Анжаліка Агурбаш прайграла ў судзе «футравую справу»
Анжаліка Агурбаш

Эканамічны суд Мінску вынес рашэнне ў справе спявачкі Анжалікі Агурбаш — вярнуць грошы ў поўным аб’ёме (плюс судовыя выдаткі) за ўзяты на рэалізацыю тавар, паведамляе Свабода.

Разглядаўся пазоў «Белкаапсаюзу» і «Белкаапзнешгандлю» да індывідуальнай прадпрымальніцы і спявачкі Анжалікі Агурбаш аб выпатрабаванні маёмасці.

Нягледзячы на тое, што пасяджэнне было папярэдняе, суд ня стаў прызначаць дату асноўнага працэсу і цалкам задаволіў прэтэнзіі прадпрыемства. Не перашкодзіла гэтаму і адсутнасьць адказніцы.

Паводле юрыдычнага аддзелу «Белкаапсаюзу», у лістападзе 2018 году з Анжалікай Агурбаш была заключаная дамова аб рэалізацыі 40 футравых вырабаў. Спявачка атрымала тавар і мусіла рэгулярна пералічваць грошы ад рэалізацыі, але гэтага не рабіла.

У выніку ёй выставілі суму ў памеры блізу 83 тысяч даляраў за «прысабечаную» прадукцыю і дадаткова каля 7 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны на судовыя выдаткі.

«Для мяне зварот у суд з боку „Белкаапсаюзу“ і „Белкаапзнешгандлю“ — поўная нечаканасць! Цяпер разбіраюся ў сітуацыі. Я не планую і не збіраюся нікуды з’язджаць. У рамках прававога поля Расейскай Федэрацыі я сябе адчуваю ўпэўнена і бяспечна. А вось ад цяперашняга рэжыму Лукашэнкі можна чакаць чаго заўгодна», – сказала тэлеканалу Белсат Анжаліка Агурбаш.

Згодна з заканадаўствам, рашэнне эканамічнага суду можа быць абскарджанае цягам 15 дзён.

Анжаліка Агурбаш падтрымала беларускі пратэст, сама брала актыўны ўдзел у акцыях каля беларускай амбасады ў Маскве, рэзка выказвалася пра рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі.

Поделиться ссылкой: