Шэсць работнікаў ААТ «Гродна Азот» і двое работнікаў аб’яднанага з ім прадпрыемства «Хімвалакно», якія з’яўляюцца членамі Беларускага незалежнага прафсаюза, атрымалі паведамленні аб тым, што працоўны кантракт з імі працягвацца не будзе. Прычыны не тлумачацца.

Кіраўнік заводскай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза Андрэй Ханевіч распавёў, што паведамленні ўсе работнікі атрымалі, як і належыць, за месяц альбо за паўтара да заканчэння кантракта. Здзіўляе яго тое, што гэта ў большасці людзі з вялікім досведам, высокія прафесіяналы, раней не мелі якіх-кольвек пакаранняў і нараканняў на працы.

Тыя, хто атрымаў паведамленні першымі, па рэкамендацыі прафсаюза напісалі лісты ў адміністрацыю прадпрыемства і прасілі патлумачыць прычыны адмовы працягнуць кантракт, а таксама пацвердзілі сваё жаданне працаваць далей. На працягу двух тыдняў ніхто з іх афіцыйных адказаў ад адміністрацыі прадпрыемства не атрымаў.

Члены незалежнага прафсаюза лічаць, што сітуацыя, калі не працягваюць кантракты адразу васьмі работнікам, якія ўваходзяць у склад іх прафсаюзнай арганізацыі, невыпадковая. На прафсаюзным сходзе было прынята рашэнне звярнуцца з запытамі ў канцэрн «Белнафтахім», Савет міністраў, пракуратуру, а таксама падрыхтаваць неабходныя паперы для вядзення калектыўнай спрэчкі ў судзе.

На мінулым тыдні калегія Гродзенскага абласнога суда адхіліла скаргу арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза «Гродна Азот» на рашэнне Кастрычніцкага суда, які прызнаў законнымі звальненне 13 членаў незалежнага прафсаюза. Усе яны былі звольнены пасля таго, як узялі ўдзел у забастоўцы 26 кастрычніка мінулага года.

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: