«Арганізатар» беспарадкаў: «Прарываемся ў цэнтр квадратамі»
Максім Ялканаў у «клетцы» суда. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 2 чэрвеня распачаты разгляд крымінальнай справы супраць 29-гадовага мантажніка з Рэчыцы Максіма Ялканава. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем міліцыі як прадстаўнікам улады – паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса.

«Выйшлі на лідара»

Супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК затрымалі шараговага мантажніка рэчыцкага прыватнага прадпрыемства на працы 9 сакавіка і да суда адправілі за краты. На наступны дзень тэлеграм-канал МУС паведамляў:

«Супрацоўнікі гомельскага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС выйшлі на 29-гадовага лідара каляфутбольнай групоўкі з Рэчыцы, актыўнага ўдзельніка пратэстаў. Малады чалавек – прыхільнік неанацысцкай ідэалогіі, яго ўстанавілі ў ходзе мерапрыемстваў па недапушчэнні дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі».

Што ж зрабіў гэты так званы лідар каляфутбольнай групоўкі і нядобрай ідэалогіі?

Аказваецца, 10 жніўня 2020 года ён праз тэлефонныя дазвоны клікаў у Рэчыцы на плошчу знаёмых «пацаноў» паглядзець, што за «дзвіжуха» пайшла. Менавіта такімі словамі Максім тлумачыў на судзе свае дзеянні па збору знаёмых, якіх ведаў па працы, сяброўству і сваяцтву.

Збор «на фантане»

Інтэрнэт у Рэчыцы ў тыя жнівеньскія дні не працаваў. Максім яшчэ з раніцы ўсталяваў на свой айфон праграму, якая абмінае блакіроўку. З Тэлеграм-каналаў, сеткавых месенджэраў даведаўся, што пасля прэзідэнцкіх выбараў сілавікі затрымліваюць людзей на вуліцах і збіваюць. Таму і стаў тэлефанававаць, каб збіраліся «на фантане». Датэлефанаваўся да дзевяці знаёмых рэчычан.

Прадстаўніца пракуратуры Курбацкая, якая падтрымлівала абвінавачванне, пыталася пра мэту прыходу ў цэнтр Рэчыцы – «на фантан»?

– Паўдзельнічаць у мітынгу, – адказваў падсудны адзін раз, другі – па-іншаму: «Як бы пратэст».

– Атрыбутыка была з сабою?

– Не.

Суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядае крымінальную справу, у сваю чаргу, запытаўся, чаму падчас тэлефанаванняў Максім казаў, што збіраецца 30-40 чалавек?

– Каб не было боязна.

І суддзя, і пракурор дапытваліся ў абвінавачанага, якое стаўленне склалася ў яго да прадстаўнікоў улады, у прыватнасці, да міліцыі, супрацоўнікаў іншых праваахоўных органаў?

– Самае нядобрае. Паказалі ж на ўсю краіну…

– То бок негатыўнае, зыходзячы з таго, што паказалі ў Тэлеграм-каналах і сетцы Інтэрнэт. Правільна? – падсумаваў суддзя Салоўскі.

– Правільна, – пагадзіўся Максім.

«Нармальная дзвіжуха»

«На фантане» ў Рэчыцы ні мітынга, ні масавых беспарадкаў не было, і пяцёра маладых гараджан апалове на дзесятую гадзіну вечара выправіліся ў Гомель. Апроч Ялканава, на машыне яго стрыечнага брата Арцёма Грыба паехалі яшчэ трое.

З тэлефонных перамоваў Ялканава са сваімі знаёмымі, якія зафіксаваны ў крымінальнай справе, даведваемся, што ў Гомелі «нармальная дзвіжуха», «ДАІ ўсюды, супрацоўнікі АМАП са шчытамі», «Падыходзяць супрацоўнікі міліцыі і “рысуюць” людзей». Падчас тэлефонных размоў згадваў Ялканаў і пра свой так званы ўдзел у тутэйшых беспарадках: «Тачку кінем, будзем у цэнтр прарывацца якімісьці квадратамі». Гэта, па сутнасці, усе, што агучыў суддзя ў тых раздрукаваных тэлефонных размовах, астатняе – ненарматыўная лексіка.

У Гомелі 10 жніўня пяцёра рэчычан пакінулі аўтамашыну на стаянцы, а самі пайшлі пешшу ў бок плошчы Паўстання. На падыходзе да вуліцы Савецкай іх затрымала міліцыя. Вось і ўсё.

«Усё гэта дарма»

Максім Ялканаў прызнаў сваю віну цалкам. Так, тэлефанаваў сябрам і знаёмым, хадзіў на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы ў Рэчыцы і Гомелі. Вінаваты! «Зразумеў, што ўсё гэта дарма».

На запыт суддзі, як плануе жыць у будучым, адказаў коратка: «Планую сям’ю завесці».

Раней Максім прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці – за ўдзел у недазволеных масавых мерапрыемствах, а таксама да крымінальнай «за хуліганку». Судзімасць у яго пагашана. Следчы УСК на пачатку адмовіўся распачынаць крымінальную справу «за беспарадкі» супраць Ялканава на падставе матэрыялаў рэгіянальнага ўпраўлення ГУБАЗіК. Аднак начальства яго паправіла, прызначыўшы новага следчага.

Падчас вобшуку дома ў рэчыцкага мантажніка былі знойдзены атрыбуты спартовых клубаў, карыкатура на сілавікоў з нецэнзурным подпісам, а таксама, як агучана ў судзе, «нямецкі сцяг». Відаць, гэта і стала прычынай таго, што маладога рэчычаніна залічылі і ў «лідары каляфутбольнай групоўкі», і ў «неанацысты».

Паводле выстаўленага абвінавачвання, Максіму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Услед за допытам абвінавачанага суд пачаў заслухоўваць паказанні сведкаў.

Поделиться ссылкой: