Час ад часу гартаючы дзяржаўныя газеты і праглядаючы дзяржаўнае тэлебачанне, я міжволі задаюся пытаннем: дзе навучаліся журналісты, што там працуюць? На журфаку БДУ? Ці ў нейкіх чалавеканенавісніцкіх спецшколах, дзе здавалі экзамены па спецыяльнасці «забойства словам»? Такое ўражанне, што некаторыя з іх узялі на сябе функцыі сумнавядомых сталінскіх троек, якія ў 1930-я гады ў пазасудовым парадку за пяць хвілін прыгаворвалі гэтак званых «ворагаў народа» да найвышэйшая меры. Прыгаворваюць і сёння. Не журналісты пайшлі, а пракуроры і кілеры па сумяшчальніцтве.

І першую пазіцыю ў рэйтынгу газетных кілераў упэўнена займае Андрэй Мукавозчык – сталы аўтар газеты «Беларусь сегодня». Кадр, які ў 1937-м абавязкова спатрэбіўся б – каля расстрэльных ям у Курапатах. Тагачасныя газетныя далакопы Бэндэ і Кучар – смаркачы ў параўнанні з ім. Мукавозчык у кожным нумары выяўляе ворагаў, чыніць паспешлівы самасуд і – ставіць да сценкі.

«Я слово «демократия» не произношу, а сплёвываю», – пагардліва прызнаецца ён і, нібы вядро з памыямі, перакульвае на галовы чытачоў сваю «накіпелую» публіцыстыку, якая, нібы здыхляціна чарвякамі, ажно кішыць гэтак любымі сэрцу Мукавозчыка слоўцамі «мразота», «недоумок», «мразь без совести», «потенциальные полицаи» і г.д. Гэта – пра маладых журналістак «Нашай Нівы» («дурно пахнущей, загаженной нивы» ў Мукавозчыкавым разуменні). А заслужылі яны анафему ад ненавісніка дэмакратыі тым, што напісалі пра экскурсіі па месцах масавых пратэстаў у Мінску.

Далей Мукавозчыкава рука ад камп’ютарнай клавіятуры нервова цягнецца да ўяўнага нагана: «Нашаніўкі, случись война, станут первыми в рядах подстилок. Будут хрустеть шоколадными обёртками, ходить на службу за пайком и усердно тянуть ручку: «Яволь, фрау штутгартфюрер!».

Пасля «штутгартфюрера» (маецца на ўвазе Святлана Ціханоўская) газетны кілер лёгка ловіць у прыцэл увесь яе штаб. Франака Вячорку ён абзывае «прошаренным гебельсёнком», Рамана Пратасевіча параўноўвае з нарвежскім тэрарыстам Брэйвікам (які, нагадаю, уласнаручна расстраляў 84 чалавекі). «А что, у кого-то есть сомнения, – распаляе сябе Мукавозчык, – что Ромочка стал бы стрелять очередями от пуза?» І – усіх
«подстилок», «гебельсёнков» і брэйвікападобных з выразам праведнага гневу на твары падводзіць да ямы з жоўтым пясочкам: «Таких надо просто вбивать в землю – сразу, без раздумий и без соплей».

Калі гэта не заклік да расправы і самасуду, не распальванне варажнечы, то – што? І для чаго тады ў Крымінальным кодэксе існуе артыкул 130, які прадугледжвае суровае пакаранне за такія заклікі? Ды з’явіся нешта падобнае ў «Народнай Волі» ці згаданай ужо «Нашай Ніве» – аўтараў публікацый ды і рэдактараў тут жа пацягнулі б у суд.

Я не адвакат Ціханоўскай і Вячоркі, тым больш не фанат Пратасевіча, мяне проста абурае, што з народнай кішэні (у тым ліку з маёй) выплачваецца заробак і ганарар пісаку, які з паталагічнай упёртасцю сее варажнечу, абражае чалавечую годнасць і заклікае да фізічнага знішчэння (так!) нашых суайчыннікаў (у дадзеным выпадку мяне не цікавяць іх палітычныя погляды). Для такога «вбить в землю» чалавека – як дажджавога чарвяка на ходніку растаптаць.

Тыя самыя кілерскія прыёмы выкарыстоўвае ў сваіх пісаннях яшчэ адзін аўтар «СБ» – Вадзім Гігін (між іншым, кандыдат гістарычных навук). Заўзята выкрываючы калабарантаў, ён дапісаўся да таго, што назваў паважанага ў свеце дзеяча беларускай эміграцыі, гісторыка Янку Запрудніка… эсэсаўцам. Э-сэ-саў-цам! І павярнуўся ж язык ляпнуць такое пра падлетка (у 1941-м Запрудніку было ўсяго 15 гадоў)! Што ж, брахаць – не цэпам махаць. Але ж і брахня, каб у яе паверылі, павінна быць хоць трошкі праўдападобнай. А тут – проста высмактаны з пальца паклёп, поўная дыскваліфікацыя. У гісторыка, які не адрознівае Саюз беларускай моладзі ад падраздзяленняў СС, ВАК проста абавязаны адабраць кандыдацкае пасведчанне. Так калісьці, можа, і станецца, як ужо сталася з адным ганаровым доктарам Кіеўскага ўніверсітэта…

Сталінскія пагромшчыкі Бэндэ і Кучар жыўцом закопвалі ў зямлю Купалу і Коласа, называлі народных паэтаў «буржуазнымі нацдэмамі» і «нацыянал-фашыстамі». А калі здох іх сухарукі гаспадар, бегалі па бібліятэках і патайком выразалі лёзамі з газетных падшывак свае пагромныя артыкулы.

Думаю, падобнай працэдурай праз пэўны час вымушаны будуць заняцца і розныя мукавозчыкі, гігіны, гладкія, церахі і іншыя, якія сёння, з’яўляючыся газетнымі кілерамі, руйнуюць людскія лёсы. Магчыма, яны ўжо цішком пачалі запасацца лёзамі. Толькі дарэмна ўсё гэта. Бо, як вядома, напісанага пяром не высечаш і тапаром. А тым больш не саскрабеш кітайскім танным аднаразовым лязом.

Публікацыя – з № 43 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: