Былы суддзя: «Мне прапанавалі – “заўтра давай усім па 15 сутак”»

Аляксей Пацко пяць гадоў быў суддзёй у Пінску. 9 жніўня 2020 году ён зрабіў свой выбар – не караць пратэстоўцаў. Пра тое, чаго каштаваў яму гэты выбар, ад каго залежаць рашэнні суддзі па палітычных справах і што адбывалася ў Пінску 9–10 жніўня Аляксей распавёў Радыё Свабодзе.

Былы суддзя: «Мне прапанавалі –
Аляксей Пацко

Палітыкай можна не цікавіцца тады, калі ты жывеш на хутары ў глухім лесе
Я нарадзіўся і жыў у Пінску. Скончыў юрфак БДУ, вярнуўся ў родны горад. Жанаты, трое дзяцей – ім 3, 6 і 10 гадоў. Да працы ў судзе быў юрысконсультам на розных прадпрыемствах. Спрабаваў будаваць кар’еру.

Не сказаць, каб я не цікавіўся да леташніх выбараў палітыкай. Палітыка – прыняцце

рашэнняў, якія тычацца ўсяго грамадства. Хочаш ня хочаш, а цябе гэта тычыцца. Асабіста я, дый уся мая сям’я ніколі не былі згодныя з уладай.

Але ў 2015 годзе, калі мяне прызначылі суддзёй, была іншая сітуацыя. Была лібералізацыя. Сістэма сыходзіла ў варыянт спробы палепшыць сябе. Маладых людзей запрашалі на розныя пасады – вось, у вашых руках ёсць магчымасць нешта змяніць, палепшыць.

Мне тады было 28. Я меў максімалісцкія, ідэалістычныя погляды на сістэму. Што можна нешта выправіць у меру сваіх магчымасцяў. На пачатку працы была вялікая адсутнасць палітычнага складніку.

Пасля «маршаў дармаедаў» і акцый супраць інтэграцыі з Расеяй быў «дыпламатычны ціск»

У 2017 годзе ў Пінску прайшлі, як і ў іншых гарадах, акцыі супраць Дэкрэту № 3 «пра дармаедаў». У канцы 2019 году – акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. У горадзе былі выступы нязгодных.

На нас, суддзяў, быў пэўны дыпламатычны ціск. Не загады – як судзіць і колькі даваць, а намёкі і парады ў межах умоўнасцяў. Што гэтыя справы «важныя для грамадства», што «падыдзіце да іх адказна», што «каб было законна». Пры такіх прыгожых фразах рабілася ясна, у чым сутнасць і накіраванасць ня зместу фраз, а формы. Фармальна нібыта было парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах. Памятаю, што і я разглядаў справы па ўдзельніках акцый 2017 году. Даваў штрафы.

Змены ў працы суддзяў пачаліся пасля парламенцкіх выбараў 2019 году

Да таго часу я асабіста, дый іншыя суддзі, былі больш-менш незалежнымі ў прыняцці рашэнняў. Увосень 2019 году ў судах змяніліся старшыні – і ў Пінскім раённым, і ў Брэсцкім абласным. Тады пачаліся змены. Пачалі «закручваць гайкі». Спыніліся, як я называю, «умоўна-дэмакратычныя» практыкі.

З’явілася негатыўная практыка раіцца з вышэйстаячым кіраўніцтвам, зрабілася больш кантролю з боку начальства. Гэта рабілася пад добрапрыстойнай маркай «якасці і аператыўнасці». Трэба было дакладаць кіраўніцтву – вось такую справу вось так я планую разгледзець. Потым увялі сістэму пазбаўлення прэмій за парушэнне аператыўнасці і якасці.

Бліжэй да выбараў-2020 пачаліся ўзгадненні з кіраўніцтвам па «грамадска значных» артыкулах – карупцыя, наркотыкі, ДТЗ у стане алкагольнага апʼянення. Па такіх артыкулах трэба было начальству даваць інфармацыю і ўзгадняць пакаранне. Гэта не было фармалізавана, у выглядзе загадаў, а так – парады. Бо насамрэч умяшанне ў правасуддзе – гэта крымінальнае злачынства.

Калі збіралі подпісы ў судзе ў падтрымку Лукашэнкі – я адмовіўся, дый многія. І нам нічога не было. Бліжэй да выбараў нам ужо паступіў загад – усім прагаласаваць датэрмінова і даць справаздачу. Я не хадзіў. Лічу, што і прасачыць за ўсімі немагчыма. Гэта проста быў элемент запалохвання. Бо праверыць усе ўчасткі нерэальна.

Мне прапанавалі – «заўтра давай усім па 15 сутак»

9 жніўня, па сутнасці, было галасаванне пратэсту. Маё атачэнне схілялася больш да Віктара Бабарыкі ці Валера Цапкалы. Але іх не дапусцілі да выбараў. Ціханоўская была альтэрнатывай. Пытанне было ў кансалідацыі і каб галасаваць супраць, а персона была ня так важная. Карацей, гэта магло быць слоганам кампаніі: «Галасуй за любога, апроч адзінага».

