Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У мінскай Серабранцы міліцыянеры затрымалі «майстра на гадзіну», калі ён кіраваўся на выкананне чарговага заказу. Пры сабе ён меў слясарныя інструменты і стос лістовак з рэкламай сваіх паслуг – яны і выклікалі падазрэнне ў «ахоўнікаў парадку». На майстра склалі пратакол, у якім напісана, што мужчына «бегаў па дварах і заклікаў людзей на мітынг». Суд арыштаваў бедачыну на 15 сутак.

Напэўна, чулі сёння ўсе
Пра «жонку на гадзіну»:
У дом утульнасць прыўнясе –
Парадуе мужчыну,
Калі мужчына – халасцяк
І занядбаны дужа.
Аднак часцей бывае так,
Што «на гадзіну мужа»
Завуць няшчасныя жанкі:
Рамантаваць прыборы,
Дзе трэба, забіваць цвікі
І нават вешаць шторы.
А некаторыя прытым,
Як добра ляжа карта,
Разлічваюць і на інтым –
Душой крывіць не варта.
Таму й казаў усім мужык:
– Я – майстар на гадзіну.
На секс намёк пачую, дык
Адразу дом пакіну.
Калі яго ў чарговы раз
Паклікала кабета,
Бадзёра крочыў на заказ
Паходкаю атлета:
Дамоў «капейку» прынясе
І, можа, вып’е ў меру
(З «паловай» грошы пакрысе
Збіралі на кватэру).
У чамадане – малаток,
«Балгарка» і адкруткі…
З яго работы добры толк,
Рамонт заўсёды хуткі.
Пахаладзела ўсё ўнутры,

Бо міліцыянеры
Чамусь туляліся ў двары:
Якія ў іх намеры?
Пра іх даведаўся, калі
Ахоўнікі парадку
К яму ўшчыльную падышлі.
Спыталіся спачатку:
– У чамадане што? Адкрый!
Прыадчыніў ён толькі,
Як анямець прымусіў крык:
– Глядзі: ды там лістоўкі!
І сапраўды: паперы стос
Ляжаў у чамадане.
– Ты бунтарам іх, злыдзень, нёс? –
Ва ўпор было пытанне.
І, так сказаць, пад дых удар:
– Бунтар жа ты таксама!
Зніякавеў зусім «бунтар»:
– Дык то ж мая рэклама.
Вы пачытайце… Раздаю,
Каб мне была работа…
– Ты здзекуешся, маць тваю?!
Каму чытаць ахвота?
Да прыкладу, са школьных дзён
Я не чытаў нічога.
А гэта значыць, ахламон,
У суд табе дарога!
А мо суддзя з «мянтоў» затым,
Так мовіць, віў вяроўкі
(Бо пратакол жа быў пустым),
Як прачытаў «лістоўкі»?
Суддзя таксама не чытач
(Другая ў суддзяў ніша):
Выносіць выракі як бач,
Таму ён толькі піша…

***

– Вось так псуюць народу кроў, –
Пачуў ад адваката. –
Шкада, што мала ў нас майстроў,
Амапаўцаў – багата…

Не мерай доўга

Я колісь жыў без тармазоў,
Таму засвоіў з маладосці:
Пакуль ты мераў сем разоў,

Паспеў ужо адрэзаць хтосьці…

Дасціпная пазнака

На варотах ёсць пазнака –
Кожны злодзей прачытае:
«Асцярожна! Злы сабака!
А ланцуг на ім – з Кітая…»

Публікацыя – з № 39 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»