Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У гомельскай аптэцы пакупнік абазваў загадчыцу дурніцай і ідыёткай. Міліцыя не ўбачыла ў яго дзеяннях адміністрацыйнага правапарушэння, бо, маўляў, паводле слоўніка, у гэтых словах «крытычная ацэнка асобы, выражана ў прыстойнай, хаця і ў рэзкай, форме». Адзін з беларусаў звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) з пытаннем: «Ці можна так абзываць міліцыянераў?» «Гэта будзе абраза, – атрымаў ён адказ, – бо міліцыянер знаходзіцца пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў».

Жанчыну нейкі ахламон
Нібыта ўдарыў плёткаю,
Як абазваў дурніцай ён
І нават ідыёткаю.
Яна ў міліцыю пайшла,
І не адна – са сведкаю:
Хай шыюць справу на «казла»
Там за абразу гэткую.
Аднак імпэт адразу згас…
Маёры і палкоўнікі,
Калі патрэбна, іншы раз
Бяруць у рукі слоўнікі.
Што ж падказалі ім яны?
Няма бяды ніякае,
Як хтось сказаў, што ты дурны,
Пра недалёкасць вякае.
– Хоць я падобных слоў і фраз
Нікому ў твар не кідаю,
Дый да аматараў абраз
Я стаўлюся з агідаю, –
Сказаў дасведчаны маёр. –
І мушу пахваліцца я,
Што ў гэтым сэнсе як узор
У нас уся міліцыя.
Вось так адбрыў жанчыну ён:
Ідзі, маўляў, на седала…
Пра выпадак, пра лексікон
Газета ўсім паведала.
Адзін дасціпны беларус
Змог скарыстацца момантам.
Сваім пытаннем хітрым МУС
Агрэў ён, быццам молатам:

«Сабе я ўбіў у галаву,
Апанаваны думкамі:
што будзе мне, як назаву
Я вас усіх прыдуркамі?»
У міністэрстве тым якраз
Сядзяць зусім не «чайнікі».
Далі яму такі адказ
Вялікія начальнікі:
«Хоць словы брыдкія, аднак
З’яўляюцца законнымі.
Ды абзываць Вам нельга так
Службоўцаў, што з пагонамі.
«Пры выкананні» й пагатоў
Патрэбна быць культурнымі…»
Паводле гэтых мудрых слоў,
Няма дурных сярод «мянтоў»,
Бо быць не могуць дурнямі
Усе, што маюць пісталет
І заўсягды з фуражкамі.
Што ж, аргументы, не сакрэт,
Здаюцца вельмі важкімі.
Хоць і не хочацца, але ж
Хіба ж аспрэчым гэта мы?
Хіба ж дурнымі назавеш
Людзей, што з пісталетамі?..

***

Нарэшце ведае народ:
Не хочаш быць дурніцаю
Ці выглядаць як ідыёт –
Служыць ідзі ў міліцыю!

Працаголік

Заўжды на працы шчыравала
Жанчына зранку да цямна.
Як пахвалы гучала мала,
Сябе нахвальвала яна:
– Як справядліва разабрацца,
Я – працаголік, на бяду:
Ніколі не сыходжу з працы,
Пакуль пасьянс не раскладу…

Лепш сорамна, чым сумна

Гарэлку булькаючы ў шклянку,
Сказаў дзяцюк глыбакадумна:
– Лепш сорамна мне будзе ўранку,

Чым вечарам мне будзе сумна…

Публікацыя – з № 41 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»