Прайшоў год, як Мікалай Статкевіч быў змешчаны за краты. Ён прызнаны палітвязнем.

Жонка палітыка распавяла «Народнай Волі», якім быў для яе гэты год, а таксама пра нечаканую сустрэчу з мужам.

Нагадаем: Мікалая Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года, калі ён ехаў на пікет Сяргея Ціханоўскага. Пазней яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч.2 арт.293 КК).

4 мая стала вядома, што справу Статкевіча і шэрага іншых палітвязняў будзе разглядаць Гомельскі абласны суд. Сярод абвінавачаных – Сяргей Ціханоўскі, блогеры Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч, а таксама Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў.

Для мяне гэты год быў і цяжкім, і адначасова годам вялікай любові, узрушэння і надзеі, – кажа Марына Адамовіч і дадае: – Уся сувязь за гэты час – толькі праз адваката і ліставанне. Бывалі перыяды, калі даходзілі ўсе лісты, а здаралася і незразумелая блакада. У мяне склалася ўражанне, што гэта было звязана з «цэнтральным рэгуляваннем». Я падтрымліваю сувязь з блізкімі многіх палітвязняў, і скаргі на тое, што не прыйшлі лісты, у нас практычна заўсёды ўзнікалі сінхронна.

Да таго ж апошнім часам, калі Мікола быў у Жодзіне, лісты ішлі, як быццам праз Камчатку, – ад 10 дзён да двух тыдняў.

– Днямі вы ўпершыню за год сустрэліся з мужам у Гомелі. Для вас гэта было нечаканасцю?

– Поўнай нечаканасцю! Сама паехала ў Гомель, нават не ведаючы дакладна, ці там ужо Мікалай. Напярэдадні мне напісалі сваякі аднаго палітвязня, што яго жонцы дазволілі спатканне. Вырашыла і я пагрукацца ў гэтыя дзверы. У Гомельскім абласным судзе папрасіла дазволіць сустрэчу, і мне раптоўна далі «зялёнае святло». Гэта былі і нечаканасць, і радасць, і шчасце! Да гэтага я амаль месяц пісала заявы ў Следчы камітэт, прасіла спатканне і атрымлівала адмовы ў розных варыянтах. Пісалі альбо «немэтазгодна», альбо «няма падстаў».

– Колькі доўжылася сустрэча?

– Мы размаўлялі дзве гадзіны па тэлефоне ў спецыяльным пакоі праз двайное шкло. Дарэчы, ведаю, што ў СІЗА на Валадарскага спатканне – усяго гадзіна.

Здзівілі чорныя масіўныя тэлефонныя апараты, я такія бачыла толькі ў кіно. Было адчуванне, што яны засталіся яшчэ з 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

За дзве гадзіны, безумоўна, не абмеркавалі ўсё, што адбылося за год, пераскоквалі з адной тэмы на іншую, бо хацелася распавесці пра ўсё.

– Мікалай распавядаў пра сябе і сваю справу?

– Пра сваю справу ён выказаўся яшчэ тады, калі толькі пачаў з ёй знаёміцца. Натуральна, абсалютна не прымае ўсё тое, у чым яго спрабуюць абвінаваціць, а таму напісаў заяву следчым, што адмаўляецца далей чытаць матэрыялы справы.

Мікола таксама распавёў, як яго разам з Ігарам Лосікам і Сяргеем Ціханоўскім этапіравалі з Жодзіна ў Гомель. Усе трое былі ў кайданках. Відаць, адмыслова аўтазак не падагналі акурат да вагона, а спынілі дзесьці за 100–150 метраў. Кайданкі накінулі так, што ладоні былі ўверсе, і такім чынам вязням давялося несці свае рэчы тыя самыя 150 метраў. Зрабілі ўсё, каб максімальна дадаць праблем «палітычным».

Што датычыцца ўмоў утрымання ў СІЗА Гомеля, то там яны лепшыя, чым у Жодзіне. Хаця б тым, што сцены пафарбаваны ў светлы колер. Пагадзіцеся, гэта важна для людзей, якія ўжо год знаходзяцца ў няволі практычна без сонечнага святла. Відаць, гэта спадчына бесчалавечнай савецкай сістэмы.

– У Гомелі ваш муж таксама знаходзіцца адзін у камеры?

– Так, ён адразу напісаў заяву аб бяспечным утрыманні. Адзіночная камера – гэта стандартная мера бяспекі. Такая працэдура прадугледжана законам.

– Як яго здароўе? Не скардзіўся?

– Ведаю, што ў апошнія дні ў Жодзіне ў Міколы скакаў ціск, былі такія трывожныя звесткі. Але выглядае як быццам добра, твар нават крыху загарэў, бо пабываў на сонцы. І на гэтым фоне вельмі кантрасна выглядалі яго ненатуральна белыя рукі.

І абсалютна не вядома, калі ўжо закончыцца знаходжанне ў ізалятары. Справу Віктара Бабарыкі і яго калег у судзе разглядаюць з лютага гэтага года, і канца не бачна. А ў справе Мікалая – аж 178 тамоў! Мне цяжка ўявіць, колькі гэты працэс працягнецца.

– Уладзіміра Сазанчука, адваката Мікалая Статкевіча, пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі. Хто зараз яго абараняе?

– Зараз у Мікалая новы абаронца, але не буду называць яго прозвішча, бо час такі, што сёння нават адвакаты не жадаюць публічнасці.

Калі шчыра, то адвакаты ў нашай краіне, на жаль, ператварыліся ў дарагіх паштальёнаў. Мікола перажыў шмат судовых працэсаў, і мы бачым, што нават самыя бліскучыя довады адвакатаў не ўплываюць на прыняцце рашэння практычна ва ўсіх выпадках.

Зараз адвакаты даюць падпіскі аб неразгалошванні, таму, як бачым, часам наогул баяцца хоць нешта казаць пра сваіх падабаронных.

– Пра нейкія хатнія справы муж цікавіўся?

– Я яму і так пастаянна пішу пра нашага сабаку, які апошнім часам згрыз усё, што толькі можна. Вы сабе ўяўляеце сабачку, які за год знішчыў нават не куст, а цэлае дрэва бэзу?! Я ўжо маўчу пра такія дробязі, як плот альбо мае акуляры. Сабачка добры, ён сваімі ўчынкамі не дае Міколу сумаваць і ўзнімае яму настрой.

– Пакуль не вядома, калі пачнецца суд?

– Не вядома ні дата пачатку працэсу, ні прозвішча суддзі. Мы разам з адвакатам спрабавалі гэта высветліць, але пакуль – цішыня.

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: