Камандзіроўкі ў Кітай у пошуках «прыгожага жыцця»
Фота носіць ілюстрацыйны характар

У Гомелі суд Чыгуначнага раёну пакараў 39-гадовага жыхара Б. дзесяццю гадамі зняволення ў калоніі строга рэжыму – за арганізацыю і выкарыстанне занятку прастытуцыяй. Яму ж прысуджаны штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 11,6 тысячы рублёў. Апроч таго, задаволены грамадзянскі зыск пракурора на спагнанне ў даход дзяржавы 45 тысяч рублёў, атрыманых злачынным шляхам.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Аднак з рэзалюцыйнай часткі прысуду і папярэдніх паведамленняў УСК вядома, што тры гады таму згаданы гамяльчук стаў заляцацца да 23-гадовай прадавачкі гарадской прадуктовай крамы. Абяцаў прыгожае і забяспечанае жыццё. Угаварыў нават звольніцца з працы. А першым крокам да нібыта шыкоўнай будучыні стала абнаўленне гардэроба дзяўчыны – сукеначкі, бялізна, касметыка.

Неўзабаве спрытнюга адшукаў для дзяўчыны нібыта годны варыянт для лепшага жыцця – працу мадэллю ў Кітаі. І дзяўчына паехала. Там былую прадавачку пасялілі ў прэстыжны гатэль, а пасля растлумачылі абавязкі – секс-паслугі за грошы.
Шакаваная дзяўчына стала тэлефанаваць свайму «дабрадзею», каб той вярнуў яе дадому. Ды дзе там! Гомельскі сужыцель заявіў, што дзяўчына мусіць адрабіць выдаткаваныя на яе грошы, а таксама дапамагчы яму пагасіць лізінгавыя плацяжы за Mercedes.

Замест прыгожага жыцця мадэлі наступілі працоўныя будні. Гамяльчанцы вылучалі частку заробленых грошай за інтымныя паслугі, астатняе ішло на перабыванне ў гатэлі, харчаванне і, канешне, на заахвочванне арганізатараў «прыгожага жыцця». Апроч таго, дзяўчына зрабіла некалькі грашовых пераводаў свайму гомельскаму «дабрадзею» – вяртала выдаткаваныя на яе грошы.

Паводле інфармацыі УСК, псіхалагічны і фізічны ціск на дзяўчыну з боку «працадаўцы» не спыняўся і пасля таго, як яна вярнулася ў Гомель.

У 2019 годзе сужыцель арганізаваў ёй яшчэ чатыры «камандзіроўкі» у іншую краіну.

Да «прыгожага жыцця» і хуткіх грошай у Паднябеснай гамяльчанін далучыў не толькі 23-гадовую гамяльчанку, але і 27-гадовую жыхарку Мінска. Абедзве яны скардзілася «жаласліваму» мужчыне на наяўныя даўгі і сваё небагатае жыццё. Апошняй сутэнёр сплаціў пазыку і прапанаваў высокааплатную працу ў справе аказання эскорт-паслуг. Зноў-такі аплаціў квіток у адзін бок, новае адзенне і нават касметычныя паслугі ў салоне.

Калі ў Кітаі прыпынілі ўезд замежных грамадзян з прычыны COVID-19, гамяльчанін арганізаваў секс-паслугі на здымных кватэрах у Мінску. Атрыманыя грошы браў сабе, а жанчынам пакідаў невялікія сумы на бытавыя патрэбы. Ён жа шукаў кліентаў і сам дамаўляўся пра кошты.

У чэрвені мінулага года прыткі гамяльчанін меўся адправіць беларусак на працу ў Турцыю. Але не задалося: яго бізнес перапынілі праваахоўнікі.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»