Краіны Групы сямі (G7) заклікалі беларускія ўлады правесці новыя свабодныя і сумленныя выбары прэзідэнта. Пра гэта гаворыцца ў камюніке, прынятым у нядзелю па выніках трохдзённага саміту лідараў нефармальнага аб’яднання Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, ЗША, Францыі і Японіі ў горадзе Карбіс-Бэй, перадае ТАСС.

«Мы заклікаем рэжым змяніць курс і выканаць рэкамендацыі незалежнай экспертнай місіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у рамках Маскоўскага механізму, уступіць у змястоўны дыялог з усімі часткамі грамадства і правесці новыя свабодныя і сумленныя выбары».

Краіны G7 будуць супрацоўнічаць у пытанні прыцягнення да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да інцыдэнту з вымушанай пасадкай самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair у Мінску, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч.

«Мы глыбока заклапочаныя нападамі з боку беларускіх уладаў на правы чалавека, фундаментальныя свабоды і міжнароднае права, прыкладам якіх стала прымусовая пасадка рэйса FR4978 і арышт незалежнага журналіста і яго спадарожніцы. Мы будзем працаваць разам, каб прыцягнуць да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да гэтага, у тым ліку з дапамогай санкцый, а таксама працягнем падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ і правы чалавека ў Беларусі», — сказана ў 25-старонкавым дакуменце.

Поделиться ссылкой: