Фота https://ironbets.ru

Сёння, 1 чэрвеня, на чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіць у Рызе, нацыянальная зборная Беларусі праводзіць матч са зборнай Расіі – свой апошні у групе, які можна ахарактарызаваць коратка: што мёртваму прыпарка.

Пасля чарговай аплявухі ад швейцарцаў (0:6) беларусы згубіла ўсе шанцы патрапіць у плэй-оф, а таму зараней могуць пакаваць чамаданы (толькі не вядома, як яны будуць дабірацца ў Мінск: авіярэйсы з Рыгі заблакіраваны. Хутчэй за ўсё, давядзецца дабірацца спачатку ў Маскву, а адтуль – у Мінск). Матч з расіянамі для іх абсалютна нічога не вырашае.

Калі на старце турніру перамога над шведамі (1:0) і пройгрыш чэхам у овертайме яшчэ надавалі пэўны аптымізм, то наступныя гульні паказалі: слабакі! І ў фізічным, і ў маральным плане.

Узгадаем, што пасля выбараў мінулага года многія вядомыя спартсмены выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю ў сувязі з фальсіфікацыямі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а вось хакеісты ў той час сядзелі, як мышы пад венікам. Такімі ж яны аказаліся не толькі ў жыцці, але і на хакейнай пляцоўцы.

А якія планы маляваліся перад чэмпіянатам! Напрыклад, нападаючы зборнай Сяргей Касціцын абвясціў: «Галоўны трэнер каманды Міхаіл Захараў сказаў, што едзем за медалямі».

Фантазіраваць не забаронена нікому – ні Касціцыну, ні Захараву. Але рэалісты гэтыя ружовыя мары ўспрымалі прыкладна так, як планы Астапа Бендэра правесці ў Васюках міжпланетны шахматны турнір.

Не памыліліся. Надзея быццам бліснула – перамога над шведамі (1:0), – але затым і датчане, і швейцарцы, і нават зборная Вялікабрытаніі паказалі, чаго дасягнуў беларускі хакей і яго кіраўнікі за апошні час.

А праца Захарава на пасадзе галоўнага трэнера зборнай у чарговы раз абярнулася поўным канфузам. Міхаіл Міхайлавіч добра сябе адчуваў настаўнікам сталічнага «Юнацтва» і ў прэзідэнцкай камандзе на аматарскіх турнірах, любіць раздаваць парады іншым трэнерам, павучаючы іх, як малых дзяцей, але праца ў зборнай – крыху з іншай оперы.

Зараз Захараў сціпла заяўляе, маўляў, «я за сваё месца не трымаюся», але пры гэтым у сваім стылі стараецца знайсці знешніх ворагаў. Вінаватымі аказаліся і натуралізаваны беларус Нік Бэйлен, і ігракі нацыянальнага чэмпіянату, з якімі «нерэальна гуляць на першынстве свету», і слабая фізічная падрыхтоўка хакеістаў.

Дарэчы, Рыга для Міхаіла Захарава – гэта той горад, з якім звязаны не самыя лепшыя ўспаміны. У 2005 годзе Захараў таксама ўзначальваў нацыянальную каманду, а ў сталіцы Латвіі ў той час праходзілі матчы алімпійскай кваліфікацыі. Падчас гульні са зборнай Латвіі падначаленыя Захарава менш як за дзве з паловай хвіліны растрацілі перавагу ў дзве шайбы і прайгралі латышам. Адпаведна праляцелі тады і міма Алімпіяды. Хаця вінаватыя, як заўжды, таксама знайшліся.

А ў 2010 годзе на Алімпіядзе ў Ванкуверы Захараў наогул распавёў, што падрыхтавацца да адказнага матча са швейцарцамі ім перашкодзілі… голыя фінскія хакеісткі, якія хадзілі ля распранальні зборнай Беларусі.

Не ведаю, ці застанецца Міхаіл Захараў на пасадзе настаўніка зборнай, але гэта першынство было дакладна не яго. Натуральна, што заўсёды прасцей спасылацца на нейкія знешнія абставіны, але ў спецыяліста былі два гады, каб сабраць моцную каманду. Не здолеў – да пабачэння!

Увогуле, няхай Федэрацыя хакея Беларусі яшчэ парадуецца, што ў гэтым годзе Мінск пазбавілі права правядзення чэмпіянату. Зладзіць для беларускіх балельшчыкаў такі канфуз на дамашняй арэне – гэта было б верхам цынізму.

Публікацыя – з № 40 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»