На мінулым тыдні з’явіліся адразу некалькі навін, якія тычыліся не самага папулярнага ў Беларусі віду спорту – шахмат.

Па-першае, старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна (на фота) заявіла, што здымае з сябе паўнамоцтвы кіраўніка арганізацыі. На гэтай пасадзе яна знаходзілася з 2017 года.

Трэба адзначыць, што Анастасія, акрамя ўсяго іншага, з’яўляецца яшчэ і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат. І шмат у чым менавіта яе заслуга, што Мінску было дадзена права правесці ў 2022 годзе Сусветную шахматную Алімпіяду.

Але ў кастрычніку мінулага года стала вядома: беларускі ўрад адмовіўся ад правядзення ў нашай краіне грандыёзнага шахматнага форуму. Маўляў, складаная эпідэміялагічная і эканамічная сітуацыя. Гэта, дарэчы, першы выпадак у гісторыі, калі краіна адмаўляецца ад правядзення такога мерапрыемства.

Цяпер ужо былы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі шахмат Мікалай Зарубіцкі, які вядомы таксама як актыўны ўдзельнік праўладных аўтапрабегаў, затым больш дэталёва распавёў «Трыбуне», чаму ў Беларусі не будзе Сусветнай шахматнай Алімпіяды.

«Думаю, адмова адбылася з-за пандэміі і з-за таго, што Беларусі эканамічна нявыгадна ладзіць такі форум, – патлумачыў Зарубіцкі. – Кіраўніцтва краіны і прыняло такое рашэнне.

Так, казалі, што Беларусь не змагла пацвердзіць авансавыя плацяжы і страхавыя выплаты. Але мы проста разумелі, што не будзем праводзіць Алімпіяду, таму і не аплацілі «гарантыю» – каля мільёна долараў страхоўкі. Калі б мы заплацілі, а потым не правялі Алімпіяду, грошы засталіся б у ФІДЭ. Але мы не плацілі.

Там жа не толькі Алімпіяда, але яшчэ і мужчынскі і жаночы Кубкі свету. Нам іх давалі ў нагрузку. Гэта таксама вельмі накладна. Мужчынскі Кубак абыходзіцца прыкладна ў 1,5 мільёна долараў, а жаночы – амаль у мільён. А сама Алімпіяда разам з гэтымі Кубкамі павінна была абысціся ў 13 мільёнаў долараў. Гэта вельмі вялікая сума. І дзяржава прыняла рашэнне, што гэта немэтазгодна. Асабліва ў пандэмію і эканамічны крызіс, які ідзе ў свеце. Надыдуць лепшыя часы – тады і правядзём».

Трэба адзначыць, што Анастасія Сарокіна была ў ліку беларускіх спартсменаў, якія падпісалі адкрыты ліст з асуджэннем фактаў фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі і гвалту ў дачыненні да мірных удзельнікаў вулічных пратэстаў.

29 кастрычніка, у дзень нараджэння дачкі, да Анастасіі раніцай дадому прыехалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі яе ў Партызанскі РУУС. Маўляў, праводзіцца праверка дзейнасці Федэрацыі шахмат. Таксама ў яе канфіскавалі тэлефон і флэш-карты.

Пасля гэтага Анастасія Сарокіна пакінула Беларусь – яшчэ ў верасні яна паступіла на вучобу ў адзін з еўрапейскіх універсітэтаў на спецыяльнасць «стратэгічнае кіраванне і камунікацыі». А зараз зрабіла заяву, што пакідае пасаду старшыні Беларускай федэрацыі шахмат.

«На працягу чатырох гадоў калектывам федэрацыі быў праведзены шэраг міжнародных і рэспубліканскіх турніраў і чэмпіянатаў, рэалізаваны выдатныя сацыяльныя і адукацыйныя праекты, – кажа Анастасія Сарокіна. – Гэта былі складаныя, але адназначна вельмі важныя і цікавыя гады ў маім жыцці. Але часам жыццё ставіць перад выбарам. Мой выбар зараз – гэта сям’я і мае блізкія людзі.

Як віцэ-прэзідэнт ФІДЭ, цяпер я актыўна задзейнічана ў рэалізацыі сацыяльных праектаў гэтай арганізацыі. Гэта надае мне сіл і ўпэўненасці ў тым, што ўсё ідзе ў правільным кірунку.

…А Алімпіяду мы яшчэ абавязкова правядзём. Будзем лічыць, што гэта адкладзеная партыя».

Пакуль не вядома, хто заменіць Анастасію Сарокіну на пасадзе старшыні Беларускай федэрацыі шахмат.

Тым часам прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахмат Аркадзь Дварковіч заявіў, што беларускі бок павінен грошы за адмову ад правядзення Кубка свету.

«Кубак свету пройдзе ў Сочы з 10 ліпеня па 6 жніўня, і мы рыхтуемся да яго, – паведаміў Дварковіч. – Ужо заключаем кантракты з гатэлямі, пляцоўкай для правядзення, займаемся ўзгадненнем медыцынскіх пратаколаў. Шахматысты атрымліваюць візы – працэс ідзе добра.

Мы вельмі ўдзячны ўраду Расіі за падтрымку, бо здарыўся форс-мажор. Мінск адмовіўся ад правядзення турніру, мы нічога не забіралі ў іх, таму Беларусь паступіла не па-партнёрску. Нас паставілі перад фактам, без усялякай кампенсацыі. Гэта складаная сітуацыя, і з ёй яшчэ будзем разбірацца.

Ёсць рашэнне Савета ФІДЭ займацца пытаннем атрымання кампенсацыі. Не мы беларускаму боку павінны грошы, а яны нам, бо мы выдаткавалі свае рэсурсы».

Публікацыя – з № 42 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: