Раман Пратасевіч з'явіўся на брыфінгу МЗС аб пасадцы самалёту Ryanair
Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС 14.06.2021

Міністэрства замежных спраў Беларусі праводзіць у Нацыянальным прэс-цэнтры брыфінг для прадстаўнікоў СМІ, а таксама акрэдытаваных у Беларусі замежных амбасадаў і міжнародных арганізацый, паведамляе Радыё Свабода.

Як адзначаецца на сайце ведамства, акрамя супрацоўнікаў МЗС, запрошаныя кіраўнікі Дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, Следчага камітэту, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэту, упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў ды іншыя чыноўнікі.

Сярод удзельнікаў брыфінгу палітвязень Раман Пратасевіч. У апошнюю хвіліну яго прывялі ў памяшканне.

Прамая трансляцыя вядзецца на ютуб-канале Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь:

Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз панаракаў, што шэраг рашэнняў з боку заходніх партнёраў базуецца на неправеранай і хлуслівай інфармацыі, таму наспеў час расказаць усю праўду.

Сярод асноўных тэмаў анансаваныя развіццё сітуацыі з рэйсам авіякампаніі Ryanair Афіны – Вільня, якім ляцеў і быў затрыманы журналіст Раман Пратасевіч, выезд з Беларусі асобных чальцоў польскай нацыянальнай меншасці, транзіт нелегальных мігрантаў праз тэрыторыю краіны.

Арганізатары абяцалі прадэманстраваць шэраг раней не апублікаваных факталагічных матэрыялаў.

А 15.40 некаторыя дыпламаты пачалі пакідаць залу. Замежныя госці пачалі пакідаць брыфінг МЗС.

«Мы толькі што выйшлі. Ня ўдзельнічаем у гэтым, калі ён (Раман Пратасевіч) відавочна знаходзіцца пад прымусам», – напісала ў Твітэры карэспандэнтка ВВС Сара Рэйнсфард. У каментарах пад яе твітам удзельнікі выказваюць здагадкі наконт Рамана Пратасевіча: «Яны прымусяць яго сказаць, што ён утрымліваецца па ўласным жаданні і вінаваты ў злачынствах супраць дзяржавы», – на што Сара рэагуе: «Так, яны могуць».

Што сказаў прадстаўнік Мінтрансу

Дырэктар дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі запэўніў, што беларускі бок ад першага дня быў адкрыты да перамоваў адносна інцыдэнту з пасадкай самалёту Ryanair, аднак Еўропа «скацілася ў беззаконне», праігнараваўшы голас Мінску.

Ён сказаў, што Еўрасаюз і Украіна нібыта паводле дыскрымінацыйнага прынцыпу ўвялі абмежаванні на выкарыстанне замежных лётнішчаў і запэўніў, што ніякага прымусу да пасадкі самалёту не было. Пасля гэтага быў уключаны запіс перамоваў дыспэтчараў у Мінску і Вільні. З гутаркі вынікае, што ў Літве нібыта не знайшлі спосабу прыняць самалёт з «бомбай», у выніку чаго пілоты вырашылі прызямляцца ў Мінску.

Перамовы і маршрут самалёта Ryanair Атэны-Вільня 23 траўня 2021 году
Перамовы і маршрут самалёта Ryanair Атэны-Вільня 23 траўня 2021 году

Што сказаў прадстаўнік Мінабароны

У сваю чаргу прадстаўнік Міністэрства абароны Ігар Голуб аспрэчыў факт «паветранага тэрарызму», бо «перахопу» судна знішчальнікам Міг-29, які ўзняўся з аэрадрому ў Баранавічах, нібыта не было. Па яго словах, гаворка выключна пра суправаджэнне, а не спробу паўплываць на курс «Боінгу». Ён пацвердзіў, што недалёка знаходзіўся вайсковы верталёт, які займаўся аховай дзяржаўнай мяжы. Але ніякім чынам паўплываць на сітуацыю ён ня мог праз розныя вышыні і хуткасці.

Ён сказаў, што мае шэраг пытанняў да камандзіра пасажырскага лайнера, якія ня мае магчымасці задаць наўпрост. Чаму самалёт не пачаў зніжацца, калі збіраўся загадзя зніжацца? Нарэшце, чаму за 2 хвіліны да перасячэння мяжы з Літвой прыняў рашэнне на разварот і пасадку ў аэрапорце «Мінск», хоць, паводле ягоных словах, быў не загад, а толькі рэкамендацыя мінскага дыспетчара?

Што сказаў прадстаўнік СК

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара паведаміў, што паводле факту пасадкі самалёту заведзеная крымінальная справа, але паскардзіўся, што Швейцарыя ігнаруе запыты наконт дапамогі – нібыта менавіта з тамтэйшага серверу адпраўлена ілжывая пагроза пра бомбу на борце.

Пакуль што ніякіх істотных зрухаў у следстве няма. Ці былі гэта «салдаты ХАМАС», як сцвярджалася раней, кіраўнік ведамства не ўдакладніў.

СК выклаў сваю версію, як вывозілі з Беларусі польскіх актывістак

Таксама Дзмітрый Гара расказаў пра польскіх актывістак, вывезеных у Польшчу. Па яго словах, у адносінах да трох чалавек скасаваная мера стрымання, і ім дазволілі пакінуць тэрыторыю краіну пасля кансультацый з прадстаўнікамі МЗС Польшчы. І хоць, паводле словамі чыноўніка, усё павінна было адбывацца без інфармацыйнага розгаласу, Варшава ўсё «перакруціла на сваю карысць». Былі паказаныя відэакадры са схаванай камеры размовы прадстаўніка кансулату з затрыманымі жанчынамі.

Дзмітрый Гара заявіў, што нібыта за жанчын уступіўся экс-прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Жанчыны застаюцца абвінавачанымі ў крымінальнай справе, якая пры пэўным раскладзе мае судовы працяг, сказаў ён.

Заявы Рамана Пратасевіча

Адказывая на пытанні журналістаў Раман сказаў, што адчувае сябе выдатна, у яго выдатны настрой, ён не мае ніякіх скаргаў. Паводле яго слоў, сляды на руках, якія раней былі заўважаныя на прапагандысцкім відэа ОНТ, гэта «сляды ад сцяжак, бо затрыманне было нечаканым, у супрацоўнікаў не было кайданкаў». Пратасевіч тройчы паўтарыў, што адчувае сябе выдатна і нават гатовы прайсці любую незалежную экспертызу.

Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС 14.06.2021
Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС 14.06.2021

«Сябры, я адчуваю сябе выдатна, у мяне няма ні на што скаргаў, ніхто мяне не біў. Не распаўсюджвайце далейшыя чуткі. Сапраўднымі закладнікамі сітуацыі стала Сафія і мае бацькі, якія знаходзяцца ў Польшчы ў стане інфармацыйнага вакууму… Маіх бацькоў папросту выкарыстоўваюць, за іх спінамі стаяць канкрэтныя палітычныя дзеячы… Я больш чым упэўнены, што мае бацькі могуць бяспечна вярнуцца дадому», – заявіў ён.

Журналісты спыталі ў Рамана, ці абяцалі яму нешта за супрацу. «Ніякага гандлю са следствам не было, – адказаў ён, – Удзел у гэтым мерапрыемстве, як і інтэрвʼю спадару Маркаву, добраахвотнае. Ніхто не прымушаў да супрацы са следствам».

Раман распавёў, што яму на следстве паказвалі інфармацыі з інтэрнэту, дзе яго ў тым ліку называлі «ледзь не здраднікам» пасля відэа на ОНТ.

«Маё сумленне абсалютна чыстае. Я нікому не здраджваю. Я дапамагаю следству, я дапамагаю сваёй краіне і мае намер дапамагаць далей», – заявіў ён.

Раман Пратасевіч заявіў, што раней «свята верыў у нейкія ідэалы», але потым «расчараваўся», бо яму было не да спадобы «палітычныя гульні» і «ўнутраныя сваркі». «Я не змяніў сваіх палітычных поглядаў. Я магу шчыра сказаць, што не буду палітычным прыхільнікам прэзідэнта. Так, я шчыра яго паважаю, як чалавека, які змог выстаяць перад усім тым націскам, які распачаўся летам і працягваецца дагэтуль», – дадаў ён.

Падазраванні і абвінавачванні

Дзмітрый Гора распавёў, што Соф’я Сапега першапачаткова была затрыманая па падазрэнню ў злачынстве паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Потым ёй выставілі абвінавачванне ў «распальванні варожасці».

Гора таксама заявіў, што Раману Пратасевічу выстаўлена абвінавачванне па трох артыкулах: арт. 342, 293 і 130 КК.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»