Сяргей Антончык выступае на Плошчы Незалежнасці

Лецішча Сяргея Антончыка ў вёсцы Перакопаўшчына на Стаўбцоўшчыне нагадвае сталічны Батанічны сад. Чаго там толькі няма! Адных вінаграднікаў – ажно шэсць, у спрыяльныя гады ўраджай гаспадар тачкамі вывозіць. Кветнікі, цяпліцы, вялікі сад – усё ў ідэальным парадку.

Але праславілася Антончыкава сядзіба не земляробчымі дасягненнямі, а камянямі, якія… зладзілі недазволены пікет. Каб даведацца падрабязнасці з першых вуснаў, я завітаў у Перакопаўшчыну.

– Спадар Сяргей, пасля здарэння з вашымі камянямі я магу ўзгадаць толькі словы з Бібліі: «Калі мы замаўчым, дык камяні загалосяць». Як выглядае, у Беларусі ўжо і камяні не могуць маўчаць, сузіраючы ўсё тое беззаконне, якое адбываецца амаль штодня. Раскажыце, як з-за камянёў вы трапілі на лаву падсудных?

– Па-першае, я вельмі люблю камяні, у іх прысутнічае нешта пазачасавае. Малым я жыў у Плешчаніцах, і там непадалёк ад нашай сядзібы ляжаў вялікі валун. Я хадзіў вакол яго і думаў, колькі ён перабачыў на сваім вяку! Мяне не стане, а ён застанецца – яшчэ на тысячагоддзі. Мой улюбёны краявід – сосны, жыта і камяні. У ім – беларуская вечнасць.

Сяргей Антончык: «За спінай улады ўсё больш і больш злачынстваў – гэта як ланцуговая рэакцыя, якую цяжка спыніць»
Камень, што… зладзіў пікет.

– Нездарма Ніл Гілевіч адну са сваіх кнігі так і назваў – «Жыта, сосны і валуны».

– Бо Ніл Сымонавіч быў родам з нашых мясцін, з Лагойшчыны. Вось мне і захацелася стварыць вечны беларускі краявід на лецішчы ў вёсцы Перакопаўшчына Стаўбцоўскага раёна. Навёз камянёў, размясціў іх адпаведным чынам перад весніцамі. А знаёмыя мастакі на трох камянях намалявалі бел-чырвона-белы сцяг, «Пагоню» і сцяг Еўрасаюза. Апошнім часам я заўважыў, што людзі прыходзілі паглядзець на мае камяні, якія нікому не перашкаджалі. Але нядаўна ў нас мост невялічкі зрабілі праз рэчку Гавяжнянку (прыток Нёмана). І, відаць, як яго адкрывалі, нехта ўбачыў мае камяні.

– А вы ў гэты час былі на лецішчы?

– Не, у Мінску. І здарылася так, што дзеці захварэлі на кавід, і я паехаў у Перакопаўшчыну на самаізаляцыю. Прыехаў, а міліцыянт (не ўчастковы, таго я ведаю) фатаграфуе мае камяні і пратакол складае! Потым павезлі мяне ў Стоўбцы. Патрымалі ў РАУСе і накіравалі ў ІЧУ. А ў мяне – тэмпература, падазрэнне, што падхапіў вірус. З ізалятара павезлі ў бальніцу. Доктар агледзеў і напісаў у даведцы, што мяне катэгарычна нельга трымаць у шматлюднай камеры. Але рэкамендацыя доктара для міліцыянтаў – пусты гук. Мяне ўсё ж пакінулі ў ІЧУ, у шасцімеснай камеры. Праўда, чатырох чалавек тут жа выселілі, а са мной пакінулі нейкага на выгляд бамжа.

– Вы ўсё ж дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, асоба вядомая. Як да вас ставіліся ў тым ІЧУ?

– О, тут цікава было. Мне з сакамернікам раптам выдалі новую бялізну – ручнікі, прасціны, падушкі, коўдры, нават паперу туалетную. Калі дзверы зачыніліся, ён здзівіўся: «Што адбываецца? Ніколі такога на было» (а ён сядзелец са стажам). Леглі спаць. І тут раптам святло ў камеры пагасла. Бомж ізноў здзівіўся – на яго памяці святло гарэла заўсёды, днём і ноччу. А я падсмейваюся: «Відаць, лямпачка перагарэла». Ведаеце, я сядзеў у ізалятары на Акрэсціна неаднаразова – не параўнаць…

– На судзе вы атрымалі немалы штраф – 30 базавых (870 рублёў). Суддзя Стаўбцоўскага раёна Вікторыя Суднік кваліфікавала вашы дзеянні як «пикетирование путем размещения герба «Погоня» и бело-красно-белого флага на камнях». Гэта яшчэ большае дурноцце, чым прысуд за шкарпэткі не тых колераў. Суддзя разумела, што выставіла сябе на пасмешышча?

– Адразу хачу сказаць, што мае суткі за кратамі і штраф – гэта нявартая ўвагі дробязь у параўнанні з прысудамі другім людзям – даюць жа па 5–7 гадоў калоніі. Што да паводзін суддзі… Разумееце, у нашай краіне цалкам дэфармавалася ўяўленне, што такое добра і што такое дрэнна. Чаму суддзі прымаюць рашэнні, якіх не павінны прымаць? Спадарыня Суднік разумела ж, што мае камяні ляжалі некалькі гадоў, як і іншыя суддзі разумелі, што хтосьці набыў бел-чырвона-белыя шкарпэткі ў ЦУМе, што чалавек проста вывесіў на балконе бялізну – няважна якога колеру і ў якім парадку. Але дэфармацыя закранула і суддзяў, таму яны лёгка пераступаюць праз сваё сумленне. Гэта як хвароба. Вынесці неправамернае рашэнне – ну, неяк абыдзецца… Пайсці стукануць на кагосьці – нічога страшнага. Усе так робяць. Я глядзеў на суддзю Суднік – узростам, як мая дачка, нават маладзейшая. Я па вачах бачыў – яна разумела, што ніякага пікета на маім лецішчы не было.

– І тым не менш прызнала вас вінаватым і – аштрафавала!

– Зменіцца сітуацыя, і яна адхрысціцца ад свайго рашэння, скажа, што яе прымусілі, а ў яе дзеці малыя, маці хворая… Калі міліцыянеры везлі мяне ў Стоўбцы, то прызналіся: «У нас служба не дай Бог, мы будзем хутка сыходзіць». І ўсім сваім выглядам падкрэслівалі, што не хочуць гэтага рабіць. Разумееце, калі чалавек не мае ніякіх каштоўнасцяў у душы, ён замяняе іх матэрыяльным здабыткам – крэдытам, узятым на будаўніцтва дома, службовай кватэрай, заробкам. І калі ты застаешся ў сістэме, ты павінен выконваць яе загады, а калі сыходзіш, то страчваеш усё. Мне самому давялося прайсці праз нешта падобнае. Відаць, я адзіны дэпутат Вярхоўнага Савета, які працаваў грузчыкам – два гады цягаў возікі ў краме, накручваў за дзень да 30 кіламетраў.

– Вы ў палітыцы не адно дзесяцігоддзе. З вышыні свайго досведу вы бачыце, што было зроблена не так у жніўні 2020-га?

– Два гады таму я выступаў з ініцыятывай правядзення вялікага сходу беларускай эліты. Каб сабраліся пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, гісторыкі. Я хадзіў па ўсіх былых дэпутатах Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, сустракаўся з Валянцінам Голубевым, Алегам Трусавым, Лявонам Баршчэўскім, з іншымі. Давайце правядзём сход! Не пенсіі прасіць будзем у дзяржавы, а пакажам краіне, што беларуская нацыянальная эліта існуе, і менавіта яна павінна знайсці выйсце з той палітычнай сітуацыі, у якой апынулася краіна. Усе разумелі, што пасля выбараў будуць масавыя пратэсты, але сход сабраць так і не ўдалося. Пратэсты адбыліся, але выйсця ніхто не прапанаваў. Чаму, напрыклад, у Мінску не быў утвораны камітэт, які патрабаваў бы ад Мінгарвыканкама гукаўзмацняльную апаратуру і сцэну, каб выступалі людзі, агучвалі прапановы? Сотні тысяч людзей проста хадзілі і крычалі лозунгі. Гэта нармальна, але гэтага мала. Маладыя хлопцы ўтварылі папулярныя тэлеграм-каналы, але яны не разумелі, як дзейнічаць, калі вырашаецца лёс краіны. Каардынацыйная рада чакала, калі Лукашэнка перадасць ёй уладу.

– Калі вы і вашы калегі экс-дэпутаты ўсё разумелі, то чаму не дзейнічалі?

– Праз пэўны час пасля выбараў мне патэлефанаваў Уладзімір Някляеў: «Сяргей, што будзем рабіць?» А я кажу: «Позна, месца занята. Калі мы ўтворым нейкую структуру, нам скажуць: вы што, супраць Каардынацыйнай рады? Утвараць трэба было два гады таму». У выніку што адбылося? Як кажуць: не будзі ліха, хай спіць ціха. Маніфестацыі закончыліся, але яны пабудзілі ліха, якое распачало жорсткі тэрор. І тут ужо ідзе вайна не толькі з уласным народам, але і з камянямі, са шкарпэткамі, з песнямі… Прычым душыцца нацыянальная свядомасць, а не сімвал мінулых выбараў. Сімвалам выбараў былі, як памятаеце, белыя стужачкі. Сцягі з’явіліся пазней. Бо, калі беларусы прачынаюцца і ўстаюць, яны падымаюць над галовамі бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» – гэта ў нашай крыві.

– Чаму такі доўгі час не спыняецца рэпрэсіўная машына? Вуліцы і плошчы пад кантролем, актывісты ў турмах, а хапуны па-ранейшаму працягваюцца.

– Дзяржаўны тэрор – як ланцуговая рэакцыя, якую цяжка спыніць. За спінай улады ўсё больш і больш злачынстваў, і тым больш павялічваецца страх – а што ж мы нарабілі?! І гэты страх гоніць уладу на новыя «подзвігі». Сілавік прыходзіць дадому: жонка бліноў напякла, дзеткі бегаюць, грошы някепскія плацяць – нібы ўсё добра. А ён кладзецца спаць і думае: «А што будзе заўтра?» І ў яго душу закрадаецца яшчэ большы страх.

– Дык гэты жах можа працягвацца да бясконцасці?

– Не можа. Усё, нават дзяржаўны тэрор, рана ці позна ўпіраецца ў эканамічную сцяну. Паліцэйская дзяржава – дарагая штука. Можна павялічваць рэпрэсіі, мардаваць грамадства, але прыходзіць момант, калі трэба сеяць – а грошай на пасяўную не хапае, калі трэба выплачваць заробкі рабочым – а завод вось-вось збанкрутуе. І вось тады ўлада будзе вымушана ўзяць курс на адлігу. Я лічу, што яна настане праз год-паўтара. Не раней.

– А што магло б выступіць паскаральнікам адліжнага працэсу?

– Ёсць, на мой погляд, такі паскаральнік, але лепш абысціся без яго. Адліга ў Беларусь можа прыйсці, як ні небяспечна, у выглядзе аб’яднання з Расіяй. Пакуль многія людзі будуць стагнаць ад рэпрэсій, яны могуць кінуцца ў любы бок, адкуль ім засвеціць паслабленне. Маўляў, няхай хоць Пуцін, няхай хоць чорт лысы, абы не Лукашэнка. І нядаўняя правакацыя з самалётам (думаю, тут не абышлося без расійскіх спецслужбаў) зроблена для таго, каб яшчэ больш загнаць у кут Лукашэнку. Пуцін, відаць, задаволены, у яго пакуль усё атрымліваецца. Беларусь трапляе пад санкцыі, збяднелыя, затэрарызаваныя людзі будуць адчайна азірацца – хто нас выратуе? І тут на тэлеэкране з’явіцца Пуцін і скажа: «Мы готовы помочь. Входите в Россию, и сразу мы подвышаем вам пенсию в 2–3 раза». Вы слухалі, пра што гаворыць «Russia Today»? Пра 9 мільёнаў братоў, якія стогнуць пад Лукашэнкам… І гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Можна лічыць, што Лукашэнка нелегітымны, і яго подпісы нічога ня вартыя. А ён і не будзе подпіс ставіць. У выпадку яго смерці, як мы ведаем, улада пераходзіць да Савета бяспекі. А там – пераважна сілавікі, якія, як можна здагадвацца, знаходзяцца пад знешнім кіраваннем. Я не магу гэта сцвярджаць, але зразумела, што беларускія генералы прарасійскія па духу. І таму пачатковы момант паступовай здачы Беларусі – у наяўнасці.

– Але і дэкрэт аб перадачы ўлады можна прызнаць нелегітымным. Да таго ж ён супярэчыць беларускай Канстытуцыі.

– З «унутранымі» дэкрэтамі ніхто асабліва разбірацца не будзе. А далей Пуцін будзе дзейнічаць па сітуацыі. Уявіце: пры самым цяжкім становішчы ў беларускай эканоміцы кіраўнік Расіі па ўсіх каналах гаворыць: «Дорогие, родные вы наши белорусы, мы вас не бросим! Не будем теперь разбираться, хто виноват – Лукашенко или Запад…» Зноў жа, гэта ілюзія, калі мы думаем, што ўсе нашы людзі адданыя незалежнасці. Яны будуць адданыя толькі тады, калі запатрабуюць паўсюль беларускіх школ, калі загавораць па-беларуску, калі нарэшце пачуюць сваю нацыянальную эліту, якая выбудуе беларускую сістэму каштоўнасцяў.

