Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

На месцы, куды людзі прыносілі кветкі ў памяць аб забітым Аляксандры Тарайкоўскім, улада паставіла смеццевы кантэйнер.

Падчас былых пратэстных хваль
Ад безразважнай кулі
Загінуў чалавек, на жаль, –
Усе пра гэта чулі.
Не ўздзіў, што да апошніх дзён
Дарослыя і дзеткі
На месца, дзе загінуў ён,
Насілі-клалі кветкі.
Для ўлады кветкавы дэкор –
Нібы скула на твары;
Уладзе ганьба і дакор –
Букеты для ахвяры.
І людзям з кветкамі ніяк
Даць рады немагчыма,
Бо не запхнеш у аўтазак
Усіх, хто крочыць міма.
Каб людзі больш у месцы тым
Не пакідалі кветкі,
Чыноўнік з кумпалам пустым
Ці проста цынік рэдкі
Паставіць загадаў туды
Кантэйнер, што для смецця.
(Відаць, напружваў ён глузды
Уночы да дасвецця.)
А кветкі ўсё-ткі пакладзе
Народ – няма сумневу.
І толькі ў нашай грамадзе
Паболей стала гневу:
З жывых людзей чынілі здзек
Чыны такога кшталту,
Цяпер і мёртвы чалавек
Не змог пазбегнуць гвалту…

***

Нядоўга жыць нам «пад пятой»,
Мінецца ліхалецце.
Чаму? Ніхто ў кантэйнер той
Насіць не хоча смецце…

Патрэбна запісаць на лбе: не варта верыць варажбе

Да двух гадоў дамашняй «хіміі» асуджана 27-гадовая мінчанка, якая здымала псоту з грошай і залатога бранзалета, забраўшы іх у незнаёмай жанчыны.

Махляркі дураць нам галовы
Пры дапамозе варажбы.
Ім людзі ўсё аддаць гатовы,
Пазбегнуць жудасці абы
Ці каб не стала доля горшай,
Чым да апошняе пары.
Часцей з каштоўнасцяў і грошай
Здымаюць псоту махляры:
Каму ж, скажыце мне, ахвота,
Каб больш было ў яго турбот,
Каб перакінулася псота
З праклятых кольцаў ці банкнот?
Ён свой набытак «пракажоны»
З душою лёгкаю аддасць.
Ну, адным словам, забабоны
Тым, хто махлярыць, вельмі ў масць.
Вось так і гэтая дзяўчына
Злачынны спраўдзіла намер.
Да незнаёмкі нейкім чынам
Сумела ўцерціся ў давер.
Сказала ёй:
– Твае банкноты,
А да таго ж і бранзалет
Задужа шкодныя з-за псоты,
Іх пры сабе трымаць не след.
Хоць мне напотым будзе туга,
Хоць і самой не па нутру,
Ды вось табе мая паслуга:
Тваё багацце забяру.
І ёй няшчасная кабета
Усё, што мела, аддала.
Яшчэ й аддзячыла за гэта:
Усё ж пазбавіла ад зла.
Калі ж нахабную махлярку
Схапілі ўрэшце за руку
(Шкада, што не далі па карку),
Яна сказала следаку:
― Учынак мой амаль харошы,
Няма ніякае бяды,
Бо кожны ведае, што грошы
Людзей псуюць і сапраўды…

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»