Бацькі блогеркі Вольгі Такарчук даведаліся, што іх дачку змясцілі ў карцар
Вольга Такарчук, блогерка

Блогерку Вольгу Такарчук змясцілі ў карцар у турме ў Жодзіна, піша Свабода. Аб гэтым даведаліся яе бацькі, калі прывезлі перадачу.

«Мы прывезлі Волі перадачу ў Жодзіна, тое, што яна прасіла ў лісце: агуркі, памідоры, цыбулю, салат, часнык, чорны хлеб. Перадачу ў нас не прынялі. Мы даведаліся, што яе змясцілі ў карцар да 14 чэрвеня», – сказаў бацька Вольгі Андрэй Такарчук.

Бацькам сказалі, што нібыта Вольга парушыла правілы ўнутранага распарадку. У чым парушэнне, бацькам не патлумачылі. Магчыма, гэта стане вядома пасля наведання адваката.

«Само па сабе пазбаўленне волі – гэта шок. А карцар – гэта шок удвая», – сказаў бацька, былы супрацоўнік міліцыі. На маці дваіх непаўналетніх дзяцей, блогерку Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (абраза суддзі), 188-м (паклёп) і 342-м (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Блогерку чарговы раз затрымалі 19 траўня і адвезлі ў Першамайскі РУУС, а 23 траўня яе арыштаваў пракурор Першамайскага раёну Мінску. З ізалятару на Акрэсціна яе перавялі ў турму № 8 у Жодзіне.

У блогеркі Вольгі Такарчук двое непаўналетніх дзяцей – 3 і 7 гадоў.

Вольга Такарчук вядзе палітычны блог, які мае каля 37 тысяч падпісчыкаў.

Раней яе вінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкулу нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Падставай былі яе блогі, а таксама тое, што яна запускала балонікі з гаўбца кватэры. Блогерку ня раз затрымлівалі. Апошні раз схапілі 14 траўня і паўдня пратрымалі ў РУУС за тое, што яна нібыта махала рукамі і брыдка лаялася каля таго РУУС.

Поделиться ссылкой: