Ілюстрацыйны здымак.

«Народная Воля» пацікавілася, як ідуць справы ў гродзенскіх аўтаперавозчыкаў.

«Бусы амаль год стаялі на прыколе»

Гродзенская фірма-аўтаперавозчык ААТ «Кортакс» на рынку ўжо 13 гадоў. Гэта шматпрофільная структура, якая прапануе цэлы шэраг паслуг. У штаце 45 работнікаў, аўтамабільны парк – каля 20 бусаў.

Намесніца дырэктара Святлана Каранеўская пералічвае сферу дзейнасці фірмы да пандэміі: вазілі ўдзельнікаў розных канферэнцый, сімпозіумаў па Беларусі і за мяжу, абслугоўвалі арганізаваныя экскурсіі і асобных турыстаў у выхадныя дні, дастаўлялі людзей у аэрапорт, забяспечвалі папулярныя ў народзе шоп-туры ў Беласток… Цяпер засталіся толькі гарадскія маршруткі. На гэтым, уздыхае мая суразмоўніца, фірма і трымаецца. Праўда, колькасць пасажыраў на гарадскім транспарце адчувальна скарацілася.

– У нас кошт праезду ў маршрутцы – 1,20 рубля, а ў таксі тры-чатыры чалавекі, каб даехаць дадому з працы, скідваюцца і плацяць 4 рублі, – падлічвае спадарыня Каранеўская. – І многія падчас пандэміі выбіраюць таксі, паколькі гэта больш бяспечна.

Святлана дастае з паліцы папку з надпісам «Дзеці». Кажа, што гэта папка штогод пухла ад дамоў, асабліва падчас канікул. 

– А цяпер ніхто не звяртаецца да нас. Апошняя дамова са школай была заключана 20 сакавіка 2020 года…

Цяпер бусы ААТ «Кортакс» адпраўляюцца ў рэйсы па Беларусі толькі са спартыўнымі клубамі «Гараднічанка» і «Кронан».

– Нашы бусы, якія выкарыстоўваліся для заказных паездак, амаль год стаялі на прыколе і нікуды не выязджалі, – гаворыць спадарыня Каранеўская. – І што будзе далей – не вядома.

Адчувальна знізіліся заробкі вадзіцеляў, а таму пачалася цякучка кадраў. Маладыя людзі, якія наймаюцца на працу, імкнуцца трохі набрацца вопыту, а потым з’язджаюць працаваць у замежныя фірмы.

– У нас цяпер на маршрутцы людзі зарабляюць 600–700 рублёў, а ў замежных фірмах на «цірах» – да 1500–2000 еўра, – канстатуе намесніца дырэктара. – Знайсці прафесійнага кіроўцу робіцца праблемай.

Таму ў фірме застаюцца працаваць людзі больш сталага ўзросту, якім ужо позна ехаць у пошуках працы за мяжу.

– Мы наогул цяпер вымушаны браць вадзіцеляў па сумяшчальніцтве. Нехта працуе на «хуткай дапамозе», у тралейбусным упраўленні ці яшчэ недзе. Падладжваюцца пад свой і наш графік і ездзяць.

Адчувальна б’е па бюджэце фірмы і кошт паліва. Кожнае падаражанне бензіну на 1 капейку павялічвае расходы ў месяц на 200 рублёў. А  гэта палова аплаты арэнды офіса, якая расце разам з курсам еўра. А яшчэ трэба заплаціць за тэхагляд і дазвол на дарожны рух на кожную машыну, за абслугоўванне касавых апаратаў, апарата СКНО, якія ўстанавілі ў мэтах падатковага кантролю.

Самае прыкрае ў гэтай сітуацыі, лічыць мая суразмоўніца, што ніякай перспектывы не праглядаецца.

Спадзяванняў не засталося

Гродзенская прыватная фірма «Zet» – адна са старэйшых у рэгіёне. Лічыцца шматпрофільнай, паспяхова займалася ў тым ліку пасажырскімі перавозкамі і мела сваё турагенцтва. Дырэктар Сяргей Якшэвіч распавядае, што праблемы пачаліся з сакавіка мінулага года, калі да нас дакацілася пандэмія.

З нядаўняга часу засталіся толькі тры рэйсы бусаў з Гродна ў Беласток. Колькасць пасажыраў – мізэрная. Калі да пандэміі загрузка транспарту была амаль стопрацэнтная, то цяпер у салоне адзін, два, тры чалавекі. Даходаў ад гэтых перавозак ледзь хапае на паліва і самыя неабходныя расходы. Каб трымацца на плыву, давялося ўзняць кошт білета з 15 да 40 рублёў.

Што датычыцца турыстычных паслуг, то гэты від бізнесу пацярпеў найбольш. Толькі апошнімі тыднямі ў офіс пачалі прыходзіць нешматлікія кліенты і цікавіцца тым, што прапануе фірма. Сітуацыя ўскладнілася яшчэ і спыненнем палётаў беларускіх самалётаў.

Адна з самых складаных праблем у дадзенай сітуацыі – як утрымаць супрацоўнікаў. Сяргей Ігнатавіч кажа, што ў турагенцтве людзі знаходзяцца на рабочых месцах толькі па некалькі гадзін: няма чым займацца.

– Калі летась мы яшчэ мелі нейкую надзею, што нешта зменіцца, то сёлета ніякіх спадзяванняў не засталося, – сумна заўважае мой суразмоўца. І працягвае: – І ў сферы транспарту, і ў сферы турызму цяпер толькі адна мэта – выжыць.

«Некалі я быў сур’ёзным перавозчыкам…» 

У яшчэ больш складанай сітуацыі аказаліся індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі. Асабліва тыя, у каго адна ці дзве машыны. 

Андрэй Вітуль распавёў, што да пандэміі ў яго было некалькі сваіх бусаў і яшчэ ён браў заказы, наймаючы на іх выкананне бусы з іншых фірмаў.

– Некалі я сапраўды быў сур’ёзным перавозчыкам, праца кіпела, нармальны даход быў, – згадвае Андрэй. – А зараз у мяне толькі адзін бус, паколькі іншыя машыны ўтрымліваць няма за што. Ды і канкурэнцыя вялікая, а заказаў практычна няма.

А да ўсяго яшчэ дадалося і тое, што межы закрыты і няма ніякай яснасці, калі яны адкрыюцца. З надыходам лета не адчуваецца ніякіх зрухаў.

Індывідуальная прадпрымальніца Алена Шымановіч ужо цэлы год жыве на лецішчы, паколькі працы на пасажырскіх перавозках амаль не стала. У яе адзін бус, і той выконвае адзін-два заказы ў месяц.

– Добра, што яшчэ хоць на падаткі і розныя выплаты ўдаецца зарабіць, – падкрэслівае жанчына.

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: