Аргкамітэт па стварэнні партыі «Дэмакратычны саюз» заклікаў Палату прадстаўнікоў актывізаваць працу над законапраектам аб амністыі.

Аргкамітэт партыі ўзначальвае былы паплечнік Валерыя Цапкалы IT-прадпрымальнік Андрэй Ланкін.

Як паведамляла «Народная Воля», праект закона аб амністыі быў падрыхтаваны прадстаўнікамі інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сіл» на чале з палітолагам Юрыем Васкрасенскім. Да тэксту закона ёсць дадатак – спіс з 515 чалавек, якіх прапануецца амнісціраваць ці памілаваць. Там узгадваюцца Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Алесь Пушкін.

Васкрасенскі лічыць, што амнісціраванне або памілаванне зняволеных – адзін з крокаў, які дапамог бы зняць напружанне ў грамадстве.

«3 ліпеня Беларусь будзе адзначаць сваё галоўнае свята – Дзень Рэспублікі, – гаворыцца ў заяве аргкамітэта па стварэнні палітычнай партыі. – У гэты дзень у 1944 году ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў вызвалены Мінск. Амаль палова Беларусі яшчэ была пад кантролем нацыстаў, але гэты дзень стаў вырашальным у аперацыі «Баграціён».

У гэты дзень Беларусь святкуе вызваленне. На жаль, родныя і блізкія людзі часткі нашых грамадзян у гэты дзень будуць знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.

Можна лічыць, што леташняе палітычнае супрацьстаянне скончылася перамогай над пазасістэмнай апазіцыяй. Таму мы заклікаем беларускі парламент ўспомніць савецкую практыку амнісціравання людзей, асуджаных за антыдзяржаўную дзейнасць. Так, у жніўні 1923 года, адразу пасля заканчэння грамадзянскай вайны, ЦВК СССР пастанавіў вызваліць рабочых і сялян, асуджаных за ўдзел у руху супраць савецкай улады, уцягнутых з прычыны сваёй несвядомасці і якія не з’яўляюцца ініцыятарамі, арганізатарамі і актыўнымі кіраўнікамі.

Амністыя ў Год народнага адзінства стане актам гуманізму з боку дзяржавы і значным крокам на шляху да аднаўлення міру і згоды ў нашым грамадстве».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»