Алесь Пушкін

Палітвязень Алесь Пушкін, якога ўтрымліваюць у следчай турме №8 у Жодзіне, адмовіўся размаўляць з расійскамоўным следчым.

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Яніна.

Адвакатка двойчы наведвала зняволенага мастака ў Жодзіне.

«Следчы трапіўся расійскамоўны, дык Пушкін нарэшце замоўк. Ён сказаў, што не будзе гаварыць з расійскамоўным следчым. Я задаволена, што замоўк, бо ён агаворвае сябе. Пушкін жа гаваркі, а гаварыць шмат не трэба, бо гэта ж выкарыстоўваюць супраць яго. А ён, відаць, выхоўвае гэтых следчых, ну натура ў яго такая, ён асветнік», – кажа жонка.

Апошні ліст ад Алеся прыйшоў 27 мая. Паводле слоў Яніны, ліст вельмі сухі, бачна, што Пушкін стомлены і раздражнёны.

«Ён пытаецца, ці прывёз Павел Мажэйка выставу ў Бобр, ці прывезлі з Мінска ягоныя рэчы, ці прывезлі ягоныя рэчы рэстаўратары з Жылічаў. Таксама ён пытаецца, ці схадзіла я ў падатковую і ці заплаціла 104 рублі падаткаў. Пытаецца, ці паставілі яго мабільны нумар на паўзу, ці ўзялі апеку над сайтам pushkin.by, ці паставілі майстэрню на сігналізацыю, ці косім траву, ці паставілі новы маторчык у помпу ў крыніцы. Таксама Алесь просіць захоўваць усе яго лісты з турмы».

«Пішыце мне, ці рабіце тое, аб чым я вас папрасіў. Я буду тады спакайней за дом, за вас», – просіць Алесь Пушкін.

«Ён таксама кажа не плаціць адвакатцы са сваіх грошай, мы не такія багатыя, каб наймаць адваката. Тым больш што ад адваката нічога не залежыць. Піша, каб не бралі наяўных грошай ад людзей, асцерагаліся. Вось што ён напісаў, нават ні «вітаю», ні «да пабачэння». Тут проста спіс, што трэба рабіць. Адчуваецца яго маральная стомленасць і нават нейкая злосць. Ён жа такі ўпарты, можа, яго па карцарах цягаюць, не ведаю», – хвалюецца Яніна.

Жонка распавяла, што Алесю перадаюць перадачы, але падчас апошняй сустрэчы адвакатка заўважыла, што ён быў у парваных шкарпэтках.

Яніна расказала, што ў сям’і вельмі шмат спраў, сын здае экзамены, рыхтуецца да паступлення.

У чым абвінавачваюць Алеся Пушкіна

30 сакавіка мастака затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), якую распачала гродзенская пракуратура «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне.

Алесь ДАШЧЫНСКІ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»