Сяргей Антончык, лідар рабочага руху 90-х і дэпутат Вярхоўнага Савета. Фота: gazetaby.com

Лідар рабочага руху 90-х і дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык даў сваю ацэнку сітуацыі ў краіне і распавёў «Салідарнасці», што можа стаць падмуркам светлай будучыні Беларусі.

“Думаю, што ўсё яшчэ можа быць горш. Зараз у Беларусі ідзе працэс, які ў СССР называўся ўзмацненнем класавай барацьбы. Калі нехта думае, што вось мы апусцім лапкі, супакоімся і на гэтым рэжым супакоіцца – то гэта не так.

Але рэпрэсіі будуць узмацняцца да нейкай рысы, да моманту, калі рэпрэсіі пачнуць з’ядаць іхнюю жыццёвую прастору. Размаўляў з адным міліцыянтам, казаў яму: сёння ад вас малох патрабуе адмовіцца ад сумлення, заплюшчыць вочы на парушэнне закона, незаконныя адміністрацыйныя прысуды. Але прыйдзе момант, калі гэтага будзе недастаткова і на ваша месца прыйдуць больш жорсткія выканаўцы.

Думаю, стаўка будзе рабіцца на людзей, больш схільных да гвалту. Не думаю, што гэты працэс ужо скончыўся.

З часам яны зразумеюць што рэпрэсіі не прыводзяць ні да чаго, а толькі аддаляюць іх ад выканання задач. Лукашэнка не верне легітымнасць рэпрэсіямі. Усё, што яны зараз робяць, – памылка.

Спадзяюся, гэты працэс не зацягнецца: думаю, за два-тры гады мы перажывем у мініяцюры савецкі шлях.

І я не думаю, што Захад выратуе беларусаў ад дыктатуры. У яго няма сур’ёзных магчымасцяў уплываць на беларускія ўлады, няма наўпроставых інструментаў уплыву. Беларускае пытанне можа вырашацца толькі ў Маскве, таму рэжым і дзейнічае без аглядкі.

Былі ж і не такія крызісы ў адносінах з Захадам: і паветраны шар з амерыканцамі збівалі, і паслоў заходніх краін з іх рэзідэнцый у Драздах выкідалі.

Расіі цяперашні крызіс выгадны. Яны сядзяць на беразе і чакаюць, калі труп беларускай незалежнасці прыплыве да іх. Але, спадзяюся, да гэтага не дойдзе.

<…>

Падмурак для нашай свабоды – нацыянальная свядомасць. Мне могуць сказаць: пры чым тут гэта, трэба выходзіць на мітынгі. Але нават пасля змены Лукашэнкі Беларусь можа працягнуць жыць у расійскай імперскай матрыцы, а значыць рэальных зменаў можа не здарыцца.

Пуцін у любы момант можа сказаць: давайце аб’яднаемся – пенсіі павялічацца ў два разы, заробкі на Трактарным будуць удвая большымі. Прапаганду ўключаць на поўную катушку, і людзі пачнуць забываць пра незалежнасць. Хаця бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы: беларусаў могуць часова падкарміць, але пасля здзяруць з нас тры шкуры.

А калі людзі будуць асэнсоўваць сябе беларусамі, размаўляць на беларускай мове, ведаць беларускія традыцыі, то ў іх унутры будзе моцны стрыжань, яны будуць адчуваць сябе нацыяй.

Нацыянальная свядомасць – падмурак для светлай будучыні. Не абавязкова выходзіць на акцыі і падстаўляцца. Пачынайце са сваёй сям’і, вучыце сваіх дзяцей гісторыі, мове, сімвалам, традыцыям і тады ніякая ўлада не зможа нічога зрабіць з нашай нацыяй.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»