Отец Софьи Сапеги: «Сейчас ее могут заставить что угодно сказать»

Расійскі Савет правоў чалавека будзе дамагацца экстрадыцыі зняволенай у Беларусі Соф’і Сапегі. Аб гэтым заявіў старшыня расійскага Савету правоў чалавека – блізкі да Крамля палітычны дзеяч, па сумяшчальніцтве дарадца Пуціна і сябра найвышэйшай рады партыі ўлады «Единая Россия» Валерый Фадзееў, паведамляе ТАСС.

«Гэта расійская грамадзянка, мы будзем за гэтым сачыць і будзем дамагацца таго, каб было безумоўнае выкананне закону, а яшчэ лепш, каб яе экстрадавалі ў Расію, – дадаў Фадзееў. – Я заўсёды выступаю за тое, што незалежна ад характару злачынства трэба расійскіх грамадзянаў выцягваць».

Гэта адрозніваецца ад таго, як раней сітуацыю са зняволеннем Соф’і Сапегі каментавалі расійскія ўлады. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна пры канцы траўня казаў, што Крэмль «прымае да ўвагі» тое, што ў зняволенай ёсць від на жыхарства Беларусі, а Пуцін даручыў Міністэрству замежных справаў «самым уважлівым чынам адсочваць лёс справы расійскай грамадзянкі». Пра выдачу зняволенай у Расію тады не было гаворкі.

Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня заявіў, што следства супраць Пратасевіча і Сапегі будуць весці ў Беларусі – пра гэта ён нібыта казаў Пуціну, і ў Расіі «яны не крыўдзяцца», пытанняў з доступам консулаў не будзе.

Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з Раманам Пратасевічам, беларускім журналістам, пасадзіўшы ў Мінску самалёт, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Лятак прызямлілі, паведаміўшы пра бомбу на борце.

Дзяўчыну арыштавалі на два месяцы, змясцілі ў СІЗА КДБ. Нібыта яна падазраваная у арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК РБ), арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ), і распальванні варожасці (арт. 130 КК РБ), але ці выставілі ёй абвінавачанне, невядома.

Вакол справы з затрыманнем Пратасевіча і Сапегі ёсць яшчэ адна спрэчка Крамля і ўладаў Беларусі: прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў учора заявіў, што беларускі бок і затрыманы ў Мінску Раман Пратасевіч павінныя патлумачыць, каго яны мелі на ўвазе, згадваючы пра фінансаванне экстрэмісцкага Telegram-каналу кампаніяй, звязанай з адным з расейскіх алігархаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»