Швейцарская кампанія Stadler пастанавіла наладзіць вытворчасць электрацягнікоў ва Украіне. Як заявіў “Інтэрфакс-Украіна” намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Кірыл Цімашэнка, прадпрыемства ўжо выбрала лакацыю для новага завода. Тэставы цягнік павінен сысці з канвеера да пачатку 2022 года.

Цалкам магчыма, вядома, што швейцарская кампанія надумала, што ёй патрэбен трэці завод ва Усходняй Еўропе. Рынак, на які працуюць прадпрыемствы, ужо запушчаныя пад Мінскам і ў Сельцэ (Польшча), даволі вялікі. Аднак усё можа аказацца па-іншаму. Ускосна будаўніцтва завода ва Украіне можа сведчыць пра планы Stadler пачаць згортваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Калі не цалкам завяршаць.

У адной з беларускіх кампаній, якія супрацоўнічаюць са Stadler, Еўрарадыё расказалі, што ўжо даўно не атрымлівалі ад швейцарцаў новых заказаў. Але сам Stadler у сваім каментары Еўрарадыё выбірае вельмі асцярожныя фармулёўкі:

“Stadler, урад Украіны і чыгуначная кампанія “Укрзалізниця” падпісалі ў пачатку траўня бягучага года мемарандум аб узаемаразуменні адносна далейшага развіцця чыгункі ва Украіне. Перанос беларускага прадпрыемства не ёсць яго часткай і не плануецца. Акрамя таго, мы не каментуем бягучыя перамовы па кантракце”.

Калі кампанія закрые вытворчасць у Фаніпалі, паўтары тысячы чалавек застануцца без працы. Гэта не кажучы ўжо пра тое, што Беларусь страціць буйны інвестпраект.

Поделиться ссылкой: