Генпракуратура Беларусі абяцае мэру Рыгі 12 гадоў пазбаўлення волі
Мэр Рыгі Мартыньш Стакіс замяніў беларускі дзяржаўны сцяг на бел-чырвона-белы

У Беларусі распачалі крымінальную справу супраць мэра Рыгі Мартыньша Стакіса і кіраўніка МЗС Латвіі Эдгарса Рынкевіча. Іх дзеянні кваліфікуюцца як “наўмысныя дзеянні, накіраванаыя на распальванне нацыянальнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці” (ч. 3 арт. 130 КК), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры Беларусі.

Так кваліфікаваная замена чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы на флагштоку ў цэнтры латвійскай сталіцы (у Латвіі праходзіць чэмпіянат свету па хакеі, у якім удзельнічае і беларуская зборная). Сцяг асабіста замянілі мэр Рыгі і міністр замежных спраў, паведамляе “Еўрарадыё”. “Сцяг, які сімвалізуе рэжым, які ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі — таму мы яго знялі!”, — так патлумачыў Стакіс свой учынак.

Справу распачаў генпракурор Андрэй Швед. Ён азнаёміўся з публікацыямі ў СМІ “пра цяжкае злачынства супраць інтарэсаў Беларусі” і прыйшоў да высновы, што “такі здзек над дзяржаўнай сімволікай прынізіў нацыянальную годнасць беларусаў“.

Папярэдняе расследаванне правядзе Следчы камітэт. Стакісу і Рынкевічу ў Беларусі пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля здарэння з чырвона-зялёным сцягам у Рызе Беларусь і Латвія правялі люстэркавую высылку дыпламатаў.

Поделиться ссылкой: