Мікалай Халезін і Кацярына Сныціна
Мікалай Халезін і Кацярына Сныціна

Рэжысёр і драматург, мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін днямі сустрэўся з баскетбалісткай Кацярынай Сныцінай, якая да нядаўняга часу была капітанам зборнай Беларусі, але пакінула каманду праз сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Я ў сваім жыцці сустракаў шмат зорак – кіно, тэатра, спорту, палітыкі, – паведаміў Мікалай Халезін. – І з многімі з іх усталяваліся добрыя і цёплыя адносіны. Але ёсць сферы, у якіх у цябе ёсць куміры, але рэдка выпадае магчымасць перасекчыся з імі, і асабліва распавесці ім пра тое, чаму, уласна кажучы, яны з’яўляюцца для цябе кумірамі.

Адной з такіх сфер быў для мяне баскетбол. Не, я не пра маіх любімых Майкла Джордана ці Лары Бёрдза, не пра Скоці Піпена ці Карыма Абдул-Джабара. Я кажу пра тых прадстаўнікоў гэтай гульні, якія зрабілі мяне шчаслівым рэальна, без нацяжак на «ўвесь свет».

Я кажу пра нашых выбітных беларускіх баскетбалістак – Кацю Сныціну і Лену Леўчанка.

З Ленай мы перасекліся, калі яна стала браць удзел у вялікіх палітычных сустрэчах жанчын, якія дапамагае арганізаваць і мая Наташа. І гэта стала рэальна выбухам у палітычным асяроддзі – сусветная зорка баскетбола стала сумленна і адкрыта гаварыць пра палітыку, пра гвалт і дыктатуру, не азіраючыся на агентаў і трэнераў. А пасля гэтага папросту стала чэмпіёнам Грэцыі ў складзе «Панацінаікаса». Лена не пакінула ніводнага шанца беларускай дзяржаўнай «шарашцы», якая абвінаваціла яе ва ўсіх смяротных грахах.

Ну, а калі пра Кацю – мы сустрэліся зусім нядаўна ў адной з краін Балтыі. І я магу сказаць, што ўжо праз дзесяць хвілін мы былі як старыя сябры. Яе шчырасць і адкрытасць сёння для мяне з’яўляюцца ўзорам таго, якім павінен быць спартсмен ды і любы вядомы чалавек у зносінах з іншымі.

Не ведаю, ці можаце вы ўявіць, якое задавальненне можна адчуваць ад таго, што абодва твае спартыўныя куміры не толькі вызнаюць агульныя з табой палітычныя погляды, але і ўвогуле бачаць свет таксама, як і ты».

«Лена і Каця, я вас люблю! – эмацыйна дадае рэжысёр. – І мая жонка мяне не асуджае – яна вас таксама любіць!»

Публікацыя – з № 43 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: