Нагадаем, што раніцай 11 мая загарэўся касцёл у Будславе, у якім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі – абраз Маці Божай Будслаўскай.

Пажар удалося патушыць, але выгараў і абваліўся дах. Зараз працягваецца збор сродкаў на аднаўленне храма.

Паводле слоў старшыні камісіі па адбудове касцёла біскупа Аляксандра Яшэўскага, сёння ідзе гаворка не толькі пра аднаўленне знішчанага агнём даху, але і пра поўную рэканструкцыю санктуарыя, што можа заняць некалькі гадоў.

«Ужо былі разабраны пашкоджаныя агнём канструкцыі, праведзена сартаванне чорнага і каляровых металаў і вядзецца даследаванне канструкцый з мэтай падрыхтоўкі праекта новага даху, – кажа Аляксандр Янушэўскі. – Паралельна праводзяцца працы па накрыцці касцёла часовым дахам, каб зберагчы яго ад разбуральнага ўздзеяння атмасферных ападкаў. Усе працы вядуцца пад наглядам навуковага кіраўніка Андрэя Карпука і па ўзгадненні з Міністэрствам культуры.

На дадзены момант таксама нашым Апостальскім адміністратарам падпісаны ліст да кіраўніцтва краіны з просьбай аб выдзяленні фінансавай дапамогі з бюджэтных сродкаў».

Біскуп дадае, што, паводле папярэдніх ацэнак, кошт новага даху святыні можа скласці каля 2,2 мільёна рублёў.

Поделиться ссылкой: