Палітзняволены распавёў пра ўмовы адбыцця пакарання на «хіміі»
Natalla Prihodicz/ imenamag.by

Адзін са зняволеных, які адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, на ўмовах ананімнасці распавёў Белсат пра рэаліі жыцця на «хіміі», жоўтыя біркі для палітычных вязняў і цяжкія ўмовы працы.

Жоўтыя біркі для палітычных вязняў

«Калі я толькі прыбыў, быў сонечны дзень, «хімія» пасярод саду. Як піянерлагер. Але ўражанні хутка памяняліся, літаральна ў гэты ж дзень», – адзначае вязень.
Наш суразмоўца трапіў на «хімію» ўвесну 2021 года. Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу (ПУАТ), куды яго накіравалі, – за некалькіх соцень кіламетраў ад ягонага роднага гораду:

«Назіраючы за іншымі палітычнымі вязнямі, я зразумеў, што ўсіх накіроўваюць як мага далей ад дому. Сям’я, малалетнія дзеці, пастаяннае месца працы і медычныя супрацьпаказанні значэння не маюць. Думаю, ёсць устаноўка адпраўляць нязгодных з рэжымам як мага далей ад дому».

Паводле назіранняў мужчыны, палітвязняў цяпер на «хіміі» прыблізна 15–20 % ад агульнай колькасці. Стасункі паміж імі ды астатнімі асуджанымі складаюцца нармальна: «Канфліктаў я не бачыў».

Усіх палітычных, незалежна ад паводзінаў, цягам некалькіх тыдняў ставяць на прафілактычны ўлік як асобаў, схільных да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці.

Асобам з такім статусам адразу выдаюць жоўтыя біркі (у звычайных зняволеных біркі не пазначаныя колерам): палітычныя вязні абавязаныя павесіць іх на ложак і тумбачку. Людзі з жоўтымі біркамі абавязаныя кожную гадзіну адзначацца ў камендатуры, пры гэтым трэба называць сваё прозвішча і гучна казаць, што яны схільныя да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў. Таксама вязні абавязаныя гучна пра гэта казаць падчас пастраенняў:

«Калі скажаш нягучна, што экстрэміст, зробяць заўвагу. Не паўторыш гучней – могуць выпісаць парушэнне. Але палітычныя не саромеюцца казаць «я экстрэміст» гучна, бо гэта знак якасці. Значыць, чалавек сядзіць не за крымінал, а за перакананні. Атрымліваецца пацешна: нібыта палітвязняў хочуць гэтым выкрыкваннем зняважыць, а атрымліваецца наадварот».

«З палітычнымі можна чыніць любое бязмежжа»

Асобы на прафілактычным уліку не маюць права пакідаць ПУАТ без суправаджэння супрацоўнікаў, нават выйсці па лекі. Адміністрацыя карыстаецца гэтаю нормаю для дадатковага ціску на палітычных. Таксама чалавек са статусам схільнага да экстрэмізму фактычна не мае шанцаў трапіць пад умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ).

«Паводле непацверджанай інфармацыі, ёсць указанне палітычным на УДВ шлях закрыць пад любою падставаю, нават калі не будзе парушэнняў. Гэта зрабіць лёгка, бо цалкам аддадзена на водкуп начальніку ПУАТ, які проста прыйдзе да высновы: «не стаў на шлях выпраўлення». І яму не трэба нават што-кольвек абгрунтоўваць», – тлумачыць палітычны вязень.

Акрамя таго, існуе пагроза, што палітзняволенага з «хіміі» могуць перавесці ў калонію, для гэтага дастаткова мець тры парушэнні. Гаворка звычайна пра парушэнні ўнутранага распарадку і адмову ад працы:

«Напрыклад, калі ляжыш на ложку ці сядзіш на ім. Адміністрацыя можа прымусіць асуджанага, які трапіў у няміласць, мыць прыбіральню. Тут гэта лічыцца «взападло», і звычайным мужыкам за гэта свеціць паніжаны статус у крымінальным асяроддзі. Адмаўляюцца – атрымліваюць парушэнне. Тры парушэнні – і ў калонію. У калоніі з такім статусам кепска: нельга есці за адным сталом і гэтак далей. Статус апушчанага. Адміністрацыя ПУАТ гэта ведае. Пайшла пагалоска, што ў іншых «хіміях» сёння сталі такі прыём практыкаваць менавіта для палітычных».

Наагул жа з палітычнымі адміністрацыя можа «чыніць любое бязмежжа без наступстваў». «Палохае толькі агалоска», – дадае ён. Праўда, палітвязень прызнае, што выпадкаў збіцця асуджаных пры ім не было.

Палітзняволены распавёў пра ўмовы адбыцця пакарання на «хіміі»
Гомельская жаночая калонія. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

«Мы працуем па 12 гадзінаў 6 дзён на тыдзень»

«На хіміі ты працуеш па-за межамі тэрыторыі ўстановы. Гэта асноўнае адрозненне ад калоніі. Сам сабе гатуеш. Аплочваеш жытло. Набываеш харчы ў краме», – распавядае палітычны вязень.

Тэрмін «хімія» паходзіць з савецкага часу, калі асуджаных да абмежавання волі адпраўлялі працаваць на цяжкую і шкодную вытворчасць. Цяпер гэты прынцып таксама дзеіць, кажа палітвязень.

Праца на «хіміі» цяжкая, пры гэтым асуджанаму плацяць каля 60 капеек за гадзіну, што ніжэй за мінімальны ўзровень, прапісаны ў працоўным заканадаўстве. Адмовіцца ад працы нельга, бо гэта будзе лічыцца парушэннем. Знайсці працу самому не забаронена, але на практыцы адміністрацыя ПУАТ адмаўляе асуджаным у гэтым праве:

«Я думаю, што ёсць дамоўленасці паміж адміністрацыяй ПУАТ, што пастаўляе туды танную працоўную сілу. Каб вы разумелі, палітычныя працуюць на такіх працах, на якіх мясцовыя жыхары працаваць не згаджаюцца. Дый моладзі мясцовай тут мала, многія зʼехалі. І вытворчасць жыве за кошт рабскай працы асуджаных».

Вязень дадае, што палітычным зняволеным у такіх умовах цяжэй за іншых, бо на волі большасць з іх была занятая кваліфікаванаю працаю:

«У мяне 6-дзённы працоўны тыдзень, змена доўжыцца 12 гадзінаў. Спецвопратку трэба купляць: роба, напрыклад, каштуе 80 рублёў, суму адымаюць з заработнай платы. Не кормяць. Натуральна, такая перапрацоўка адбываецца насуперак працоўнаму заканадаўству і агульначалавечым прынцыпам».

Асуджаныя на вытворчасці могуць перасякацца з вольнымі рабочымі, але іхныя ўмовы працы прынцыпова адрозніваюцца:

«У «хімікаў» меншая зарплата, і яны не могуць звольніцца. У гэтым стаўленне горшае за бяспраўе. Фактычна гэта рабства. Мы працуем па 12 гадзінаў 6 дзён на тыдзень не таму, што нам хочацца, а таму, што нас ставяць перад фактам».

«Глядзець прапагандысцкія навіны абавязкова»

Асуджаным на «хіміі» з 6:00 да 22:00 нельга ляжаць, толькі сядзець на табурэтцы. Менавіта за парушэнне гэтага правіла людзі ў ПУАТ найчасцей атрымліваюць спагнанні:

«Прыйшоў чалавек стомлены з працы. Знялі, як ён ляжыць ці сядзіць на ложку, на нагрудную камеру і выпісалі парушэнне».

Асуджаныя ў ПУАТ жывуць у пакоях велічынёю прыблізна 50 м², дзе месцяцца ад 12 да 18 асобаў. На вокнах краты. Ложкі двухʼярусныя. Таксама ёсць халадзільнік, шафа, тумбачкі для асабістых рэчаў, табурэткі або лавы. Прыбіральня і душ агульны. Пражыванне каштуе 30–70 рублёў за месяц.

«Два разы на дзень усіх асуджаных заганяюць у пакой, дзе ўключаюць дзяржаўную прапаганду. Глядзець прапагандысцкія навіны абавязкова, але праз тое, што яны нікому не цікавыя, асуджаных прымушаюць пры ўваходзе ў пакой з тэлевізарам здаваць тэлефон, каб пры праглядзе не адцягваліся на дэструктыўныя тэлеграм-каналы», – заўважае наш суразмоўца.

Выйсці з камендатуры самастойна немагчыма: жалезныя дзверы заўсёды зачыненыя. Пры гэтым уцячы можна фактычна кожны дзень. Напрыклад, па дарозе на працу або з працы, куды асуджаных адвозяць аўтобусамі прадпрыемства. «Але пры мне ўцёкаў не было», – дадае вязень.

Тэлефонам на «хіміі» карыстацца не забараняюць. Таксама «хімікі» маюць права бачыцца з роднымі, у тым ліку ездзіць у выходныя дадому. Але дазвол на гэта выдае начальнік ПУАТ, які можа яго не даць, спаслаўшыся, напрыклад, на каронавірус. Да таго ж усе палітычныя вязні – на прафілактычным уліку, а значыць, ім нельга пакідаць камендатуру без суправаджэння.

Поделиться ссылкой: