Днямі стала вядома, што Еўрапейская асацыяцыя веласіпедыстаў (ЕАВ) прыняла рашэнне не праводзіць у Мінску чэмпіянат Еўропы па велатрэку, які быў запланаваны на гэты месяц.

«У святле міжнароднай сітуацыі, якая склалася, праўленне ЕАВ прыняло рашэнне адмяніць чэмпіянат Еўропы па велатрэку 2021 года, які павінен быў прайсці ў Мінску з 23 па 27 чэрвеня», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні асацыяцыі.

Раней ад удзелу ў першынстве адмовіліся зборныя Нідэрландаў, Вялікабрытаніі і Германіі.

5 чэрвеня на сталічным стадыёне «Дынама» павінен быў адбыцца матч да 110-годдзя беларускага футбола з удзелам вядомых беларускіх і еўрапейскіх гульцоў. І зноў-такі – пралёт! Федэрацыі заставалася толькі абвясціць, што матч «перанесены на нявызначаны тэрмін».

Пазней стала вядома, што чэх Томаш Росіцкі, які першапачаткова пагадзіўся прыляцець у Беларусь, адмовіўся ад удзелу ў гэтым футбольным шоу. Гэтак жа як і літовец Эдгарас Янкаўскас.

Таксама не адбыўся ў гэтым годзе і чэмпіянат свету па хакеі, які планавалі правесці ў Мінску і Рызе. Менавіта з-за тых падзей, што пачалі адбывацца ў Беларусі пасля выбараў, якія многія лічаць сфальсіфікаванымі. Не ўбачылі беларусы і лепшых біятланістаў падчас этапа Кубка свету ў Раўбічах.

Для беларускіх балельшчыкаў гэта, безумоўна, дрэнна, хаця па вялікім рахунку застаецца адкрытым пытанне: ці варта наогул падчас пандэміі збіраць на арэне аматараў спорту? Каранавірус, наколькі вядома, ніхто не адмяняў.

Тым не менш мы бачым, што краіна ўпэўнена ідзе да самаізаляцыі ад цывілізаванага свету. І закопваем мы сябе сваімі ж рукамі.

Міністр спорту Сяргей Кавальчук назваў адмену этапа Кубка свету «подласцю» з боку Міжнароднай федэрацыі біятлона. Іншыя спартыўныя чыноўнікі, калі даведваюцца пра адмену чарговага мерапрыемства ў Мінску, робяць круглыя вочы і кажуць, што «спорт павінен быць па-за палітыкай».

Праўда, забываюцца сказаць, за што звальнялі са зборных, здымалі са ставак і нават адпраўлялі на «суткі» тых спартсменаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю наконт таго, што адбываецца ў краіне. Няхай спытаюцца пра «подласць» у славутай баскетбалісткі Алены Леўчанка ці сярэбранага прызёра Алімпіяды Андрэя Краўчанкі, якія прайшлі праз нары на Акрэсціна і ведаюць цану словам «спорт павінен быць па-за палітыкай».

Сёння, калі раскол адбыўся ў грамадстве, існуе ён і сярод спартсменаў. Ёсць тыя, хто не пабаяўся выказаць усё, што думае, вырашыў пазмагацца за праўду і за гэта пацярпеў, але большасць плыве па цячэнні.

І, на мой погляд, асуджаць іх не варта, бо кожны мае права рабіць свой выбар. Але ў такім выпадку не трэба рабіць круглыя вочы, калі Беларусь у чарговы раз пазбавяць права на правядзенне нейкага міжнароднага спартыўнага форуму. Як кажуць, чаго хацелі – тое і атрымалі.

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»