Як вядома, Алімпіяда павінна была прайсці яшчэ ў мінулым годзе. На жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы і ў жыццё, і ў спорт, таму адмяняліся многія спаборніцтвы. Алімпіяда не стала выключэннем.

Такім чынам, Гульні перанеслі на год, і цяпер яны пройдуць у Токіа з 23 ліпеня па 8 жніўня. Трэба адзначыць, спаборніцтвы павінны стаць самымі маштабнымі па колькасці відаў спорту (33) і катэгорый (339).

Першапачаткова планаваўся ўдзел 10–12 тысяч спартсменаў, аднак з-за пандэміі іх колькасць скароціцца. Таксама прынята рашэнне, што Алімпіяда пройдзе без замежных балельшчыкаў. Не выключана, што і японскія гледачы таксама не змогуць патрапіць на трыбуны, калі эпідэміялагічная сітуацыя не палепшыцца. Канчатковае рашэнне будзе прынята да канца гэтага месяца.

Калі ж японцам дазволяць назіраць за спаборніцтвамі з трыбун, то трапіць на іх будзе не так проста. Напрыклад, балельшчыкі будуць абавязаны прадаставіць сертыфікаты аб наяўнасці адмоўнага ПЦР-тэста на каранавірус. Пры гэтым тэсціраванне трэба прайсці не больш як за сем дзён да спартыўнага мерапрыемства, на якое набыты квіток. Непасрэдна пры ўваходзе ўсіх абавяжуць паказаць сертыфікат аб адсутнасці COVID-19. А вось у дачыненні да тых, хто прайшоў вакцынацыю, гэтыя патрабаванні прымяняцца не будуць.

Праўда, для гледачоў праходжанне тэсціравання на каранавірус зробяць бясплатным.

Падчас наведвання спартыўных аб’ектаў гледачам неабходна насіць маскі, плануецца забараніць на стадыёнах ежу і напоі. Пасля завяршэння мерапрыемства аматараў спорту будуць выводзіць са стадыёнаў па сектарах, каб зменшыць рызыку захворвання.

Увогуле, за два месяцы да старту Алімпіяды пытанняў застаецца шмат. Усё-такі большасць насельніцтва Японіі, медыкі і нават палітыкі супраць правядзення гэтых спаборніцтваў. У краіне і так няпростая эпідэміялагічная сітуацыя, а Алімпіяда можа толькі дадаць праблем. Напрыклад, генеральны сакратар кіруючай у Японіі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Тасіхіра Ніка лічыць, што, калі сітуацыя па каранавірусе будзе пагаршацца і правядзенне Алімпійскіх гульняў стане надзвычай цяжкім, магчымы і варыянт адмены спаборніцтваў.

Беларуская каманда таксама рыхтуецца да алімпійскіх стартаў, зараз спартсмены заваёўваюць ліцэнзіі на ўдзел у Алімпіядзе. Праўда, не паспелі Гульні яшчэ пачацца, а ўскосным чынам наша краіна ўжо адзначылася скандальнымі гісторыямі.

Як вядома, у снежні мінулага года Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў кіраўніку Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандру Лукашэнку ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах арганізацыі, уключаючы Алімпійскія гульні.

26 лютага гэтага года НАК Беларусі ўзначаліў Віктар Лукашэнка, але МАК не прызнаў гэтае абранне Віктара Лукашэнкі кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта, а таму і яму забаронена наведваць Алімпіяду.

Акрамя таго, Японія закрывае сваю паветраную прастору для беларускіх авіякампаній пасля вымушанай пасадкі 23 мая пасажырскага самалёта Афіны–Вільнюс у суправаджэнні знішчальніка.

Зразумела, што ўсё гэта моманты, якія да спорту маюць ускоснае дачыненне. Спартсмены рыхтуюцца паводле сваіх планаў. Не вядома, які беларускай камандзе даведзены медалёвы план на гэтыя Гульні, але на россып медалёў разлічваць, хутчэй за ўсё, не даводзіцца. Такія часы…

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: