Ягор Дуднікаў. Фота: «Вконтакте»

Па факту паведамлення пра тое, што да 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава быў прыменены гвалт, праводзіцца праверка. Пра гэта паведаміў адвакат Антон Гашынскі.

«Гэта праверка праводзіцца Следчым камітэтам у рамках гэтай жа крымінальнай справы, я так разумею, не асобна. Але мы падрыхтавалі скаргі і перадалі іх Ягору для накіравання ў інстанцыі, якія будуць праводзіць праверку: старшыне КДБ і міністру ўнутраных спраў. У скарзе адлюстравана ўсё тое, што Ягор паведаміў у сваім звароце», – сказаў адвакат.

Нагадаем, што расейскае выданне «Новая газета» перадало словы Ягора, што яго «не шкадуючы рук, – білі нагамі і рукамі пры затрыманні». «Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб», сказаў ён. Перад вобшукам яго «два разы ўдарылі нагой у вобласць грудзей».

У машыне закінулі на задняе сядзенне, рукі былі пастаянна ў кайданках. Паводле Ягора, яму сказалі, што паедуць яго закопваць. «Саджаць бульбу» – так пажартаваў адзін з сілавікоў.

Хлопцу раілі казаць «тое, што ім трэба, на камеру», маўляў, тады яго могуць дэпартаваць дадому. «Мяне білі, так як я віну не прызнаваў. Білі жорстка», – распавёў Дуднікаў.

У панядзелак Партызанскі суд Мінска, на закрытым пасяджэнні, разгледзеў скаргу на затрыманне Ягора Дуднікава. Суд скаргу не задаволіў. У сераду рашэнне раённага суда абарона абскардзіла ў Мінскім гарадскім судзе, які таксама скаргу не задаволіў.

Маці Ягора, якая жыве ў расійскім Саратаве, дагэтуль не дазволілі спатканне з сынам у мінскім СІЗА. Яна, кажа што сваякоў у Беларусі няма, таму перадачу збіралі супрацоўнікі расійскай амбасады, якія «трымаюць з ім сувязь».

Ягора Дуднікава затрымалі ў Мінску на здымнай кватэры 4 траўня. Супраць яго пачалі крымінальную справу аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ) нібыта за агучванне фільмаў «для беларускай апазіцыі».

Алесь ДАШЧЫНСКІ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»