Аляксандр Фурманаў. Фота аўтара.
Аляксандр Фурманаў. Фота аўтара.

Аляксандру і Вользе Фурманавым у чарговы раз адмовілі ў спатканні з сынам, спаслаўшыся на тое, што ён знаходзіцца ў карцары. Яны вельмі ўстрывожаны тым, што не маюць ніякай інфармацыі пра стан Дзмітрыя, асабліва пасля таго, як у шклоўскай калоніі памёр Вітольд Ашурак.

«Страшна, бо нічога не ведаем»

Дзмітрый Фурманаў утрымліваецца ў следчым ізалятары гродзенскай турмы. Ён разам з Яўгенам Разнічэнкам і Уладзімірам Кнігам з’яўляецца фігурантам па так званай справе Ціханоўскага. Іх затрымалі разам з Сяргеем Ціханоўскім у сувязі з пікетам 29 мая 2020 года. Суд на Фурманавым, Разнічэнкам і Кнігам са студзеня 2021 года працягваецца ў Гродне. Іх абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разнічэнку – яшчэ ў гвалце над міліцыянерамі (артыкул 364).

Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Мыслівец папрасіў суд пакараць Дзмітрыя Фурманава 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Са слоў пракурора, Фурманаў за ўзнагароджанне дапамагаў Ціханоўскаму шукаць саўдзельнікаў.

Для Яўгена Разнічэнкі пракурор запрасіў 3,5 года агульнага рэжыму, Уладзіміру Кнігу – 4 гады строгага рэжыму.

Бацька Дзмітрыя Аляксандр Фурманаў распавёў, што 18 мая сына змясцілі ў карцар на тыдзень за парушэнне правіл унутранага распарадку. Паводле версіі Аляксандра Васільевіча, сын нібыта прысеў на ложак, а яго абвінавацілі ў тым, што ён на ім ляжаў. Дзмітрый спрабаваў тлумачыць начальству, што не ляжаў, але яму не верылі, і тады ён адмовіўся наогул адказваць на пытанні.

– Пасля сямі сутак я патэлефанаваў дзяжурнаму, і той пацвердзіў, што сына перавялі ў камеру, – распавядае Фурманаў-старэйшы. – На наступны дзень мы павезлі яму перадачу і ўзялі дазвол у суддзі на спатканне, а нам у ім адмовілі і не прынялі перадачу, сказалі, што сын у карцары.

Прычыны, чаму Дзмітрый ізноў на 7 сутак апынуўся ў карцары, ніхто не называе.

– Мы вельмі ўстрывожаны, бо не бачылі сына, не ведаем, што з ім, у галаву лезуць розныя думкі, асабліва пасля гісторыі з Вітольдам Ашуркам, – Аляксандр Васільевіч заўважна хвалюецца.

«Ратуе тое, што ёсць людзі побач»

Спадар Фурманаў нагадвае, што 29 мая споўніўся год, як Дзмітрыя затрымалі і ён знаходзіцца ў зняволенні. Разам з жонкай яны ходзяць на ўсе пасяджэнні судоў. За гэты час абодва страцілі шмат здароўя. І, як прызнаецца Аляксандр Васільевіч, не вядома, ці выжылі б, калі б побач не было добрых людзей:

– Нам шмат пішуць, тэлефануюць нават незнаёмыя людзі, падтрымліваюць як могуць. Былыя саслужыўцы і перадачы дапамагаюць сабраць, і грошы прыносяць. У жонкі скача ціск, у мяне таксама здароўе заўважна пагоршылася.

Аляксандр Васільевіч кажа, што і сын з турмы імкнецца іх падтрымаць: піша добрыя лісты, турбуецца, просіць старэйшых людзей, якія яму пішуць, каб таксама дасылалі лісты яго бацькам.

Бацькі ж у сваю чаргу не перастаюць змагацца за сына ад моманту, як яго арыштавалі. За гэты час давялося прайсці шмат інстанцый, размаўляць з многімі чыноўнікамі, хадзіць па розных кабінетах.

– Самае прыкрае, што ні на якім узроўні разумення з боку ўлад мы не сустрэлі, – сумна заўважае Фурманаў. – Там людзі, якія не хочуць разумець іншых, іх не цікавіць, як жывуць простыя людзі.

Цяпер, калі Дзмітрый знаходзіцца ў гродзенскай турме, стала трохі лягчэй. А калі яго трымалі ў Мінску і Жодзіне, то бацькам даводзілася туды ездзіць за сотні кіламетраў, а на пенсію не разгонішся.

«Я спадзяваўся на Лукашэнку, але дарэмна…»

Пасля таго як сына затрымалі, Аляксандр Васільевіч напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і прасіў яго разабрацца, каб сына адпусцілі. Кажа, што верыў тады свайму галоўнакамандуючаму (Аляксандр Фурманаў – вайсковы пенсіянер), лічыў, што ён ува ўсім разбярэцца: маўляў, справядлівы…

– Ніякага адказу я не атрымаў, мне нават нічога не патлумачылі, – канстатуе Аляксандр Васільевіч. – Затое пасля гэтага ліста на нас пачалі збіраць дадзеныя, апытвалі суседзяў, знаёмых, характарыстыкі бралі з працы, побач з домам міліцыя пачала ездзіць…

Нягледзячы на ўсё гэта, Аляксандр Фурманаў перакананы, што сын яго прыстойны чалавек, заўсёды быў на баку праўды і ніколі ад гэтага не адступаў.

Суд над Дзмітрыем Фурманавым, Яўгенам Разнічэнкам і Уладзімірам Кнігам блізіцца да свайго фіналу.

Публікацыя – з № 40 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»