Пад аховай за браніраваным шклом – Максім Ялканаў. Фота аўтара

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 14 чэрвеня адбыліся спрэчкі ў крымінальнай справе Максіма Ялканава з Рэчыцы. Яго судзяць як арганізатара масавых групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса).

Дзяржабвінаваўца Курбацкая, выступаючы ў спрэчках, заявіла, што падтрымлівае ў поўным аб’ёме кваліфікацыю дзеянняў Ялканава органамі папярэдняга следства. Віну 29-гадовага рэчычаніна прадстаўніца пракуратуры палічыла цалкам даказанай і прапанавала пакараць яго 2 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Суд над
У судовай зале. Фота аўтара

Па сутнасці, цягам паўгадзіны Курбацкая пераказвала гісторыю дзеянняў Міксіма за 10 жніўня 2020 года, калі ён з раніцы, будучы на працы, ўсталяваў на свой айфон праграму, якая абмінае блакіроўку інтэрнэту. З незаблакаваных сайтаў і тэлеграм-каналаў даведаўся пра пратэстныя акцыі пасля выбараў. Рэчычанін стаў тэлефанававаць сваім сябрам і знаёмым, каб сабрацца пасля працы ў цэнтры горада “на фантане”. Датэлефанаваўся да 9 чалавек. Увечары “на фантане” ніякіх мітынгаў, масавых беспарадкаў не было. Тады Ялканаў прапанаваў чатыром маладым гараджанам ехаць у Гомель. І яны паехалі на машыне стрыечнага брата Максіма Арцёма Грыба ў абласны цэнтр, дзе хвілін праз дзесяць, на падыходзе да вуліцы Савецкай, былі затрыманыя міліцыяй, а пасля адпушчаныя.

Такая фабула “злачынства” Максіма Ялканава, якое ён прызнаў цалкам адразу пасля затрымання ў сакавіку, а сведкі, каму ён тэлефанаваў, на судзе гэта таксама пацвердзілі. І на папярэднім следстве, і ў судзе Ялканаў не хаваў, што праз тэлефонныя дазвоны клікаў знаёмых “пацаноў” на плошчу ў Рэчыцы, а пасля і ў Гомель, паглядзець, што за “дзвіжуха” пайшла. Так ён выказваўся. Следства і дзяржабвінавачванне ўгледзелі ў гэтым свядомы ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемствае з мэтай супрацьдзейнічаць міліцыі, бо ў тэлефонных размовах ужываліся словы “супрацьлеглы бок”, “бойка” ды інш.

Ва ўсім астатнім крымінальнае абвінавачванне грунтуецца на дапушчэннях, меркаваннях, сацыяльна-палітычных поглядах Максіма.

Прынамсі, пракурор Курбацкая адзначала, што пасля прагляду відэаролікаў, у Максіма “склалася негатыўнае меркаванне пра ўладу, паколькі там, на гэтых сайтах, дэманстраваліся затрыманні людзей з нібыта беспрычынным збіццём, а таксама ўтрымліваліся заклікі выходзіць на вуліцу для ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах“.

“Ён (Максім) сам вырашыў для сябе ўдзельнічаць у такіх жа несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. І не толькі сам удзельнічаў, але і вырашыў заклікаць сваіх знаёмых, калег таксама ўдзельнічаць у згаданых пратэстных акцыях”, – казала дзяржабвінаваўца. І далей цытавала паказанні самога Ялканава: “І ў выпадку, калі будуць біць, мы таксама будзем біць. Пры гэтым выказваўся ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі ў лаянкава-мацернай форме і не хаваў, што “ў выпадку чаго” як ён, так і яго таварышы павінны аказваць супраціў міліцыі”.

– Ну, а супраціў, адпаведна, выражаецца, у гвалце, – зазначала дзяржабвінаваўца.

Нейкіх фактаў непадпарадкавання міліцыянерам як прадстаўнікам улады ці гвалту супраць іх Курбацкая не прыводзіла. Проста нічога гэтага ў рэальнасці не было.

Характарызуючы Ялканава як асобу, дзяржабвінаваўца адзначала, што раней ён быў пакараны паводле крымінальнага артыкула за асабліва злоснае хуліганства, але судзімасць ужо пагашана. Згадвала і пра тое, што Максім у свой час быў футбольным фанатам і ў яго кватэры падчас вобшуку знойдзены “негатыўныя атрыбуты ў дачыненні да праваахоўных органаў” (карыкатура з нецэнзурным надпісам).

У Рэчыцы Максім працаваў мантажнікам у прыватным прадпрыемстве і, па словах дзяржабвінаваўцы, характарызаваўся на працы здавальняюча. Палітыкай не займаўся. За выхад на плошчу ў Рэчыцы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Але чаму яго трэба зараз ізаляваць ад грамадства яшчэ на два гады, дзяржабвінаваўца не патлумачыла.

На гэту акалічнасць звярнула ўвагу адвакатка Валянціна Катко, якая схільна лічыць, што абвінавачванне яе падабароннаму выстаўлена паводле фармальных прыкмет. Дзеянні Максіма ў тыя жнівеньскія дні яна ацэньвае як рэакцыю маладога чалавека на “прымяненне недазволеных метадаў у дачыненні тых асоб, якія ўдзельнічалі ў мітынгах”, што адбываліся пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

“Санкцыі па прад’яўленаму артыкулу майму падабароннаму пачынаюцца не з пазбаўлення волі, а са штрафу, арышту, абмежавання волі, а пасля ўжо пазбаўленне волі да трох гадоў. Чаму менавіта два гады яму трэба знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі? Для мяне гэта дзіўна”, – недаўмевала адвакат.

Яна адзначыла таксама, што Максім хоць і не мае яшчэ сваёй уласнай сям’і, аднак праз дарогу жыве яго маці-інвалід, якая мае патрэбу ў сыне. Ялканаў не лайдачыў, заняты быў сталай працай, дзе яго характарызуюць даволі станоўча. Так, раней Максім прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Але за тое, што заступіўся ў магазіне за дзяўчыну, якую абразіў чужы прыезджы чалавек.

“Я наогул не бачу падстаў, каб Ялканава за тыя дзеянні, якія ён учыніў у жніўні, ізаляваць ад маці, працы, сяброў. У чым будзе палягаць сэнс яго паправы? Што яму выпраўляць у ізаляцыі, калі ён ужо знаходзіцца пад вартай чацьвёрты месяц? Як правіла прадстаўнікі дзяржабвінавачвання хочуць паказаць, што за такія дзеянні, як у Ялканава, выпраўленне можа быць толькі ў месцах пазбаўлення волі. На мой погляд, пакаранне не павінна быць звязана з пазбаўленнем волі. І гэта будзе справядлівы прысуд”, – зазначыла Валянціна Катко.

18 чэрвеня Максім Ялканаў выступіць у судзе з апошнім словам, пасля чаго суд вынесе свой вердыкт.

Поделиться ссылкой: