Уладзімір Няпомняшчых

Калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суда разгледзела 9 чэрвеня апеляцыйную скаргу пенсіянера МУС, актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых на пакаранне двума з паловай гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне 7 красавіка прыняў суддзя Савецкага раёна Аляксандр Мохараў, палічыўшы, што Няпомняшчых пагражаў і абразіў памочніцу пракурора горада Алесю Жураўлёву. Апроч таго, актывіст мусіць выплаціць Жураўлёвай тысячу рублёў маральнай шкоды.

Абласная калегія адхіліла скаргу актывіста, пакінуўшы прысуд без зменаў. Такім чынам пакаранне Уладзіміру ад сённяшняга дня набывае юрыдычную моц, і яго, хутчэй за ўсё, неўзабаве адправяць з Гомельскага СІЗА-3 у калонію.

Адхілена было і пісьмовае хадайніцтва актывіста пра магчымасць самому прысуднічаць пры разглядзе апеляцыйнай скаргі. Пра гэта паведаміў «Народнай Волі » адвакат Уладзіміра Сяргей Красноў. Але ніякай іншай інфармацыі па справе ён не можа распавесці, паколькі ў адваката ўзята падпіска пра неразгалошванне.

Што аспрэчваў пенсіянер МУС

Суд першаснай інстанцыі над Няпомняшчых праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку СІЗА-3. Сам Уладзімір у допісах сваякам і сябрам згадвае, што ў крымінальнай справе, якую на падставе дакладной запіскі прадстаўніцы пракуратуры Алесі Жураўлёвай завялі па артыкулах 366 і 369 КК, адсутнічаюць хоць якія доказы яго віны.

«Толькі словы дзвюх сябровак-рагатушак», – пісаў Няпомняшчых у лісце, маючы на ўвазе памочніцу пракурора і яе каляжанку.

Апроч таго, Уладзімір згадвае, што на яго судзе фігураваў дыктафонны запіс аднаго з гомельскіх журналістаў (Анатоля Гатоўчыца з «Народнай Волі» ), які знаходзіўся побач. Экспертыза ўстанавіла, што «запіс яго быў без перапынку і мантажу. І поўны нуль! Таму гэта не суд, а звычайнае судзілішча», – лічыць 68-гадовы персіянер МУС.

На дыктафонным запісе сярод іншых галасоў чуваць такія словы Няпомняшчых: «справу сфальсіфікавалі», «усе (чальцы) арганізаванай злачыннай групоўкі».

Той інцыдэнт здарыўся 23 лістапада. Былы афіцэр міліцыі Няпомняшчых прысуднічаў на судзе гамяльчаніна Георгія Васіленкі, які падчас жнівеньскіх пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў замяніў на цэнтральнай плошчы афіцыйны сцяг на нацыянальны бел-чырвона-белы.

Крымінальную справу ў дачыненні Васіленкі за злоснае хуліганства разглядаў суддзя Цэнтральнага раёна Сяргей Салоўскі, а абвінавачванне падтрымлівала прадстаўніца пракуратуры Алеся Жураўлёва. Калізія ў тым, што следчыя на пачатку распачалі справу за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а пасля перакваліфікавалі на артыкул пра злоснае хуліганства, санкцыі паводле якога больш суворыя.

У судзе памочніца пракурора горада Алеся Жураўлёва як дзяржаўны абвінаваўца падтрымала кваліфікацыю дзеянняў Васіленкі і прапанавала асудзіць 25-гадовага гараджаніна менавіта на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу. У выніку суд і пакараў Васіленку 2 гадамі «хіміі».

На толькі што абвешчаны прысуд эмацыйна адрэагаваў прысутны ў зале Уладзімір Няпомняшчых. Казаў, нешта накшталт таго, што справу сфальсіфікавалі, і за гэта ўрэшце будуць адказваць усе – пракуроры, следчыя, суддзі, міліцыянеры. Апошнія з іх бачылі замену сцяга на флагштоку, але не рэагавалі на такія дзеянні.

Праўдападобна, што рэакцыю Уладзіміра Няпомняшчых на прысуд Васіленкі прадстаўніца пракуратуры Жураўлёва і ўспрыняла як пагрозу і абразу на свой адрас. У снежні Уладзіміра арыштавалі.

Расправа над апазіцыйным актывістам

«Прысуд выглядае расправай над актывістам, – лічыць гомельскі палітык Васіль Палякоў. – Уладзімір – адзін з найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі-2020 ў Гомелі, быў на выбарах “кандыдатам пратэсту”. Ён не цярпеў несправядлівасці, парушэння правоў грамадзян, заўсёды выступаў у абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Абвінавачванні супраць Няпомняшчых у “пагрозе гвалту” і “абразе” прадстаўніка ўлады – гэта толькі нагода. Прычына ў палітычнай актыўнасці калегі ды імкненні ўладаў запалохаць людзей, дарэшты прыдушыць пратэстныя настроі грамадзян, незадаволеных фальсіфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў».

Што тычыцца закрытасці суда, зазначае Палякоў, то гэта ўжо страх саміх уладаў, што на пасяджэннях будзе шмат гараджанаў, і яны пачуюць абсурднасць абвінавачванняў супраць актывіста.

Да цяперашняга пакарання Уладзіміра неаднаразова арыштоўвалі і штрафавалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Гомелі і Мінску. На акцыі ён ездзіў у майцы «За Беларусь без Лукашэнкі».

Праваабрончыя арганізацыі прызналі Уладзіміра Няпомняшчых палітычным вязнем. У лістах на волю апазіцыйны актывіст згадвае таксама, што атрымаў вельмі шмат лістоў падтрымкі не толькі «са ўсяе нашай шматпакутнай Беларусі», але і з Кіпру, ЗША і Фінляндыі.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»