9 жніўня была нядзеля. Я быў на працы, і старшыня суду, і ягоны намеснік таксама. Два суддзі былі тады ў адпачынку. Былі на працы ў нядзелю, таму што ўсе ж разумелі, што «нешта будзе».

Яшчэ да выбараў былі затрыманыя назіральнікі і актывісты. Яны былі ў ІЧУ. 10 жніўня, у панядзелак, іх трэба было судзіць. 9 жніўня міліцыянты прынеслі іх справы на праверку. Таму што ў важных справах заўсёды ёсць пытанні па афармленні, працэсуальных момантах. Там былі такія артыкулы, як непадпарадкаванне, няяўка па позве, дробнае хуліганства.

І кіраўніцтва прапанавала мне заўтра даць ім па 15 сутак. Я сказаў, што ня буду ў гэтым удзельнічаць. Пачалося: «Ну ты падумай, у цябе сям’я, дзеці, не гарачыся, супакойся». Я сказаў, што не. Таму, каб судзіць тых людзей, з адпачынку адклікалі іншых суддзяў.

Пра «Пінскую бойню» я ведаю ад непасрэдных удзельнікаў падзей. Калі я 10 жніўня прыйшоў на працу, то міліцыянты актыўна расказвалі, што пратэстоўцы ледзь ня ўвесь аддзел міліцыі знішчылі, што шмат міліцыянтаў у рэанімацыі, а адзін нават пры смерці, што гэта былі не жыхары Пінску, а ўкраінцы, якія нелегальна перайшлі мяжу. Але ўсё гэта было няпраўдай. Усе затрыманыя былі пінскія, якія ўкраінцы? Ніхто ў рэанімацыю з міліцыі ня трапіў. Для чаго яны гэта казалі? Мусіць, каб апраўдаць сваю агрэсію і жорсткасць.

Затрыманых судзілі з грубым парушэннем нормаў закону

На 10 жніўня ў горадзе была абвешчана спецаперацыя. Дзяржаўных служачых, і нас таксама, адпусцілі з працы ў 16.00 і сказалі ісці дахаты, бо будзе спецаперацыя.

Тады затрымалі, за два дні, недзе 120–140 чалавек. Яны сядзелі ў падвале міліцыі, там ІЧУ знаходзіцца. Іх усіх адразу падазравалі па крымінальных артыкулах. І вось праходзіць 72 гадзіны з затрымання. Трэба іх ці выпускаць, ці выбіраць меру стрымання. І што тады робяць? Іх «перазатрымліваюць» па адміністрацыйных справах, па 23.34. І пачынаюць судзіць.

Складаюць пратаколы, рыхтык як напісана ў пастановах аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці, – і судзяць. Але калі ёсць крымінальная справа – нельга даваць адміністрацыйную.

І пачалі выпісваць «суткі», канвеерам, там жа, у падвале міліцыі. Цікава, што адзін чалавек атрымаў штраф, неяк праскочыў. А пазней яго за гэтыя ж дзеянні – «беспарадкі» – пакаралі вялікім тэрмінам калоніі.

Потым асуджаных перавезлі адбываць пакаранне ў калонію ў Івацэвічы, бо не было месца ў ІЧУ.

Калі я адмовіўся караць людзей – са мной адразу спынілася камунікацыя на працы, бо я стаў «небяспечным». Я яшчэ працаваў, разглядаў дробныя побытавыя справы. Потым мяне выклікалі на гутарку ў абласны суд, прасілі падумаць. Але сутнасць размоў была ня ў тым, каб я не звальняўся, а каб маўчаў. У мяне якраз падыходзіў да канца пяцігадовы тэрмін прызначэння суддзёй, і я адклікаў свае паперы на перапрызначэнне. У кастрычніку я быў звольнены.

Былы суддзя: «Мне прапанавалі –
Аляксей Пацко

Калі я звальняўся, то старшыня суду сказаў мне, што, па звестках супрацоўнікаў КДБ, мае кантакты шукае Tut.by. Старшыня суду сказаў: «Ты разумееш меру адказнасці?». Намёк мне быў зразумелы. Галоўная задача – каб я маўчаў. Але я даў інтэрвʼю Tut.by і «Нашай Ніве». Потым старшыня суду напісаў мне ў Viber: «Гэта ты даваў інтэрвʼю, гэта ты так казаў?». Я напісаў, што так. Ну, і пачалося.

Мне казалі: «Ну, ты сам усё разумееш»

Я спрабаваў уладкавацца на працу. Хадзіў на тыя прадпрыемствы, дзе раней працаваў, на іншыя. Усюды была адмова. Спрабаваў пайсці ў адвакатуру. Мне сказалі, што асабіста на цябе стаіць забарона. На іншых прадпрыемствах казалі: «Ну, ты сам усё разумееш». Восенню мяне ня «бралі», бо ім тады было не да мяне – трэба было тушыць вогнішча.

Я дапамагаў людзям юрыдычнымі парадамі, бясплатна. Мне дапамаглі неабыякавыя беларусы фінансава выстаяць у той цяжкі перыяд.

Мая маці працавала адвакатам. І яна ўзяла мяне да сябе памочнікам.

Літаральна праз пару дзён прыйшла падатковая з праверкай. Мне прад’явілі, што я нібыта займаюся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, аказваю адвакацкія паслугі, хоць гэта было ня так.

Потым КДБ пайшоў па маіх знаёмых – каб яны далі паказанні, што насамрэч не мая маці дапамагала ім як адвакат, а я. Людзі адказвалі, што нам дапамагала Тацяна Юр’еўна, а супрацоўнікі КДБ ім: «Не, вы нас не разумееце, вам дапамагаў Аляксей Васільевіч. Падумайце, у вас сям’я, дзеці».

Потым мне паступіла інфармацыя, што пачалі варушыць мае старыя справы ў судзе, нешта там аналізаваць. Я зразумеў – па мяне прыйшлі. Кола сціскаецца. Я зʼехаў ва Украіну. І я іх апярэдзіў. Бо літаральна праз два дні па месцы майго жыхарства, да маёй маці і сястры, прыйшлі з ператрусам. Пастанову на ператрус паказалі так, што ніхто не зразумеў – што, за што. Здаецца, гаворка ішла пра артыкул 380 Крымінальнага кодэксу – падробка дакументаў.

Потым прыйшлі па маю маці

На ператрусе прысутнічаў намеснік пракурора. Ён намякаў маці пра крымінальную справу, што ў яе будуць праблемы. Мусіць, калі яны зразумелі, што мяне няма ў краіне, то змянілі вектар. Праз два дні мы эвакуявалі маці. А праз дзень даведаліся, што на яе распачалі крымінальную справу. Пэўнай інфармацыі няма, але, здаецца, па артыкуле 427 – службовы падлог. Каб ведаць, за што нас абвінавачваюць, мы мусілі б застацца. Ну, і ў СІЗА ўжо пачыталі б, у чым мы «вінаватыя».

Цяпер мы, пры такім «правасуддзі», ніяк ня зможам апраўдацца. Бліжэйшым часам мы наўрад ці зможам вярнуцца ў Беларусь. Ва Украіну цяпер пераехалі мая жонка і дзеці. Нам тут дапамаглі і беларусы, і ўкраінцы. Самае галоўнае – што мая жонка, дзеці цяпер у бяспецы. Натуральна, гэты вымушаны пераезд – стрэс, выхад з зоны камфорту. Але няма сэнсу пра нешта шкадаваць. Неяк разбяромся. Галоўнае – мы разам.

Беларусы, якіх я сустрэў ва Украіне, – гэта цвет нацыі

Ва Украіне я сустрэў вельмі шмат беларусаў. Маладыя, крэатыўныя, адукаваныя, энергічныя… Гэта пісьменнікі, акторы, журналісты, прадпрымальнікі. Гэта проста цвет нацыі! Ня нейкія там маргіналы. А ў іх – крымінальныя справы!

Я як падумаю, што са жніўня зʼехалі тысячы людзей, адукаваных, разумных. Лепшыя людзі! Проста дзіву даешся, што такія людзі не патрэбныя краіне. Пра што тады гаварыць? Гісторыя ня скончаная. Я ведаю шмат людзей, якія хочуць зʼехаць, але пакуль ня могуць.

У 2015 годзе мне здавалася, што можна неяк увайсці ў сістэму, манеўраваць, пабудаваць карʼеру і ня страціць чалавечыя якасці, застацца ў ладзе з сумленнем. Але ў пэўныя моманты, як летась, сістэма патрабуе ад цябе большага. У жніўні многім давялося выбіраць.

Былы суддзя: «Мне прапанавалі –
Аляксей Пацко

Ужо нельга было схітраваць і застацца ў сістэме, абысці вострыя вуглы. Выбар быў – ці так, ці так.

У мяне ёсць надзея на вяртанне дахаты. Калі зменіцца ўлада. У новай краіне мы дакажам сваю невінаватасць. Бо абвінавачанні абсурдныя. Цяпер нешта даказваць ня мае сэнсу.

Калі скрынка ад тэлевізара на балконе – пікет, шкарпэткі ці стужкі – пікет? І за гэта караюць «суткамі»?

Дарэчы, у розных тэлеграм-каналах пішуць пра суддзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды. Але ніхто ня піша пра старшынь судоў – а менавіта яны цяпер «кіруюць» правасуддзем. А імі кіруе абласны суд. А абласным судом, напэўна, КДБ.

Поделиться ссылкой: