Старшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб прагназуе, як заходнія санкцыі могуць паўплываць на рынак нерухомасці ў Беларусі.

Эксперт адзначае, што на рынак нерухомасці ўплываюць два асноўныя фактары: даходы насельніцтва і крэдытаванне аперацый з нерухомасцю.

– Падаецца відавочным, што даходы насельніцтва будуць зніжацца ў валютным эквіваленце (ад санкцый будзе залежаць толькі, наколькі моцна яны будуць зніжацца), – распавёў Вадзім Іосуб realt.by. – З крэдытаваннем таксама не ўсё добра. Яно ў апошнія месяцы ледзь-ледзь пашырылася, што дазволіла цане квадратнага метра злёгку адскочыць, падзенне спынілася.

Крэдытаваннем нерухомасці зараз займаюцца дзяржаўныя банкі, але і тыя – у дырэктыўным парадку. Дзяржава сказала – робяць, але без вялікага жадання, паколькі бачаць рызыкі.

Паводле слоў аналітыка, каб крэдытаваць, патрэбна рэсурсная база, а сур’ёзная частка рэсурснай базы – уклады насельніцтва ў беларускай валюце.

– Іх адток запаволіўся, але і прытоку асаблівага няма, – дадае аналітык. – Гэта значыць, што рэсурсная база ў банкаў не пашыраецца, рызыкі ў сувязі з санкцыямі і ўнутранымі эканамічнымі праблемамі растуць, таму чакаць пашырэння крэдытавання я не стаў бы.

Таму сцэнарый у аптымістычным варыянце такі: цэны на жыллё стагніруюць на цяперашнім узроўні.

Пры пагаршэнні эканамічнай сітуацыі – пойдуць уніз. Бліжэйшая мэта – ніжэй 1150 долараў за квадратны метр, а гэта ўзровень сярэдзіны 2017 года. А з гэтай планкі пры пагаршэнні эканамічнай сітуацыі можна падаць і далей.

Поделиться ссылкой: