У студзені гэтага года 49-гадовы гамяльчанін Яўген К. на анлайн-пляцоўцы гандлю валютамі «Банка Дабрабыт» запрыкмеціў незвычайную інфармацыю: за адзін расійскі рубель прапаноўвалі 3,43 беларускага. Памыліліся ў банку, выстаўляючы курс, – насамрэч столькі каштавалі 100 расійскіх рублёў.

Сцяміўшы, што на тэхнічнай памылцы можна няблага «зарабіць», Яўген на пачатку памяняў невялікую суму. Банкаўская прапанова працавала! За расійскі рубель давалі амаль тры з паловай беларускіх. Паваротлівы мужчына паспяшаўся ў абменнік, дзе ўсе свае ашчадкі ў доларах памяняў на расійскія рублі і перавёў іх на картку, а потым анлайн прадаў за беларускія рублі. І пайшло-паехала. Беларускія рублі Яўген канвертаваў у долары, долары – у расійскія, а потым – зноў у беларускія. За тры дні гамяльчанін правёў 28 такіх «шматхадовачак» і нагрэў банк на 1,7 мільёна рублёў.

Урэшце страту грошай і памылку ў банку выявілі. Звярнуліся ў міліцыю. Дзеянні Яўгена К. былі кваліфікаваны як крадзеж у асабліва буйным памеры (ч.4 арт.205 Крымінальнага кодэкса), паколькі тэхнічная памылка банка падчас валютна-абменных ды іншых аперацый з грашыма не з’яўляецца падставай для вызвалення ад адказнасці.

Крымінальную справу супраць Яўгена К. нядаўна разгледзеў суд Савецкага раёна Гомеля. Абвінавачаны віну сваю адмаўляў. Казаў, што вярнуў грошы банку і нават збіраўся заключыць з ім міравое пагадненне, але не паспеў, бо быў затрыманы міліцыяй. У сваю чаргу прадстаўнікі банка на пасяджэнні суда сцвярджалі, што Яўген вярнуў толькі частку грошай, а потым стаў казаць, што яго аперацыі былі законнымі.

Суд пакараў гамяльчаніна чатырма з паловай гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з выплатай штрафу ў памеры 2900 рублёў. Але вынесены прысуд можа быць яшчэ абскарджаны.

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»