Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут

Жонка журналіста і палітвязня распавяла «Народнай Волі» пра тое, якія навіны даходзяць да яе з-за кратаў.

Нагадаем, што 10 сакавіка гэтага года сілавікі завялі крымінальную справу за правядзенне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага брэстчаніна і дырэктара Ганну Панішаву. Пазней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.

23 сакавіка ў Гродне была затрымана кіраўнік не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс, а яшчэ праз два дні – журналіст і актывіст гэтага ж саюза Андрэй Пачобут.

Яны былі затрыманы ў межах крымінальнай справы паводле ч.3 арт.130 «Распальванне расавай, нацыянальнай варожасці». Паводле гэтага артыкула абвінавачанаму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Дарэчы, днямі Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву вывезлі з СІЗА ў Польшчу.

Пазней Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, пракаментавала гэта так: «Памятаеце размову прэзідэнта Беларусі з першым прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Абішавічам Назарбаевым? Яна адбылася ў сярэдзіне красавіка. Дык вось пытанне вызвалення некаторых дзеячаў беларускага Саюза палякаў абмяркоўвалася менавіта тады. І менавіта Нурсултан Абішавіч за іх прасіў, пасля чаго было прынята гэтае рашэнне…»

Паводле некаторай інфармацыі, Борыс і Пачобуту таксама прапаноўвалі вызваленне ў абмен на выезд з Беларусі, але яны адмовіліся…

– Андрэй мне піша практычна кожны дзень, хаця лісты прыходзяць нерэгулярна, – кажа Аксана ПАЧОБУТ. – Напрыклад, дзесяць дзён можа не быць карэспандэнцыі, а затым прыходзяць адрасу некалькі лістоў.

Цэнзура таксама вяртае мужу некаторыя яго допісы на волю. Напрыклад, калі пісаў пра ўмовы знаходжанння ў СІЗА на Валадарскага, гэты ліст цэнзары завярнулі.

Але па вялікім рахунку трэба адзначыць, што лісты, хаця і са спазненнем, але практычна ўсе даходзяць.

– Што Андрэй піша пра сябе і сваю справу?

– Найперш просіць, каб перадала прывітанні ўсім знаёмым. Піша, што адчувае сябе нармальна, да ўсяго прызвычайваецца, але ў той жа час адвакат мне кажа, што Андрэй хварэе. І гэта цягнецца, відаць, ужо каля двух месяцаў, адна хвароба пераходзіць у другую.

У камеры, дзе сядзіць муж, вельмі душна, іх там, здаецца, трынаццаць чалавек.

– Раней была інфармацыя, што Андрэю не дазвалялі перадачу з лекамі…

– Каля двух тыдняў таму мы яму перадалі лекі, а праз тыдзень муж паведаміў, што да яго нічога не патрапіла. Зрабілі паўторную перадачу, і як быццам гэтым разам усё нармальна. Я не ведаю, што там здарылася, але добра, што ўсё добра скончылася.

А вось дрэнная навіна – гэта тое, што ў ізалятары Жодзіна Андрэя паставілі на ўлік як экстрэміста, «схільнага да дэструктыўных дзеянняў». І негатыўных наступстваў ад гэтага даволі шмат. Кожныя дзве гадзіны сярод «экстрэмістаў» пераклічка, часцей праходзяць вобшукі у камеры…

– З чым звязана тое, што Андрэя залічылі ў «экстрэмісты»?

– Думаю, з тым артыкулам, паводле якога ён абвінавачваецца. Вельмі многія палітычныя вязні трапляюць у гэтую «экстрэмісцкую» катэгорыю.

Я ўвогуле здзівілася, што туды залічылі і мужа, бо думала, што такі статус даюць вязням, якія ўжо асуджаны і накіроўваюцца ў калонію.

Але тым не менш Андрэя паставілі на ўлік, і, мяркую, Анжаліка Борыс таксама патрапіла ў гэты спіс, хаця пра гэта дакладна не вядома.

– Скаргі на ўмовы ўтрымання былі?

