Максім Мархалюк

Амаль чатыры гады прайшло з таго часу, як у вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёна бясследна знік 11-гадовы хлопчык.

Нагадаем, што Максім Мархалюк знік вечарам 16 верасня 2017 года. Апошні раз яго бачылі каля шалаша, дзе гулялі дзеці. Школьнік сказаў, што пойдзе ў лес за грыбамі, ля шалаша ён пакінуў свой веласіпед. Дадому так і не вярнуўся.

Аператыўна знайсці хлопчыка не ўдалося, ужо праз праз суткі да пошуку падключыліся валанцёры пошукава-выратавальных атрадаў.

23 верасня адбылася ўнікальная пошукавая аперацыя, у якой бралі ўдзел больш за дзве тысячы чалавек: міліцыя, МНС, валанцёры Чырвонага Крыжа, розных пошукавых атрадаў. Беларусы прыязджалі ў Новы Двор з усіх куткоў краіны.

Следчыя праверылі шмат розных версій, якія вылучалі і мясцовыя жыхары, і валанцёры, і нават… экстрасэнсы. Людзі казалі пра тое, што хлопчыка скралі або ён патануў у балотах пушчы. Альбо, спалохаўшыся дзікіх звяроў, уцёк у лес і там згубіўся. Былі версіі, што школьнік трапіў за мяжу ці як быццам проста ўцёк з дому.

Па факце знікнення хлопчыка 26 верасня 2017 года была адкрыта крымінальная справа, а 2 кастрычніка Максіма Мархалюка абвясцілі ў міжнародны вышук.

На жаль, хлопчыка так і не знайшлі. Шанцаў, што ён жывы, вельмі мала, але гісторыя ведае выпадкі, калі зніклыя дзеці знаходзіліся і праз дзесяцігоддзі. Бацькі Максіма таксама працягваюць жыць надзеяй.

– Крымінальная справа, наколькі мне вядома, не закрыта, але ніякай новай інфармацыі няма, – распавяла «Народнай Волі» маці хлопчыка Валянціна Мікалаеўна. – Я нават і не ведаю, колькі ў такім стане справа можа знаходзіцца. Але ўжо ніхто не прыязджае, не апытвае…

Не памятаю, калі апошні раз размаўляла са следчым па гэтай справе, хаця што ён можа сказаць, калі новых абставін не з’явілася? Калі нешта будзе, то самі выйдуць на сувязь.

– Як вы трымаліся ўвесь гэты час?

– Складана сказаць, што дапамагло падтрымліваць сілы. Словамі гэта проста не апісаць. Але не пажадаю нават ворагу перажыць тое, што перажылі за гэты час мы з бацькам Максіма.

Старэйшы сын (ён ваенны) служыць у Барысаве, але, безумоўна, прыязджае, таксама падтрымлівае.

– Калі Максім знік, з гэтай нагоды было вельмі шмат версій. А самі вы якой прытрымліваецеся?

– Ужо столькі часу прайшло і столькі версій было, што пачынаеш не верыць ні ў тое, ні ў іншае. Пачынаеш сумнявацца.

У інтэрнэце ў пошукавыя групы час ад часу мы звяртаемся, даём абвесткі, што шукаем Максіма, але выніку пакуль няма.

– Кажуць, што і экстрасэнсы далучаліся да пошуку…

– Адразу пасля таго, як сын знік, іх было вельмі шмат. Падавалі сябе такімі разумнымі, як быццам усё ведалі, а аказвалася – пустыя словы. Толку ад гэтых эстрасэнсаў было нуль! Але ж калі прыходзіць гора, то чапляешся за  што заўгодна, каб толькі з’явілася нейкая надзея.

І хачу сказаць, што мы з бацькам да апошняга будзем верыць, што сын жывы…

Публікацыя – з № 41 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»