У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
Да жыта

Але старадаўні абрад трэба захаваць для нашчадкаў.

З незапамятных часоў у вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна мясцовыя жыхары ладзілі ў першай палове чэрвеня ўнікальны абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы». Коратка ў побыце – «Пахаванне стралы». У беларусаў Пасожжа гэты  абрад  найпаўней захаваўся менавіта на Веткаўшчыне – у Стаўбуне, Неглюбцы, Казацкіх Балсунах.

Вяскоўцы кажуць, што падобныя абрады сустракаюцца і ў этнічна блізкіх да Беларусі цяперашніх расійскіх паселішчах.     Традыцыйна «Пахаванне стралы» прыпадае на рэлігійнае свята Узнясенне, альбо па-народнаму Ушэсце, што азначае ўшэсце Божае на неба. І ладзіцца абрад заўсёды ў чацвер, на шостым тыдні пасля Вялікадня.

Расце без кораня, гарыць без полымя

Апоўдні 10 чэрвеня стаўбунскія жанчыны сабраліся ў цэнтры вёскі і сталі ў карагод. І палілася, пакацілася па вясковых вуліцах і падворках песня-загадка: «А што расце без кораня, што бяжыць без поваду, што гарыць без полымя?».

Рэй павялі ўдзельніцы  народнага фальклорнага гурта «Стаўбунскія вячоркі» Ганна Чуяшова, Улляна Аніськова разам з кіраўніцай СДК Святланай Парашчанка. Да іх далучыліся некаторыя стаўбунскія школьнікі, студэнты Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры і мастацтваў разам са сваёй выкладчыцай Таццянай Пладуновай, а таксама ўдзельнікі гурта «Варган» з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на чале з дацэнтам кафедры гісторыі Вольгай Емяльянчык.

Уважлівыя слухачы пачулі і песенны адказ на загадкавыя пытанні: «Камень расце без кораня, вада бяжыць без поваду, зара гарыць без полымя».

Карагод жанкі і моладзь водзяць не доўга. Неўзабаве яны ўтвараюць шыхты і, счапіўшыся сагнутымі ў локцях рукамі, рухаюцца насустрач  іншым вяскоўцам, што ідуць з процілеглага канца вёскі. І, канешне, дружна спяваюць:

Ты ляці, страла, ды ўздоўж сяла,
ды ўздоўж сяла ў канец вуліцы,
не ўбі, страла, добрага молайца
па тым молайцу плакаць некаму…

Танальнасцю песня нагадвае галашэнне  Рухаючыся па вуліцы, гурты сваёй еднасцю і жаласлівымі спевамі з працяглым «у-у-у» як бы адцясняюць перуновы стрэлы далей ад сваіх падворкаў і палеткаў. Бо з надыходам летняй навальнічнай пары неўтаймаваныя сілы прыроды могуць нарабіць шмат бяды – спаліць хату ці гумно, спляжыць жыта.  Ад навальніцы перападае і самому чалавеку. Нездарма ж вяскоўцы просяць у неба «не біць добрага молайца».

Жаночая справа

Вяскоўка Галіна Кір’янава распавядае, што здавён «Пахаванне стралы» лічылася чыста жаночым святам. У гэтую пару мужчыны былі занятыя найперш сенакосам. Жанкі і маладзіцы «здабывалі» ім ў неба сваімі песнямі-малітвамі лепшую долю,  гналі прэч беды ды нягоды. Зараз часцяком да «Ваджэння стралы» далучаюцца хлопцы ці маладзейшыя мужчыны. Гэта, можа, і няблага, бо носьбітаў аўтэнтычнай стаўбунскай традыцыі, на жаль, становіцца ўсё меней. Нават не ўсе жанкі з гурта «Стаўбунскія вячоркі» ўжо падтрымліваюць мясцовыя песенныя традыцыі.

У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
Да жыта

На скрыжаванні вуліц каля СДК два сустрэчныя патокі жанок, студэнтаў і мясцовай дзятвы сыходзяцца, зліваюцца ў вялікі супольны карагод, і абрадавыя песні гучаць з новай сілай. Вяскоўцы і прыезджы люд без масак, нягледзячы на тое, што CAVID-19 дабраўся і да Стаўбуна. Бо ў масцы як ты заспяваеш?!

Славяць жыццё і сілы прыроды

Грамада чарговы раз утварае шыхты і па вуліцы Перамогі кіруецца ў поле, дзе каласіцца жыта. Такім чынам выводзяць «стралу» з вёскі. Вядома, з песнямі. Матывы розныя, але звязаныя  найперш з аграрнай магіяй,  услаўленнем жыцця, кахання, сілаў прыроды. І сэнс іх у тым, каб адвесці «грамавую стралу», пазбегнуць гневу Перуна і пажараў ад яго стрэлаў – маланак.

Пакуль крочым далей ад вёскі, цікаўлюся ў маладога хлопца, што прываблівае яго ў гэтым старадаўнім абрадзе. Хлопец назваўся Арцёмам Дзмітрыевым.

«Абрад такі незвычайны, песні незвычайныя. Здаў экзамены за дзевяты клас – і пайшоў. Я і раней хадзіў, мне падабаецца»,– кажа Арцём.

У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
У жыце

Мясцовая адзінаццацікласніца Валерыя Жукава, што ідзе ў поле з парай сваіх сябровак, таксама хораша адклікаецца пра абрад.

«Мне спяваць падабаецца разам з усімі. Мы гэта ўсё чуем бачым і  мусім у будучым сваім дзецям перадаць, я яны – сваім. І “страла” не згіне», – пераканана Валерыя.

У прыгожых нацыянальных строях прыехалі на «стралу» і пяцёра студэнтаў з Полацка, якія аб’яднаны ў фальклорны гурт «Варган».

«Я вывучаю фальклорную традыцыю продкаў, хоць мая будучая прафесія наўпрост з ёю не звязана. Хацелася прыехаць сюды, каб больш дазнацца пра нашу Беларусь», – кажа трэцякурсніца ПДУ Галіна Разіна.

У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
У жыце

Полацкія студэнты ехалі да Гомеля цягніком, потым аўтобусам да Веткі і, нарэшце, дабіраліся грамадскім транспартам да Стаўбуна.

Дацэнт Вольга Емяльянчык адзначае, што ў Падзвінні найбольш яркімі святамі вяснова-летняга календара з’яўляюцца Масленіца, а яшчэ Вялікдзень, калі надзвычай шчыруюць валачобнікі.

«А такога свята, як «Ваджэнне і пахаванне стралы», у нас няма. Веткаўшчыну варта наведаць, паглядзець усё гэта і паслухаць. Тут захоўваецца ўнікальная манера выканання абрадавых песень. Гэта тое, што лучыць нас з культурай нашых папярэднікаў», – лічыць Вольга Антонаўна.

Жыта і жыццё поруч

Далёка за вёскай удзельнікі «Пахавання стралы» заходзяць у высокае жыта. Чаму менавіта ў збажыну, а не ў канюшыну ці авёс?  Справа ў тым, што ў народнай культуры, як сцвярджаюць навукоўцы, жыта ўспрымаецца як сімвал вечнасці. Праз яго і далучаюцца да вечнасці. Жыта – яно яшчэ і лечыць, атаясамліваецца з зямлёй-маці, якая мае першапачатковую сілу.

У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
У жыце

У жыце Святлана Парашчанка агортвае рукамі пару дзясяткаў жытнёвых сцяблін і як бы цягне іх знізу ўверх, прыгаворваючы: «Гасподзь сёння ідзе на небяса і пацягне нашае жыта за каласа. А мы яму пакладзем грошы, каб даў нам Бог ураджай харошы».

Услед за тым пачынаецца іншае сакральнае дзейства – ужо не ваджэння, а пахавання стралы. Жанкі расходзяцца па жыце, выкопваюць сабе невялікую крыжападобную ямінку, кладуць туды хто капейку, хто шпільку, пацерку ці бліскучы гузік і загортваюць зямлёй.

«Адначасова і жаданне загадала», – кажа настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна  Марцян. – Яно таемнае, скажаш каму – не збудзецца.

Валянціна Пятроўна настаўнічае ў Гомелі, а сама яна тутэйшая, родам з Малых Нямкоў. Прыязджае падтрымаць Святлану Парашчанку, сваю сяброўку са студэнцкіх часоў. І вельмі маркоціцца, што на абрадзе мала стаўбунскіх вяскоўцаў.

У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
Стаўбунскія захавальніцы абраду

Такія ж разважанні  і ў 80-гадовай Ганны Чуяшовай, найпершай завадатаркі ў Стаўбуне, якая ўжо больш за паўстагоддзя «водзіць стралу».

«Вёска цяпер парадзела, людзей нашмат менш, чым некалі. Старэйшых ужо няма, паўміралі, маладыя падаліся ў горад. Раней у нас з кожнага двара ішлі жанчыны, маладзіцы, дзяўчаткі – “вадзіць і хаваць стралу”», – згадвае кабета.

У Валянціны Сяргеевай бабуля і маці «вадзілі стралу». Жанчына  пераканана, што моладзь трэба больш арганізоўваць і заахвочваць.

«Мяне самую, можна сказаць, адбілі ад «Стаўбунскіх вячорак», бо хацела з некаторымі іншымі жанкамі свой канцэрт рабіць.  Я – карэнная жыхарка, кінуць «Стралу» ніяк не магу», – зазначае Валянціна.

У вёсцы Стаўбун вадзілі і хавалі «грамавую стралу» (Фота)
Валянціна Марцян

Супрацоўніца філіяла Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Марыя Нічыпорчык мяркуе, што варта прыцягваць да распаўсюду унікальных абрадаў установы адукацыі, каб яны спецыялізаваліся на спевах, прыкладам такіх, як у Стаўбуне. Ну хоць бы гомельскія каледжы гэтым заняліся – музычны імя Сакалоўскага, педагагічны імя Выгоцкага. Была б неблагая падмога носьбітам самабытнай культуры.

Бракуе скаардынаванасці ў дадзенай справе паміж установамі культуры і адукацыі.  Дый не стаў нацыянальны фальклор асновай для эстэтычнага выхавання ў межах навучальных праграм. Больш за тое, апошнім часам нават строі ў людзей у традыцыйных нацыянальных колерах сталі аб’ектам пераследу і здзеку.

Каласы за абразамі

Тым часам, павадзіўшы карагод у збажыне, вяскоўцы зрываюць па дзевяць жытнёвых каласоў. Не проста адныя вяршкі, а так, каб пры іх заставаліся сцёблы сантыметраў на сорак. Каласы жанкі вяжуць у пучок, а дома кладуць іх за абраз – як заслону, як абярэг ад любых нягодаў.  І ўжо самыя адданыя старажытнаму абраду на дадатак яшчэ і качаюцца ў жыце, набіраюцца моцы на гарачую летнюю пару, а заадно і дзеляцца з зямлёю-карміцелькай сваёй уласнай сілай.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»