– Андрэй наогул ні на што не скардзіцца, ён проста апісвае ўмовы знаходжання ў камеры. Наколькі я зразумела, на прагулкі не ходзіць, а вось перадачы атрымлівае. Хаця ў плане ежы муж вельмі непераборлівы. У звычайным жыцці ў яго таксама сціплыя, абмежаваныя патрэбы, таму нават баіцца нас турбаваць, просіць, каб не ездзілі да яго ў Жодзіна з гэтымі перадачамі, бо, маўляў, гэта далёка.

З Андрэем складана, бо ў яго цяжка дапытацца, што насамрэч патрэбна. Але я дакладна ведаю, што яму вельмі падабаецца гарбата ройбуш, таму пастаянна яе дасылаю. Адпраўляю таксама несалёныя арэхі. У Андрэя ёсць пэўныя праблемы са страўнікам, таму яму не ўсё можна есці. Кажа, каб на кілбасу нават не трацілі грошы.

– Ці ёсць што пачытаць у камеры? Кнігі вы перадавалі?

– Ні ў СІЗА на Валадарскага, ні ў Жодзіне не прымаюць ніякую літаратуру. Нават падручнікі і кнігі па юрыспрудэнцыі. Хаця не так даўно ў жодзінскім ізалятары паабяцалі, што Крымінальны кодэкс прымуць і перададуць мужу.

Калі Андрэя затрымлівалі, ён узяў сабой з дома адну кнігу на польскай мове, але, наколькі мне вядома, яе арыштавалі, а таму недзе ляжыць на складзе.

– Ці праводзяцца з вашым мужам нейкія следчыя дзеянні? Што вядома пра гэта?

– Складана нешта даведацца пра тое, як рухаецца справа, бо адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні. Думаю, следчыя робяць спробы дапытаць Андрэя, але, ведаючы яго, не думаю, што дыялог у іх атрымліваецца.

Зараз таксама праводзіцца экспертыза рэчаў, якія забралі падчас вобшуку, і частку з іх мне ўжо аддалі: флэш-карты, сшыткі Андрэя, кнігі, мабільны тэлефон дзіцяці…

– Як вы і дзеці трымаліся гэтыя тры месяцы?

– Для мяне не ўпершыню праходзіць праз такія выпрабаванні. Дачка Яна ў нас ужо дарослая, студэнтка. Яна ўсё разумее і, натуральна, перажывае за тату. Сыну Яраславу – 10 гадоў, але пры ім я стараюся не паказваць, якія страшныя рэчы адбываюцца зараз, бо ён павінен мець сваё дзяцінства. Яраслаў думае, што дарослыя разбяруцца і вырашаць праблему, пасля чаго тата зноў будзе дома. Ён пакуль не ўяўляе, наколькі сур’ёзная сітуацыя.

– Днямі стала вядома, што Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву вызвалілі з СІЗА і зараз яны ў Польшчы. Прэс-сакратар Лукашэнкі затым заявіла, што гэтаму пасадзейнічаў былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў… Якім бокам экс-кіраўнік Казахстана датычны да «польскай справы» і яе фігурантаў?

– Для мяне самой, як і для многіх, такі паварот падзей – вялікая загадка. Таму з гэтай нагоды ў сацыяльных сетках больш жартаў і кпінаў, чым спроб знайсці адказ на пытанне, пры чым тут Назарбаеў.

Я мяркую так: або фантазія ў пэўных людзей вельмі разыгралася, або мы чагосьці не ведаем.

– Андрэй асабіста не знаёмы з Назарбаевым?

– Калі і знаёмы, то хіба што гэта была таямніца ад сям’і.

– Праўда, што яму таксама прапаноўвалі вызваленне і пераезд у Польшчу, але ён адмовіўся?

– Стопрацэнтнага пацяврджэння гэтаму ў мяне няма, але ў ранейшых лістах Андрэй заяўляў адназначна: нікуды з’язджаць ён не збіраецца. Безумоўна, не выключаю, што яму таксама прапаноўвалі вызваленне, але факт застаецца фактам: муж па-ранейшаму ў ізалятары.

Публікацыя – з № 43 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: