Дмитрий Лаевский. Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі ў фэйсбуку распавёў, што адбываецца са справай Віктара Бабарыкі перад спрэчкамі ў судзе, перадае Белсат. 

Ён адзначыў, што 9 чэрвеня 2021 года скончылася стадыя судовага следства па крымінальнай справе ў дачыненні да топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанка» і яго экс-старшыні Віктара Бабарыкі. Абвешчаны перапынак для падрыхтоўкі бакоў да выступу ў судовых спрэчках, якія прызначаны на 21 чэрвеня.

Так Лаеўскі адзначыў тры галоўныя моманты:

«Суд адмовіўся далучыць да справы матэрыялы, якія даказваюць агучаныя Віктарам Бабарыка довады пра тое, што крымінальны пераслед у дачыненні да яго не меў мэты раскрыцця рэальнага злачынства, а быў накіраваны на перашкоду яму ў выразе палітычнага меркавання і ўдзелу ў выбарах прэзідэнта».

На паседжанні 6 красавіка пра гэта казаў і сам Віктар Бабарыка. Па яго словах, пачатак і поспехі яго выбарчай кампаніі па часе супадаюць з рэакцыяй службовых асоб і праваахоўных органаў, якая прывяла да завядзення крымінальнай справы і яго  зняволення.

«Але доказы гэтых фактаў суд у справе бачыць не захацеў. Хоць ёсць прамая норма, якая абавязвае суд далучаць да справы матэрыялы, сабраныя абаронай. Тым не менш, вытрымкі з адхіленых судом матэрыялаў і спасылкі на крыніцы іх размяшчэння мы прывялі ў пісьмовым хадайніцтве, якое ў справу ўсё ж такі трапіла», – падкрэсліў адвакат.

Акрамя адмовы далучаць доказы да справы, суд таксама адмовіўся выклікаць на пасяджэнне двух грамадзян Латвіі, якія неаднаразова згадваюцца ў абвінавачванні як асобы, праз якіх нібыта Віктар Бабарыка здзяйсняў дзеянні, у якіх яго абвінавачваюць.

«У ходзе папярэдняга следства гэтыя грамадзяне дапытаныя не былі. Іх паказанняў у справе няма. Раней адмова выклікаць іх матывавалася тым, што нібыта адсутнічаюць звесткі аб іх адрасах, а таксама што нібыта рабіліся захады для іх допыту шляхам накіравання просьбы аб міжнародна-прававой дапамогі. Цяпер мы ўжо ў трэці раз хадайнічалі аб выкліку гэтых людзей: мы знайшлі ў нетрах 122-х тамоў справы пашпартныя дадзеныя і адрасы гэтых грамадзян, а таксама прывялі норму міжнароднай дамовы пра магчымасць выкліку гэтых грамадзян непасрэдна судом.

І галоўнае – мы паказалі, што просьбы аб міжнароднай дапамозе накіроўваліся наогул не па гэтай справе, што гэтыя просьбы накіроўваліся не судом, і што ў іх пытанне аб выкліку грамадзян у суд або аб уручэнні ім позвы нават не ставілася. Але выклікаць іх суд адмовіўся.

Добра, што закон дазваляе нам у гэтай сітуацыі заявіць пра недаказанасці абставінаў, указаных у абвінавачванні ў сувязі з імёнамі гэтых грамадзян», – адзначыў Лаеўскі.

Але, паводле паведамлення адваката, есць і пазітыўныя звесткі:

«Атрымалася далучыць да справы выключна важныя новыя доказы, сабраныя намі за межамі Беларусі. Гэтыя дакументы абвяргаюць ключавыя довады абвінавачвання… Мы паказалі, што заснавальнікам латвійскай кампаніі і членамі органаў яе кіравання былі суб’екты, не проста ніяк не звязаныя з Віктарам Бабарыкам, але нават ні разу не ўзгаданыя нікім у гэтым крымінальным працэсе. І паказалі, што дывідэнды, якія паступаюць у латвійскую кампанію, ніякага дачынення да Віктара Бабарыкі не мелі.
Але гэта зусім не ўсе, ёсць яшчэ шэраг годных увагі фактаў на карысць невінаватасці».

Спрэчкі па «справе Белгаспрамбанку» пачнуцца 21 чэрвеня ў 10.00 гадзін. Спачатку выступяць з прамовамі пракуроры, потым – адвакаты.

Поделиться ссылкой: