Здание Европарламента. Фото: tehnowar.ru
Здание Европарламента. Фото: tehnowar.ru

Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. За яе прагаласавалі 626 дэпутатаў, 16 былі супраць, 36 устрымаліся. Рэзалюцыя, як удакладняе “Радыё Свабода”,  з’яўляецца толькі рэкамендацыйнай для кіраўніцтва Еўрасаюзу.

У праекце дакумента ўтрымліваюцца наступныя пункты:

  • Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Беларусі называюць «жахлівым актам», які парушае міжнародныя законы, і «актам дзяржаўнага тэрарызму».
  • Заклікаюць неадкладна і без умоваў вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу, а таксама іншых журналістаў і палітычных вязняў у Беларусі.
  • Заклікаюць расследаваць інцыдэнт, у тым ліку магчымую ролю Расеі ў «тэрарыстычных актах, якія ўчыняе беларускі рэжым». Пры гэтым любы грамадзянін Расеі, які наўпрост ці ўскосна ў гэтым удзельнічаў, мае падпасці пад санкцыі Еўрасаюзу.
  • Пацвярджаюць непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі і называюць ягоны рэжым «нелегітымным, незаконным і злачынным».
  • Патрабуюць неадкладна спыніць гвалт і рэпрэсіі – у прыватнасці, незаконныя затрыманні, катаванні і крымінальны пераслед мірных грамадзян, «якія ад часу скрадзеных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году вымусілі больш за 14 тысяч беларусаў пакінуць краіну».
  • Асуджаюць пераслед незалежных медыя і журналістаў і падкрэсліваюць права народу Беларусі на бесперашкодны доступ да інфармацыі.
  • Асуджаюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў польскай меншасці і варожыя дзеянні супраць польскамоўнай адукацыі ў Беларусі.
  • Далучаюцца да закліку запрасіць прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва на саміт «Вялікай сямёркі» і саміт «Усходняга партнёрства», а таксама стварыць групы, прысвечаныя Беларусі, у парламентах усіх краін ЕС.
  • Заклікаюць кіраўніцтва Еўрасаюзу як найхутчэй прыняць чацвёрты пакет санкцый супраць адказных за выбарчыя фальсіфікацыі і рэпрэсіі, а таксама пачаць працу над наступным пакетам санкцый.
  • Заклікаюць, каб санкцыі былі пашыраныя на адказных за інцыдэнт з самалётам Ryanair, а таксама на тых хто працуе на прапаганду, дэзынфармацыю і мову нянавісці рэжыму, у прыватнасці на Марата Маркава, чыю гутарку са заняволеным Раманам Пратасевічам паказалі на дзяржаўным канале АНТ.
  • Заклікаюць кіраўніцтва і ўсе краіны Эўразьвязу адмовіцца ад любой фінансавай падтрымкі рэжыму, а таму – адмовіць беларускім банкам у любых новых крэдытных лініях і спыніць любыя інвестыцыі ў праекты ў Беларусі.
  • Заклікаюць Еўракамісію зрабіць немагчымай куплю еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі бондаў ці іншых фінансавых інструментаў беларускага ўраду
    Нагадваюць усім прыватным бізнесам з краінаў Еўрасаюзу, якія дзейнічаюць у Беларусі, каб тыя памяталі пра свой абавязак паважаць правы чалавека, і заклікаюць іх устрымацца ад новых інвестыцый і публічна пратэставаць супраць рэпрэсій з боку ўладаў у Беларусі.
  • Заклікаюць да санкцый супраць тых беларускіх кампаній, якія падтрымліваюць рэжым ці звальняюць сваіх супрацоўнікаў за ўдзел у страйках ці пратэстах.
    Заклікаюць да сектаральных санкцый супраць нафтаперапрацоўчай і калійнай галіны, вытворчасці сталі і дрэваапрацоўчай галіны.
  • Заклікаюць спыніць супрацоўніцтва з беларускімі банкамі, якія належаць дзяржаве, і абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў сваім даччыным банкам у Беларусі
    Заклікаюць разгледзець магчымасць часова адключыць Беларусь ад плацежнай сістэмы SWIFT.
  • Заклікаюць еўрапейскія кампаніі, у прыватнасці Siemens AG, адмовіцца ад супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.
  • Заклікаюць краіны ЕС узмацніць намаганні супраць кантрабанды цыгарэтаў з Беларусі ў Еўрасаюз.
  • Заклікаюць прыпыніць удзел беларускіх федэрацый у міжнародных спартовых арганізацыях і спартовых мерапрыемствах, у тым ліку ў еўрапейскіх чэмпіянатах, чэмпіянатах свету і ў Алімпійскіх гульнях у Токіа.
  • Заклікаюць УЕФА забраць правы на трансляцыю футбольнага чэмпіянату Еўропы ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і бясплатна перадаць іх тэлеканалу «Белсат».
    Заклікаюць правесці канферэнцыю высокага ўзроўню «Будучыня дэмакратычнай Беларусі».

4 чэрвеня Еўрапейскі Саюз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЕС, а таксама доступ да аэрапортаў ЕС усім беларускім авіякампаніям. У заяве Еўрапейскай Рады тлумачылася, што гэтае рашэнне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЕС «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бяспеку». У высновах таксама асуджалася затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Софʼі Сапегі, якія ляцелі гэтым рэйсам.

Поделиться ссылкой: