Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Мясцовыя камунальныя службы перафарбавалі ў «патрэбныя колеры» ўязныя стэлы гарадоў Бяроза і Белаазёрск.

Калі глядзіш на ўсё цвяроза,
Дык не адолее сумнеў,
Што белым колерам бяроза
Адрозная ад іншых дрэў.
І толькі калі прымеш «дозу»
(Прычым заглыкаў самагон),
Убачыш шэраю бярозу
І нават скажаш: гэта клён.
А для чаго пра тое ўсё-ткі
Вам, чытачы, дуру я клёк?
Бярозай колісь нашы продкі
Назвалі ціхі гарадок.
Відаць, таму, што тут калісьці
Вялікі лес навокал рос
І ўвесь абшар тануў у лісці,
Бо ў лесе шмат было бяроз.
Раслі ці купкай, ці гурбою,
Як снег, бялюткія яны.
І гарадок, само сабою,
Прывык да гэтай белізны.
Такога ж колеру і стэла
Была пры ўездзе ў гарадок.
Як гай бярозавы, бялела,
І кожны ўбачыць мог здалёк.
І быў на стэле для аздобы
Чырвоны колер дзе-нідзе.
Дэкор як быццам вельмі добры,
Прынамсі, радаваў людзей.
Ды праплылі пратэстаў хвалі,
І што ж урэшце бачым мы?
Чыноўнікі шугацца сталі,
Як ад праказы ці чумы,
Ад гэтых колераў чамусьці.
Адбыўся ператрус такі,
Што ў самым дальнім захалусці
Адчулі ад яго штуршкі.
Таму не ўздзіў, што і ў Бярозе

З-за стэлы быў перапалох.
Чыны мясцовыя ў трывозе:
Абрушыць гнеў «тутэйшы бог»,
Калі ён будзе ехаць міма
Ці завітае ў гарадок.
Дык стэла гэтая – як міна,
Якую хтось падклаў знарок.
І стэла вочы больш не коле,
Бо па загадзе жылкамгас
Яе ў «патрыятычны» колер
Пафарбаваў праз хуткі час.
Ды толькі думаюць чынушы:
«Ці ўсё зрабілі, што маглі,
Каб не прыйшлі па нашы душы?»
І не здзіўлюся я, калі
Камусьці дасць падказку розум
(Тым больш як трохі «глыкне» ён)
Назваць па-іншаму Бярозу –
Няхай напраўду будзе Клён.

***

Каб не было зусім пагрозы,
Як завітае пракурор,
Каля Бярозы ўсе бярозы,
Магчыма, пусцяць пад тапор…

Віно і самагон

Як калекцыйнае віно –
Секс, што з каханаю жанчынай
(Яно настоена даўно,
І адарвацца немагчыма).
А секс з шаболдай на хаду
Або з даўно абрыдлай жонкай –
Усё адно, што піць ваду
Ці захлынацца самагонкай.
Вядомы ўсім расклад такі,
Прынамсі, безгустоўных – мала.
Ды не зважаюць мужыкі
І п’юць звычайна што папала…

Пахваліла

– А можаш жа, як хочаш дужа!
Не трэба нават і таблеткі! –
Так пахваліла жонка мужа,
Заспеўшы на сцягне суседкі…

Не хлебам адзіным
«Не адзіным хлебам чалавек
Сыты!»
Учыніўшы проста здзек,
Выкарыстаў повар выраз гэты –
Мяса ён паклаў крыху ў катлеты.

Выйсце і ўваход

Выйсце ўсё-ткі – дома і на працы –
Я з любых знаходжу сітуацый.
Думка дакучае з года ў год:
Як туды знаходжу я ўваход?

Публікацыя – з № 40 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»