэнне. Відаць, і «пакаяння» дасягнуць і прашэнне можна было б атрымаць, калі б ва ўлады меўся кампрамат на ўладыку Арцемія. Магчыма, у сітуацыі, калі ні «пакаяння», ні прашэння цягам доўгіх месяцаў выцягнуць з архіепіскапа не ўдалося, афіцыйны Мінск чымсьці прыгразіў царкоўным уладам і вызначыў ім апошні тэрмін. Толькі так можна тлумачыць, чаму хадайніцтва мінскага Сінода аб адстаўцы гродзенскага архірэя было задаволена на наступны дзень. Падкрэслю: пытанне аб «почислении на покой» уладыкі Арцемія было адным-адзіным пытаннем, якое 9 чэрвеня разглядаў маскоўскі Сінод. Гэта пасяджэнне ўвойдзе ў гісторыю РПЦ.

– Беларускія епіскапы дружна (праўда, не аднагалосна) прагаласавалі за адстаўку Арцемія: з пятнаццаці трынаццаць. Архіепіскап усё ж меў аўтарытэт і сярод святароў, і сярод вернікаў. Дык чаму так?

– Па-царкоўнаму кажучы, гэта грэх сергіянства. Калі бальшавікі скарацілі жыццё дэмакратычна выбранаму патрыярху Расійскай праваслаўнай царквы Ціхану (памёр у 1925-м), калі яны кінулі за краты незгаворлівага месцаблюсціцеля патрыяршага пасаду Пятра, яго намеснік мітрапаліт Сергій у 1927 годзе стаў на шлях супрацоўніцтва з уладай. Якія б зверствы ні чынілі бальшавікі, Сергій маўчаў. Царква пры ім забыла, што такое смуткаванне («печалование») аб бедах народа. У 1943 годзе, калі Сталін замест Расійскай стварыў Рускую праваслаўную царкву, Сергій быў пастаўлены патрыярхам. 

– Немаўчанне ўладыкі Арцемія было тым больш чутнае на фоне іншых епіскапаў, якія як вады ў рот набралі.

– Так, ён парушыў правіла «маўчаць», выступіў супраць сергіянства, якое з’яўляецца неафіцыйнай дактрынай РПЦ. Вядома, мінскі Сінод сам адстаўку архіепіскапа Арцемія не разглядаў бы без сігналу з Масквы. А маскоўскія сінадалы нічога лепшага не прыдумалі, як узяць на сябе функцыю кансіліуму і прычынай «почисления на покой» назваць стан здароўя архірэя. І дружненька прагаласавалі «за» (на дыстанцыйным пасяджэнні). А вось у Беларусі знайшоўся архірэй – епіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, – які не захацеў падтрымаць сваё маскоўскае начальства. А яшчэ адзін архіепіскап (праўда, ён «на покое») устрымаўся. Цяпер я думаю: які «падарунак» паднясуць улады і абодва сіноды ўладыку Сцяфану? Яму ўжо 77 гадоў…

– Чытаючы пастанову Сінода РПЦ, я звярнуў увагу на такую акалічнасць: архіепіскапу Арцемію нават не падзякавалі за шматгадовую службу. Чаму такое стаўленне за 43 гады службы?

– Пэўна, маскоўскія сінадалы на чале з патрыярхам былі так раздражнёны ўпартасцю Арцемія, што вырашылі не дзякаваць яму «за понесенные труды», хоць пры «почислении на покой» гэта звычайная формула. Не дзякуюць епіскапам толькі тады, калі іх адпраўляюць у адстаўку за дагматычныя, кананічныя ці маральныя правіны. Такім чынам, гродзенскага архірэя абразілі. Такое хамства, думаю, можна растлумачыць хіба што нежаданнем сінадалаў раздражняць афіцыйны Мінск.

– А што такое епіскап «на покое»? Які яго статус? Ці можа ён вярнуцца на епіскапскую кафедру?

– У РПЦ маецца палажэнне аб матэрыяльнай і сацыяльнай падтрымцы свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў, работнікаў рэлігійных арганізацый, а таксама членаў іх сем’яў. У тым палажэнні ёсць раздзел аб забеспячэнні архірэяў «на покое». Калі епіскапа адпраўляюць у адстаўку, яму месцам пражывання вызначаецца, як правіла, манастыр. Пры магчымасці ўлічваюцца і пажаданні ўладыкі. Сінод вырашыў не пасяляць Арцемія ў манастыр. Месцам яго жыхарства вызначаны Мінск. Мне давялося чытаць, што ў сталіцы ва ўладыкі ёсць (смешна сказаць) аднапакаёвая кватэра… Архірэй «на покое» можа выконваць абавязкі ігумена манастыра ці настаяцеля парафіі. У такім разе клопат пра жыллё, матэрыяльны дабрабыт уладыкі і стан яго здароўя кладзецца на манастыр ці парафію. Наўрад ці нейкі манастыр або нейкая парафія ў Мінскай епархіі будуць мець уладыку Арцемія сваім ігуменам або настаяцелем. 

– Асабліва калі ўлічыць, што кіруе Мінскай епархіяй той жа мітрапаліт Веніямін.

– Хутчэй за ўсё, Арцемія чакае лёс экзарха Філарэта, якія апошнія гады знаходзіўся пад пільным кантролем, быў жорстка абмежаваны ў кантактах, служыў у дамовай царкве. Хіба што Арцемій адмовіцца ад абслугі. У такім разе замест наглядчыкаў у падрасніках і апостальніках за ім будуць сачыць людзі з вядомага ведамства… На кафедру ўладыка Арцемій зможа вярнуцца толькі тады, калі ў Беларусі запануюць дэмакратычныя парадкі.

– На яго месца ў Гродне накіраваны епіскап Слуцкі Антоній. З якім заданнем мітрапаліта Веніяміна ён туды адправіўся, як вы лічыце?

– Не думаю, што Антонія на гродзенскую кафедру адправіў ці заданне яму даў Веніямін, бо і самога Веніяміна з «шараговых» епіскапаў, мінуўшы сан архіепіскапа, у мітрапаліты і на пасаду экзарха ўзвялі не патрыярх Кірыл і не маскоўскі Сінод, а нехта іншы… Сінадалы і падумаць не маглі пра такі круты ўзлёт мала каму вядомага епіскапа, у якога за плячамі не самыя прэстыжныя духоўныя навучальныя ўстановы і не самая паспяховая епархія. Што да ўладыкі Антонія, то яго называюць епіскапам «с комсомольским приветом». Хачу памыліцца, але думаецца, што прыказка «новая мятла па-новаму мяце» стасуецца і да яго.

– Архіепіскап Арцемій не выходзіў на плошчу, як праваслаўны святар у Гомелі, не трапляў на суткі, як каталіцкі святар з Расонаў. Ён проста ў сваёй пропаведзі асудзіў гвалт і звярнуўся да гвалтаўнікоў: спыніцеся! З асуджэннем гвалту выступалі і каталіцкія епіскапы (напрыклад, Юрый Касабуцкі). Ці азначае гэта, што ўлада возьмецца і за іх?

– Ватыкан ужо ахвяраваў аднаго епіскапа – мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. І хоць ён, у адрозненне ад мітрапаліта Філарэта, застаецца публічным чалавекам і служыць у розных святынях, стаўленне многіх беларускіх католікаў да Папы рымскага стала адмоўным. Не думаю, што ён прынясе ў ахвяру яшчэ аднаго епіскапа. Гэта не паслужыла б аўтарытэту Ватыкана. 

– Калі епіскап Веніямін стаў мітрапалітам і патрыяршым экзархам, вы пісалі, што ён малітвеннік, не публічная асоба і г.д. Аднак жа новы мітрапаліт выступае па БТ ў палітычных праграмах, забараніў выкананне гімна «Магутны Божа» ў храмах, следам за ўладай называе бел-чырвона-белы сцяг калабаранцкім… Сёння вы яго як ахарактарызавалі б?

– На жаль, ён аказаўся слабым грэшным чалавекам, сергіянцам.

– У святле апошніх падзей напрошваецца пытанне: куды рухаецца Праваслаўная царква ў Беларусі?

– Я даўно кажу, што РПЦ найбольш кампраметуе яе епіскапат. Закаснелы, ён палохае моладзь. Царква зноў старэе. Апрача таго, адны праваслаўныя хрысціяне адварочваюцца ад сваёй Царквы, ідуць да католікаў і пратэстантаў, другія застаюцца праваслаўнымі без Царквы (маецца і такі феномен), але асноўная частка царкоўнага народу застаецца ў Беларускай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату. Праўда, гэты народ падзяляецца на тры групы. Першая – сталыя прыхаджане, другая – захаджане, якія бываюць у царкве зрэдку, і трэцяя – абрадавернікі, якія масава прыходзяць свяціць ваду, свечкі, вярбу, яйкі і садавіну. Сярод сталых прыхаджан, як я разумею, маюцца дзве групы: цвёрдае праваслаўнае ядро, якое арыентуецца на Маскву, і не менш цвёрдае ядро, якое думае пра аўтакефалію, але не самаабвешчаную, а дадзеную Усяленскім Патрыярхам. Нават у неспрыяльных умовах яны працуюць на несергіянскае праваслаўе, якое прапаведуе ўладыка Арцемій. Магу сказаць, што гэта пад іх уплывам былы экзарх Павел здзейсніў сапраўды хрысціянскі ўчынак: у жніўні мінулага года пайшоў да зняволеных.

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»