– Як выхадзец з рабочага асяроддзя, што вы скажаце пра эканамічныя санкцыі, якія ўводзяцца супраць беларускіх прадпрыемстваў?

– Санкцыі супраць прадпрыемстваў – гэта дрэнна, бо разбураецца эканамічны падмурак для сярэдняга класа. Калі сярэдні клас (а гэта пераважна ён выходзіў на вуліцы) знікне, мы ператворымся ў «паўночна-заходні край». Тыя палітыкі, якія кажуць «чым горш, тым лепш», папросту не разумеюць паліталогіі. Бедным чалавекам заўсёды лягчэй маніпуляваць. Заможным – куды складаней. Вы думаеце, людзі выйдуць пратэставаць супраць пагаршэння эканамічнай сітуацыі? Не выйдуць. Эканоміка ляжа не за тыдзень, не за месяц. Калі цэны падвышаюць на адну капейку (як на бензін), чалавек прыстасоўваецца. Вазьміце Паўночную Карэю – там людзі траву ядуць, але на вуліцы не выходзяць. І тое, што наша грамадства бяднее, на руку ўладзе. Чым яна цяпер займаецца? Яна спрашчае грамадства. Тысячы людзей з’ехалі за мяжу, тысячы апынуцца ў турмах. У нейкі момант беларускае грамадства стала заскладаным для кіравання. Таму ўлада вядзе гульню адразу ў некалькі варот.

– Добра весці любую гульню, калі не трымацца аніякіх правіл. Вунь нават мясцовыя выбары не адбудуцца ў вызначаны тэрмін.

– Бо ўлада баіцца выбараў. Ведаеце, мы ў сціснутым варыянце паўтараем гісторыю Савецкага Саюза. Пра што крычалі неабальшавікі? «Нам не да законаў!» Потым настаў 1937 год – рэпрэсіі. Адначасова з рэпрэсіямі будаваліся заводы, домны і ўсё астатняе. І ГУЛаг апраўдвалі тым, што ворагі вакол, не даюць будаваць савецкую краіну. Тое самае мы чуем і сёння: Захад перашкаджае нам ісці сваім шляхам, нам усе перашкаджаюць. Таму неабходна ўзмацняць рэпрэсіі… Усё гэта нам за тое, што мы своечасова не правялі дэкамунізацыю. Не правялі – дык наце вам! Гэта як сацыяльная прышчэпка ад камунізму, сталінізму і лукашызму. Думаю, у Беларусі больш ніколі не з’явіцца кіраўнік кшталту Лукашэнкі. Але праз гэта трэба прайсці, трэба прышчапіцца.

– Беларусы пакуль і ад каранавіруса не адважваюцца прышчапіцца… Хай сабе беларуская эліта разрозненая, раз’яднаная, але яна ёсць. Чым яна мусіць неадкладна заняцца?

– Мяняць грамадства. Што гэта значыць? Вось на шэсці выходзілі сотні тысяч людзей. Сёння яны павінны сесці, вывучыць беларускую гісторыю, мову і патрабаваць ад улады адкрыцця беларускіх школ для сваіх дзяцей (без мовы не бывае народа). Для гэтага не трэба хадзіць на акцыі, трапляць у турмы, не трэба асаблівай мужнасці. Трэба зразумець адно: калі ты – народ, то тады з табой будзе лічыцца любая ўлада. Трэба збіраць эліту, гадаваць яе, без эліты ніякія рабочыя, ніякія сяляне нічога не зробяць.

– Згодзны, і вашы камяні з «Пагоняй» – як элемент такой нацыятворчай працы. Дарэчы, дзе яны цяпер? Цэлы расквітнелы батанічны сад бачу, безліч экзатычных раслін, а камянёў не відаць.

 

Сяргей Антончык: «За спінай улады ўсё больш і больш злачынстваў – гэта як ланцуговая рэакцыя, якую цяжка спыніць»
С.Антончык – лепшы ў Беларусі вінаградар

– Я і на нарах у стаўбцоўскім ІЧУ перажываў, як там мае камяні, каб хоць не прапалі. Не прапалі. Яны сёння знаходзяцца ў надзейным месцы. Што да расквітнелага саду, то, прызнацца, абрабіць 75 сотак зямлі было няпроста. Участак быў занядбаны, гады два мы яго толькі расчышчалі. Затое цяпер маем свае вінаград (шэсць гатункаў), грэцкія арэхі, персікі, абрыкосы, чарэшні, вішні, грушы (усяго 120 пладовых дрэў). Нават журавіны свае – не горшыя, чым на балоце. Што ні пасаджу – усё расце. Відаць, рука добрая…

Публікацыя – з № 41 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: