Сяргей Ціханоўскі, травень 2020

Адвакатцы Сяргея Ціханоўскага стала вядома, што суд Савецкага раёна Гомеля прыняў рашэнне па грамадзянскай справе палітзняволенага супраць падатковай, паведамляе «Радыё Свабода».

Ціханоўскі быў не згодны з тым, што падатковая хацела спагнаць з яго падвышаны падатак за 900 тысяч долараў, якія знайшлі следчыя на ягоным лецішчы падчас ператрусу 3—4 чэрвеня 2020 году.

«Рашэнне не на нашу карысць. Пачакаем матывіровачную частку і будзем яго абскарджваць», — паведаміла адвакатка Наталля Мацкевіч.

Гэта значыць, што падатковая будзе спаганяць з Сяргея Ціханоўскага амаль 258 тысяч беларускіх рублёў.

Судовае паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме. Прадстаўнікі падатковай інспекцыі спаслаліся на тое, што «сілы, сродкі, метады і спосабы працы падатковай з’яўляюцца ахоўнай законам таямніцай». Акрамя таго, «у справе утрымліваюцца звесткі аб маёмасным становішчы Сяргея Ціханоўскага, якое складае падатковую таямніцу».

Сам блогер заявіў, што гэта былі не яго грошы, ён не ведаў аб іх паходжанні, не мог іх выдаткаваць, таму што знаходзіўся і знаходзіцца ў СІЗА.

Поделиться ссылкой: