Данііл Філіповіч. Фота https://nn.by

Купалаўскі тэатр анансаваў прэм’еру спектакля «Жаніцьба». Яго паставіць 26-гадовы рэжысёр Данііл Філіповіч, паведамляе “Наша Ніва“.

«Жаніцьба» паводле п’есы Мікалая Гогаля — першая паўнавартасная прэм’ера ў Купалаўскім ў гэтым сезоне. Дагэтуль тэатр толькі аднаўляў свае старыя спектаклі: «Паўлінку», «Вечар» і «Чорную панну Нясвіжа».

У кулуарах казалі, што паставіць новыя спектаклі ў Купалаўскім — а таксама заняць пасаду мастацкага кіраўніка — прапаноўвалі многім рэжысёрам, але ўсе адмовіліся.

Мастацкім кіраўніком урэшце стала Вольга Няфёдава, але яна актрыса, таму новых спектакляў так і не з’явілася.

Згадзіўся толькі Філіповіч. Хто ён такі?

Па нацыянальнасці Данііл — азербайджанец. Нарадзіўся ў 1994 годзе. Скончыў Мінскі каледж мастацтваў і Расійскую акадэмію тэатральнага мастацтва. Стварыў тэатр «Адкрытая прастора» і тры гады быў яго кіраўніком.

Да нядаўняга часу Філіповіч працаваў рэжысёрам у Беларускім тэатры юнага гледача, дзе паставіў спектакль «Палёты ўдваіх». Там гучыць паэзія Максіма Багдановіча і Цёткі.

Хадзілі чуткі пра яго новыя пастаноўкі, ды гэтай вясной Данііл нечакана звольніўся з ТЮГа.

Таксама ён ставіў у Палескім тэатры (працуе ў Пінску) і Гомельскім моладзевым тэатры.

Прэм’ера ў Купалаўскім заплавана на канец ліпеня.

З акцёраў, што працавалі ў тэатры да жніўня, на сцэну выйдуць Тамара Міронава, Тамара Нікалаева-Апіёк і Міхаіл Світа.

Астатнія — навічкі.

У якасці мастака над «Жаніцьбай» будзе працаваць Аляксандр Камянец. Да 2017-га ён працаваў у Купалаўскім начальнікам мастацка-бутафорскага цэха, пазней з’яўляўся мастаком цырымоніі адкрыцця і закрыцця кінафестывалю «Лістапад».

Поделиться ссылкой: