Музыкі засталіся без канцэртных пляцовак
Музыкі Лявон Вольскі (злева), Дзяніс Тарасенка (у цэнтры) і Ігар Варашкевіч. Фота: Радыё Свабода

Пра тое, як жывецца музыкам, што падтрымалі пратэсты і засталіся без канцэртных пляцовак у краіне, піша Свабода.

«30-годзьдзе будзе ўвосень»

Рок-гурт «Крама» сёлета адзначыць свой 30-гадовы юбілей, але ў цяперашняй палітычнай сітуацыі, як кажа лідар гурту Ігар Варашкевіч, нічога нельга планаваць, хіба што онлайн. Зрабіць нейкі юбілейны тур з жывымі канцэртамі немагчыма.

«Яго проста не дазволяць. У такім стане «Крама» знаходзіцца ўжо дзесяцігоддзі: то ёсць забароны, то няма забаронаў. Я ўжо ў такім узросце ня тое што не звяртаю на гэта ўвагі, ня тое што стаміўся, а проста раблю сваю справу, – кажа Ігар Варашкевіч. – Я напісаў значна больш песень, чым ёсць у крамаўскіх альбомах. А што мы зараз можам пісаць? У нас былі грошы – мы запісалі альбом. Студыі ў нас няма, на гэта сродкі патрэбныя».

12 траўня адбылася онлайн-прэзентацыя новага альбома гурту «Зацменны блюз». Зрабіць гэта ўжывую ў залі ўлады не дазволілі, не далі гастрольнага пасведчання.

«Прэзентацыя альбома павінна была адбыцца афіцыйна, але гастрольнага пасведчання нам не далі. Таму яе не было, была онлайн. Музыкам, якія бралі ўдзел у дваровых канцэртах, пасведчанні не даюць. У гэтым прычына, – кажа Ігар Варашкевіч. – 30-годзьдзе будзе ўвосень. Да гэтага трэба яшчэ дажыць, якія тут падзеі будуць адбывацца, невядома. Што будзе ўвосень у гэтай краіне, я ня ведаю».

Ігар Варашкевіч кажа, што хацеў бы адзначыць юбілей канцэртам у Беларусі, аднак калі яго не дазволяць, не выключае варыянт выступу за мяжой, хоць пакуль такіх прапановаў няма.

А ці разглядае музыка такі варыянт, каб з’ехаць з Беларусі?

«Па першае, мне ўжо 60 гадоў. Калі б я зʼязджаў з Беларусі, у мяне такая магчымасць была ў 90-я гады, але я ня зʼехаў. Куды, да каго мне зараз зʼязджаць?! Тады я мог застацца ў Польшчы. Тым больш што ў мяне мая пастаўская бабуля полька. Але я не рабіў «карту паляка», я люблю сваю радзіму, я тут жыву. Навошта і куды мне зараз зʼязджаць?»

Цяперашнюю сітуацыю ў краіне музыка называе «дрэннай з гледзішча чалавека, які хоча жыць у іншай Беларусі».

«Не ў БССР калгаснай, а ў свабоднай еўрапейскай Беларусі. У такой краіне і музыку, мастаку будзе лепш жыць».

Ігар Варашкевіч кажа, што цяпер зладзіць выступ немагчыма нават у клубе.

«Калі ўвосень Аляксандр Памідораў спрабаваў прэзентаваць свой альбом, было чалавек дваццаць. Прыйшлі людзі з нейкага РУУС і сказалі, каб усё спынілі, інакш прыедзе міліцыя з аўтазакам. Вось і ўсё».

«Гэта абсалютна дзікія рэчы»

Лявон Вольскі таксама прэзентаваў онлайн свой новы альбом «Трыбунал».

«Нармальных канцэртаў пакуль ня будзе з прычыны таго, што цяпер адбываецца. Мы спрабавалі падаць на «гастрольку», але нам увесь час адмаўляюць, – кажа Лявон Вольскі. – Я і не падманваўся на гэты конт, мне было зразумела, што іх ня будуць даваць «ненадзейным». Наогул цяпер ніхто ня будзе выступаць, бо музыкі (ня толькі рок, але і выканаўцы папулярнай музыкі) масава падтрымалі пратэсты. Таму ў гэтым сэнсе наогул будзе вельмі бедна».

Паводле Лявона Вольскага, «чорныя спісы» музыкаў, якія былі ўведзеныя ў 2004 годзе, фактычна застаюцца. Таму ў радыёэфіры музыкаў з гэтых спісаў пачуць немагчыма. Тэлеэфір наогул закрыты.

«Калі пачыналася нейкая адліга, тады на радыё ставілі нашу музыку ўначы і без указання выканаўцаў. І тады не асабліва адсочвалі. Але калі прыходзяць змрочныя часы, закручванне гаек, тады зноў пачынаецца жорсткае адсочванне, зноў узнікаюць гэтыя спісы. Але яны былі заўсёды».

Паводле Лявона Вольскага, першая хваля ціску на музыкаў была з 2004 па 2008 гады, потым была адліга. Далей з 2010 па 2017 гады таксама нідзе немагчыма было граць, нават у рэстарацыях, бо прыходзілі праверкі, усім пагражалі.

«Гэтую сітуацыю можна параўнаць з забаронай на прафесію. Калі была першая забарона з 2004 па 2008 гады, то яны неяк скрозь пальцы глядзелі на канцэрты ня ў клюбах, а ў рэстарацыях ці кавярнях.

А вось у другую хвалю гэта вельмі жорстка адсочвалася, – кажа музыка. – Цяпер ясна, што тут граць канцэрты не атрымаецца, пакуль гэтая ўлада ёсць. А граць за мяжой немагчыма з прычыны эпідэміі, трэба, каб былі адкрытыя межы. Раней дыктатура была, але былі нейкія адтуліны, праз якія можна было дыхаць, выпускаць пару. Цяпер жа ўсе гэтыя дзіркі замазваюцца бетонам.

Забароны, якія цягнуцца ўжо некалькі гадоў, – гэта абсалютна дзікія рэчы. І з кожнай новай фазай яны больш жорсткія. Тое ж абсурднае паляванне на музыкаў у дварах. Цалкам зачышчаюць усё жывое, што тут ёсць. Гэтая сітуацыя небяспечная, бо ў любы момант можа быць выбух».

«Фактычна мы трапілі пад забарону на музычную дзейнасць у Беларусі»

Музыкаў гурту «Разбітае сэрца пацана» затрымалі ў лютым разам з гледачамі на канцэрце на базе адпачынку «Агеньчык» у пасёлку Сокал Смалявіцкага раёну, яны атрымалі па 15 сутак. Цяпер музыкі зʼехалі ва Украіну. Сярод затрыманых на тым канцэрце быў і Дзяніс Тарасенка.

«Пасля таго як мы ў поўным складзе адседзелі 15 сутак у Жодзіне, мы вырашылі сыграць канцэрты, аднак усе тры гастрольныя заяўкі былі адхіленыя. Фактычна мы трапілі пад забарону на музычную дзейнасць у Беларусі. Таму мы вырашылі зʼехаць у якую-небудзь вольную краіну, дзе мы маглі б займацца творчасцю.У так званую творчую камандзіроўку. Але, на жаль, толькі частка гурту змагла зʼехаць з Беларусі».

Музыкі выбралі Украіну, бо тут няма моўнага бар’еру, шмат сяброў і цудоўныя магчымасці для творчай рэалізацыі, кажа Дзяніс Тарасенка.

«Перспектыва ў Беларусі ў нас адна: скончыць сваё існаванне як творчая адзінка, сядзець і ціха маўчаць у анучку. Усё астатняе караецца».

Дзяніс Тарасенка спадзяецца, што астатнія музыкі змогуць далучыцца да калектыву. Пакуль ён працягвае творчую дзейнасць разам з Паўлам Гарадніцкім.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»